Мёд і дым. Марыя Бадзей

Мёд і дым. Марыя БадзейКніжкі чытаю з алоўкам. Люблю прачытваць у адзіны заход – бачыць усе вершы разам. Асцярожна пазначаю ўпадабанае, сумнеўныя месцы, нешта для мяне незнаёмае. А потым, ужо пры паўторным прачытанні, спрабую аналізаваць і дзяліцца “знойдзеным”. Што я накрэсліў у кнізе Марыі Бадзей “Мёд і дым” прапаную глянуць разам… самому цікава.

Але спачатку мушу павініцца перад Марыяй і прызнацца, што з яе творчасцю  быў амаль незнаёмы. Хоць і ведаў пра ўдалыя публікацыі ў часопісе “Дзеяслоў” (прэмія “Залаты апостраф” 2018, за лепшы дэбют) і падборку на Таўбіне (taubinpoetry)… Але так ужо склалася, што грунтоўнае знаёмства з паэтам прывык пачынаць з кнігі.

Першай для мяне нечаканасцю, было пабачыць у якасці  эпіграфа словы Янкі Юхнаўца – “…Мой верш закоўваецца ў нейкую патрэбу верыць”. Юхнавец нарадзіўся ў суседняй для маёй радзіны вёсцы і я даволі часта звяртаюся да яго ў думках, бо ён з’яўляецца героем аднаго з маіх праектаў-даўгабудаў. Вельмі своеасаблівы творца – хтосьці лічыць яго вар’ятам, хтосьці геніем, але ў дадзеным выпадку, цытата зацікавіла, як супадзенне. Эпіграфаў у кнізе шмат.

Далей яшчэ адна неспадзяванка… замест чаканых верлібраў – рэфлексія вершам у прозе, густая як мёд, дзіва, што гэтае слова там і сустрэлася: “…Кветка, каб лічыцца тут кветкай, мусіць мець у сабе жар і быць па-гамераўску віннавокай, як скура вала і мора. Халодныя языкі лістоў аеру, на якія клалі пячы хлеб, і гарачыя языкі полымя ў печы, жар кляновага лісця, агонь у вачах драпежных жывёл, атрутны агонь ягад ландышу, калючы агонь курынага вока. Гарыхвосткі-чарнушкі разносяць полымя на хвастах па галінах, па гнёздах, у неба: захады колеру цёплага мёду і захады колеру гарачай медзі, мядзянкі пад імі звіваюцца і ззяюць у жарстве…” ( “Праяўка”)

Гэты цягучы зачын – удалая кампазіцыйная знаходка, бо патрапіўшы на “Памежжа” (першы раздзел) дыхаецца ў разы вальней, нягледзячы на няпростую паэтыку Марыі.

Узгадаўся верш Алеся Разанава:

Калі ўсё наўколле
я ведаў на памяць,
тады ўзяў у павадыры
незнаёмага чалавека –
і сцежкі скрануліся і павялі
ў невядомасць.

Марыя Бадзей выступае ў ролі гэтага самага “незнаёмага”, які вядзе цябе па наўколлі, якое ведаеш на памяць…

Аб нейкія рэчы ты спатыкаешся:

…Край забытых
Дзвярэй
І забітых
Шыбаў…

…з кукурузных палёў найлепей відаць сузор’і…

…басадуш ды па дне…

…хата ля лесу…

Дзесьці спыняешся сам:

Я чалавек на балоце тваім
І ведаю:
Там, дзе хаваюць стралу,
Уваскрашаюць маланкі…
Ідзеш, а табе паказваюць:

Глядзі, тут вельмі прыгожыя летнія захады.
Глядзі, тут падае снег
І пахне лістота
Так, як нідзе.

І калі ты адсюль, то не можаш з гэтым не пагадзіцца.

Тэксты аўтаркі напоўнены архетыпічнымі вобразамі, але цеста / рошчына ўласнай закваскі. Адпаведна і хлеб выходзіць свой (-скі).

І дасягаецца такі эфект не коштам шматлікіх алюзій і цытат з Шэкспіра і Багдановіча, старажытнай літаратуры, айчынных рок-гуртоў etc., а наяўнасці ў творы асобы, якая і ферментуе сваім я ўсіхныя словы.

…Гаркавыя ружы,
Крывёй абпітыя арабіны…

Валасы – саломы псалмы,
Жніва ўжо час…

Вішня ў жніўні саладзейшая за лукум…

Жанчыны павязваюць хусткі ў лес, як у храм…

…У рэзгінах далягляду
Геніяльныя тэксты
пахаў і шолахаў…

Нам паказваюць, але глядзець мала. Для таго каб пабачыць, тое, што нам хоча давесці Марыя, варта заплюшчыць вочы і даверыцца праважатаму… даверыцца наваколлю – яно само распавядзе, чым ёсць:

…Рабінавай ноччу –
Ноч на мяжы.

Вецце маланак раве…

…пахнеш дажджом горад вады горад сонца…

*

Мой кашмар – гэта сон, у якім
Ружы не пахнуць,
Крапіва не пячэ,
І ты бачыш усё
І не адчуваеш нічога.
І галава баліць.

Цікава, што ў публікацыях, якія можна знайсці ў сеціве, не было вершаў, якімі мне захацелася падзяліцца цалкам. Размова пра тэкст вышэй, які хораша падкрэслівае думку пра “невідушчае” бачанне. А таксама наступны твор, які выбіваецца з шэрагу сваёй формай:

Чарадзей нуды, Мелькіядэс змыслы,
Цырку цар цыганскага, ты, памёршы,
Салаўя схаваў пад язык і трызніш
Пра віхраслупы.

Як цячэ метал залатой ракою,
Як бярэ ў палон скарпіёна джала –
Вочы пілі Азіі зрэнак слодыч
Роспачы чорнай.

Што назваць самотаю прагным волі?
Дождж ішоў так доўга й нам выцер голас,
Ды ў мяшанцы моў старажытных чуем
Гул землятрусаў.

На сцяне цытата не будзе доўгай,
Пакрысе занікнуць усе імёны,
Ды скажы, ці хоць застануцца нашы
Дагератыпы?

А ў наступным вершы чытаем:

…Заўсёды без нас нешта будзе.

і толькі:

…Памяць – мёд паміж пальцаў…

затрымае нешта – абрыўкі ўспамінаў, выпадковыя размовы, цытаты з прачытаных кніжак, перажытае і перамеленае… муку жыцця.

…Лье кроў цурком у чорны снег,
Над вепруком саломы смех.

Смалілі – пахі білі з ног,
І пара з місаў, поўны рог,

І ціха румзаў Бог…

Не ведаю, ці правільна я зрабіў, калі вырашыў распавядаць пра кнігу Марыі Бадзей “Мёд і дым” праз свежыя краслюнкі на палях. Зборнік заслугоўвае большай увагі, чым мой хадульны, павярхоўны водгук і я спадзяюся, што “крытык едкі” знойдзецца, бо паразважаць тут ёсць пра што.

У кнізе прадстаўлены вершы за 2017-2023 год. Напісаныя тут і там, на мяжы і памежжы – вольныя санэты і строгія верлібры, перасыпаныя ўнутранымі рыфмамі і алітэрацыямі.

Пэўна за бегам часу, нават для самой аўтаркі яны адкрыліся наноў і напоўніліся новымі сэнсамі. Цяжка ўяўляю чытача, якога не зачэпяць радкі з твораў Марыі. Не ведаю, якія гэта будуць словы… уласнымі я падзяліўся, свае знойдзеце па прачытанні.

З.Ы.

Мы з сабакам глядзім у люстэрка –

Каго ён там бачыць?

Міхал Бараноўскі

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *