Прынцэса. Алег Ждан

Прынцэса. Алег Ждан Звярнуў увагу на гэтую кнігу вось па якой прычыне. Калі правільна, яе трэба даваць у пераклады, бо Алег Ждан (Пушкін) піша на рускай мове. Кнігу пераклаў Алесь Карлюкевіч. Што-нішто з творчасці Алега Ждана мне знаёма, проза аўтара мне падабаецца. І хоць у гэтай кнізе для падлеткаў мяне шкрабануў акцэнт у анатацыі на тое, што адзін з герояў марыць стаць касманатам, я б параіў беларускім пісьменнікам – менавіта ім – звярнуць увагу на тое, што кніга вытрымала два выданні – у 2021 і 2023 гадах. І гаворыць гэта толькі пра адно: літаратура для падлеткаў на беларускай мове запатрабаваная. Тут і цяпер.

Не магу не сказаць два словы пра вокладку. Магчыма, я не ў тэме сучасных трэндаў, але тут нешта ну не зусім сучаснае, як для мяне. Наўрад ці пазнаюць сябе ў малюнку цяперашнія васьмікласнікі. І чаму яны ўсе, дарэчы, такія востраноса-даўганосыя?

В. Г.


Твор з падзагалоўкам «Маленькая аповесць з прызнаннем і загадкай» расказвае пра васьмікласнікаў адной сталічнай школы. Мішка Сідарчук па мянушцы Пельмень закахаўся ў выдатніцу Алёну. Пра гэтую падзею стала вядома не толькі ўсёй школе, але і ўсяму мікрараёну, бо сваё прызнанне «рыцар» напісаў на асфальце пад вокнамі «прынцэсы на бульбіне», а побач намаляваў сэрца. Алёнка падабаецца і Юры – добраму вучню, здольнаму шахматысту.

Міша вучыцца так сабе, але шмат займаецца спортам, рыхтуецца стаць касманаўтам. Неабыякавы да Алёны і Андрэй, ад імя якога вядзецца расповед. І, пасля таго як Мішава прызнанне на асфальце прыбралі работнікі ЖЭСа, ён вырашыў паўтарыць «подзвіг» аднакласніка – намаляваць сэрца пад вокнамі Алёны, прычым на тым жа самым месцы.

У жыцці класа адбываюцца розныя падзеі – радасныя і сумныя. Класная кіраўніца выходзіць замуж, у аднакласніцы Каці памірае мама. «Прынцэса» Алёна не праходзіць кастынг на вядучую тэлеперадачы. Міша Сідарчук разам з бацькамі пераязджае ў Зялёны Луг і пераходзіць у іншую школу. Адметна, што героі аповесці раздумваюць пра сваё будучае, пра тое, хто з іх хутчэй праславіць школу і краіну. На фоне поспехаў іншых рабят у вучобе і спорце захапленне Андрэя – ён піша вершы – падаецца хлопцу не такім ужо і грандыёзным. Але Алёна так не лічыць. Прысвечаны ёй верш юнага паэта дзяўчыне спадабаўся…

Кнігу пераклаў на беларускую мову Алесь Карлюкевіч. Твор зацікавіць падлеткаў – бадай, у кожным восьмым класе знойдзецца свая «прынцэса на бульбіне» і яе верныя рыцары.

Алена БРАВА

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *