Час знешняй адсутнасці.  Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Прастора, прыдатная для палётаў

У італьянскай мове ёсць адна цікавая і, хіба што, безэквівалентная прыказка: «Niuno è savio d’ogni tempo». На беларускую крылаты выраз перакладаецца прыкладна так: «Ніхто не разумнейшы за свой час». Невядома, ці Аксана Данільчык, для якой Італія — калі не другая айчына, то, прынамсі, духоўна і, напэўна, фізічна блізкая прастора, працуючы над зборнікам «Час знешняй адсутнасці», задумвалася над сэнсам гэтай народнай мудрасці, аднак эстэтычны хранатоп яе чарговай кнігі паэзіі відавочна карэлюе з агучанымі вышэй словамі. Кніга атрымалася сапраўды сучаснай, надзвычай сугучнай усім актуальным працэсам — ад сацыяльна-культурных да літаратурна-мастацкіх.

Пра адпаведнасць менавіта сённяшнім, а не ўчарашнім і заўтрашнім рэаліям сведчыць нават рамачны тэкст з інфармацыяй пра месца выдання і каманду адмыслоўцаў, што дапамагалі ў падрыхтоўцы і выданні кнігі, як і аскетычны мінімалізм дызайну вокладкі з прыцягненнем увагі да ключавога слова «час» — дамінантнага матыву зборніка і асноўнага паказчыка, з аднаго боку, дынамізму, няспыннага руху творчай свядомасці Аксаны Данільчык, а з другога — нестабільнасці яе мастацкай сістэмы.

Зрэшты, галоўнай прычынай гэтай няўстойлівасці выступае ні што іншае, як «хісткасць навакольнага сусвету». Гэтую «хісткасць», непазбежную «Дваістасць вераснёўскага паветра, // што рухалася і змяняла далеч», паэтка ўспрымае належным для творчай асобы чынам: як «мастацтва жыць у іншым вымярэнні». Заўважым, некалі такому мастацтву былі вымушаныя вучыцца беларускія і польскія пострамантыкі — Адам Аснык, Францішак Багушэвіч і іншыя аўтары, якія ўдзельнічалі ў Студзеньскім паўстанні 1863–1864 гг. і ўспрынялі яго паразу як уласную трагедыю, у выніку чаго рассыпаліся іх колішнія ваяўнічыя рамантычныя ідэалы, а ў паэтычнае светаадчуванне глыбока пранікла пачуццё меланхоліі. Падобнай мастацкай візіяй Аксана Данільчык надзяляе многіх сваіх лірычных герояў. Ёсць гэта і ў адным з праграмных вершаў, радкі з якога даюць назву ўсёй кнізе: «Час знешняй адсутнасці — // калі ўсё, здаецца, нармальна, // але нікуды не хочацца // бегчы, спрачацца, прысутнічаць». Аднак добра, што час ёсць. Яго прысутнасць ужо сама па сабе, нават пры знешняй адсутнасці героя-наратара, дорыць надзею на лепшае, бо жыццё ідзе, рухаецца наперад, падштурхоўвае да пошуку «свайго месца», таго «пачэснага пасаду», пра які марыў яшчэ Янка Купала.

Вядома, усяму свой час. Гэтай біблейскай ісціны з Кнігі Эклезіяста (Экл 3, 5) трымаецца і аўтарка кнігі «Час знешняй адсутнасці», хоць і раскрывае старадаўні сэнс па-свойму, па-сучаснаму, але разам з тым па-майстэрску і па-беларуску:

Ёсць час сядзець на камянях,

некалі раскіданых

і некалі сабраных

дзеля таго, каб было сваё месца

ўглядацца ў светабудову.

Можна неаднойчы пераканацца, што мастацка-эстэтычны хранатоп Аксаны Данільчык, маючы цалкам беларускую прыроду і аснову, сягае па-за межы нацыянальнага культурнага канону. Найперш — у Італію, радзіму вялікіх майстроў слова, напрыклад, Петраркі, які робіцца нават героем аднаго з вершаў («Калі Петрарка пра самотнае жыццё…»), альбо Джакамо Леапардзі, чые радкі сталіся эпіграфам да верша «Маяком на ўзбярэжжы аблокаў начных…». Гэтая краіна, зрэшты, не такая ўжо і далёкая, прынамсі, для гераіні верша «Перакладаючы Кампану» (тут, як і ў многіх іншых творах, постаць наратара цалкам супадае з асобай паэткі), якая прызнаецца: «З-за дзвярэй я чую італьянскую гаворку — // вось ён, непараўнальны каларыт // майго жыцця». Даволі блізкім для Аксаны Данільчык, як, дарэчы, для добрага дзясятку іншых сучасных аўтараў, аказаўся і шведскі Готланд, уражанні ад якога ўвасобіліся ў пяшчотныя, з лёгкім флёрам эратызму, паэтычныя радкі (верш «Вецер з Готланда»), дапаўняючы ўжо даволі немалы цыкл беларускіх літаратурна-мастацкіх прысвячэнняў гэтай выспе ў Балтыйскім моры:

Вецер з Готланда,

вецер, як музыка,

непрыкметна

расшпільвае гузікі…

Маюцца ў кнізе і другія паўночныя вобразы і матывы, навеяныя, напрыклад, старажытнымі саамскімі казкамі, а таксама творчасцю сучаснай нарвежскай пісьменніцы Хеге Сіры. Увядзенне ў беларускую мастацкую парадыгму запалярнай экзотыкі, вядома, здольнае заінтрыгаваць нават самага дасведчанага чытача, але аўтарская задума палягае ў іншым: паказаць анталагічную знітаванасць прадстаўнікоў усіх народаў, усіх насельнікаў свету, незалежна ад іх геаграфічнай, культурнай, ментальнай лакацыі. Вось чаму вобраз Аканійдзі, гераіні фіна-ўгорскай міфалогіі, гэтак гарманічна ўпісваецца ў беларускі кантэкст:

Аканійдзі, маці сваёй дачка

…слабасць чужая сілу тваю забірае

сквапнасць чужая звязвае горш за кайданы…

Аканійдзі, маці сваёй дачка

…толькі ўсё роўна сонечны промень

непадуладны памкненням зласлівым…

Літаратурны касмапалітызм, характэрны для зборніка «Час знешняй адсутнасці», праяўляецца не толькі ў выкарыстанні экзатычных сродкаў мастацкай вобразнасці. Некаторыя творы кнігі ўступаюць у адмысловае сумоўе з іншымі культурнымі і эстэтычна-вербальнымі традыцыямі дзякуючы цытатам сусветна вядомых аўтараў, узятых альбо як эпіграф, альбо змешчаных унутр вершаў у якасці адкрытай рэмінісцэнцыі. Так, «суразмоўцамі» беларускай паэткі сталі Эміль Мішэль Чаран і Хорхе Луіс Борхес, Чэзарэ Павезэ і Іосіф Бродскі, Уільям Сомерсэт Моэм і Аляксандр Блок. У гэтым Аксана Данільчык нагадвае Максіма Багдановіча — нашага першага паэта-касмапаліта, які шчодра аздабляў свае творы эпіграфамі прадстаўнікоў рускай, французскай, італьянскай, нямецкай, польскай і беларускай літаратуры, наладжваючы тым самым масты паміж айчыннай культурай і астатнім светам.

Паэтычная геаграфія кнігі «Час знешняй адсутнасці» часам здзіўляе празмернай канкрэтыкай, аднак аўтар свядома ідзе на такі крок, слушна абгрунтоўваючы ўвядзенне гэтага мастацкага прыёму рамантычнай ідэяй захавання гістарычнай і культурнай памяці:

Я занадта канкрэтызую, так?

Так, бо раптам нехта забудзецца,

і краявід стане настолькі абстрактным,

што больш не будзе мець значэння

ні месца, ні мясцовасць…

Адметна, што ў паэзіі Аксаны Данільчык памяць не становіцца мастком паміж мінулым і будучыняй, але арганізуе ўласную «часапрастору», актуалізуючы найважнейшыя прынцыпы чалавечай экзістэнцыі: любоў да Бога, да Айчыны, да іншых людзей — далёкіх і блізкіх. Менавіта гэтыя прынцыпы напаўняюць жыццё праўдзівым сэнсам, нават тое жыццё, якое «ўсе паэты выдумляюць», — мастацкі свет асобнага верша, паэтычнага цыклу альбо цэлай кнігі, у нашым выпадку — зборніка «Час знешняй адсутнасці», дзе кожны радок чарадзейным чынам далучае да «прыгажосці, разлітай // у празрыстай азёрнай вадзе, // у знаках на нашым шляху, // у нашых жаданнях…». Далучанасць да красы акурат і стварае адчуванне, «што Бог // час ад часу гладзіць нас па валасах…». Хаця, вядома ж, добры Пан Бог робіць гэта пастаянна, асабліва ў час нашай знешняй адсутнасці — ненаўмыснага (альбо і знарочыстага) дыстанцыявання ад веры, надзеі, любові, суперажывання. Адолець названыя вяршыні не проста, бо кожны з нас можа раптам адчуць: «цяпер маё крылле — вітраж з выбітымі // шкельцамі». Хочацца, аднак, спадзявацца, што паэзія Аксаны Данільчык, нягледзячы ні на што, назаўсёды застанецца прасторай, «спрыяльнай для палётаў уяўлення», прычым аднолькава прыдатнай як для яе самой, так і для чытачоў.

Анатоль Брусевіч, “Наша вера”, 2024, № 1, с. 46 – 47.
Наша вера


Майстэрства пераказу

Калісьці мяне вельмі ўразілі замкі ў стылі готыкі з востравугольнымі аркамі і стральчатымі вокнамі. Так, у першых паэтычных зборніках менавіта гатычны стыль характарызаваў творчую манеру Аксаны Данільчык у стварэнні верша. (А “готыка – гэта стыль сярэдневяковай заходнееўрапейскай архітэктуры, які характарызуецца лёгкасцю канцовых збудаванняў стральчатага скляпення, багаццем рознакаляровага шкла і скульптурных арнаментаў”).

Безумоўна, Аксане дадзена лёгкасць у “будаўніцтве” твора, аднак у апошніх паэтычных кнігах праявіліся іншыя тэндэнцыі: павышаная ўвага да дэталі, дробязі, сімвалаў і архетыпаў (сонца, вады, сонечных промняў, сонечнага цяпла, каранёў і кроны і многага іншага), жаданне перадаць лірычнае перажыванне праз квяцістыя перапляценні эпітэтаў і параўнанняў, усхваляванасць, момант зліцця “я” і “не-я” – праз высакапарнасць тропа. Асаблівая эмацыянальнасць аўтаркі ўвасобілася ў метафарычнай разнастайнасці. Мудрагелістыя арнаменты (паэтычныя тропы і фігуры) не абцяжарваюць вытанчаную структуру мастацкай карціны, але іх становіцца ўсё болей.

Багацце “мастацкага дэкору” адлюстроўваецца ў насычаных вобразна-выяўленчымі сродкамі радках як увасабленне яшчэ аднаго – барочнага стылю. Готыка і барока суіснуюць разам у творчым самаздзяйсненні Аксаны Данільчык. Думка, перададзеная з дапамогай разнастайных мастацкіх сродкаў (а таму вельмі важкая, “шматпавярховая”, ускладненая ўвагай да дэталяў) не кладзецца цяжарам у тканіну твора, яна ірвецца, нібы востраверхія шпілі, у бязмежную прастору і таксама нясе ў сабе вынікі шматгадовай абдуманасці, глыбіні.

З аднаго боку – востраверхія шпілі, з другога – адкрытая прастора з адначасовай рэльефнасцю і маляўнічасцю выказанай думкі, перададзенага перажывання. Як у архітэктуры сутнасць барока трымаецца на актыўным узаемадзеянні архітэктурных аб’ёмаў з навакольнай рэчаіснасцю, так і ў творчасці Аксаны Данільчык пошук ісціны адбываецца праз ўзаемадзеянне лірычнага “я” з рэчаіснасцю. Яна імкнецца абжыць свет прыроды, свет людскіх дачыненняў і праз гэта абжыванне ўзбагаціцца духоўна і душэўна. А потым гэтым багаццем падзяліцца з чытачамі. Маё адчуванне аўтаркі як рэфлексуючага эматыва з барочна-гатычным светаўспрыняццем сцвердзілася яе новым зборнікам “Час знешняй адсутнасці” (Skaryna Press, 2024) і прымусіла задумацца аб тым, што яна зможа здзівіць нас іншымі стылёвымі пераўвасабленнямі.

Так, наваколле ў многім кіруе настроямі гераіні і ў сваю чаргу настроі прадвызначаюць асаблівасці светаўспрымання. І як вынік названага ўзаемаабарачальных пераходаў – кагнітытыўныя метафары (кшталту “пакінуць ноту святла, якая будзе паўтарацца”, “каб сказанае стала набыткам вуліцы, дажджу, дарогі, агнёў”, “мажлівасць рухацца па часе без спланаванага маршруту”, “шлях разгортваецца ў часе да абсалютнасці спакою” і многія іншыя), бо працэсы самаўсведамлення, пошукі ўласных каардынат у быцці суправаджаюцца глыбокай рэфлексіяй, пагружэннем у сутонне думак-перажыванняў-эмоцый, з якіх, нібы з марской пены, нараджаюцца творы-філасафемы.

У Аксаны Данільчык мы таксама ўбачым шмат прадметна-рэчыўных метафар і параўнанняў, якія абумоўлены свядомай “побытавасцю” светаўспрымання, калі дэталь набывае функцыі дакладнага эксплікатара выказанай думкі, перададзенага настрою ці перажывання, кшталту“дрэвы выгінаюцца быццам гімнасты пад посвіст дзікі”, “нягнуткія галіны як пратэзы нязграбна ўзмахвалі зялёнымі сцягамі”, “травінка гайдаецца як метраном палудневым ветрам”, “мора пагайдае сасну і выкіне непатрэбным успамінам”.

Часта метафары настолькі глыбокія і шмат’ярусныя, што ўяўляюць сабой самастойныя завершаныя міні-выказванні ўнутры верша, напрыклад, “Як перакласці смерць на іншую мову? / Смерць тут на мову там?” у вершы “Перакладчык”. Увогуле, у зборніку “Час знешняй адсутнасці” шмат твораў з адкрытай структурай і адкрытымі для дадумвання тэзамі. Паэтэса нібы вядзе даўні дыялог з чытачом-інтэлектуалам, які ўслед за ёй абжывае розныя мацярыкі і кантыненты, рэаліі культурнага і сацыяльна-палітычнага жыцця іншых краін у розныя стагоддзі, аднак галоўнай крыніцай натхнення застаецца родная Беларусь.

Вершы “Каранаваная вясна”, “Харон”, “Суіснаванне” і інш. – гэта наратыўная паэзія, у якой аўтарка не толькі транслюе пэўныя думкі, але перадае іх праз форму расповяду. Безумоўна, тут няма наратыва прозы, але ўзнавіць пэўную сюжэтную лінію з аўтарскіх выказванняў мы можам. Аўтарка лёгка пераходзіць з адцягненых абстракцый, рэфлексій і медытацый да сюжэтных твораў або да ланцужку выказванняў, якія ўтвараюць ўнутры вершаў своеасаблівыя сюжэтныя лініі, яна часцей унутры твора, чым па-за яго межамі, звонку, і гэта дае ёй магчымасць паўставаць у мностве лірычных “я”, з якіх і складаецца “я” аўтара. Нам было б нецікава сустракацца ў кожным вершы са статычным аўтарам, мы чакаем дынамікі ў яго творчым пасталенні, новых і нечаканых вобразаў, а разам з гэтым і адкрываем новае ў Асобе Творцы.

Давайце паглядзім на зборнік Аксаны Данільчык “Час знешняй адсутнасці” з пазіцыі наяўнага і набытага, яе ўласнай традыцыйнасці і наватарства. Што захавалася ў яе паэзіі ў якасці канстантнага, сэнсавызначальнага, індывідуальна-аўтарскага? Важнай рысай мастацкага метаду Аксаны я назаву вернасць гармоніі ў жыцці, прыродзе, суразмернасці і ўзаемазалежнасці жывога і нежывога. Аўтарка нібы пастаянна шукае кропкі судакранання космасу душы чалавека і сусвету, што выяўляецца ў імпрэсіяністычных карцінах з ўвасобленымі ў іх размаітымі настроямі, інтэлектуальна-філасофскімі сілагізмамі з адлюстраванымі ў іх пошукамі сэнсу быцця.

Апошнім часам у гэтую мастацкую плынь прыйшоў штыль і прынёс з сабой глыбокую рэфлексію, з’яднаную з сузіраннем медытацыю, выхад на экзістэнцыйны ўзровень самаасэнсавання з філасофскай дамінантай у светапоглядзе. Філасофская глыбіня, экзістэнцыяльнае мысленне, характэрныя А. Данільчык, – своеасаблівы канон самаздзяйснення ў творчасці, і ў гэтым зборніку аўтарская экзістэнцыя пазітыўная, светлая, не зважаючы на наўянасць вобразаў смерці, разбурэння, завядання. Радасць ад быццам бы наноў адкрытага быцця, захапленне прыроднымі дарамі, здзіўленне ад адчування, што ты і ёсць часцінка вялікага сусвету дазваляюць паглядзець на лірычную гераіню як на творцу-эматыва з вектарам ад самапазнання да ідэнтыфікацыі ў рэаліях ХХІ ст. І ўсё ж устойлівым па сутнасці і рухомым унутры кампанентаў застаецца прынцып узаемадзеяння вобразаў у межах паэтычнага выказвання: і ў гэтым зборніку мы бачым шмат тропаў і фігур з новымі, нечаканымі сувязямі з’яў, прадметаў, падзей, якія і прыцягваюць нас, чытачоў, сваёй нетрывіяльнасцю, эксклюзіўнасцю, а таксама прымушаюць спасцігаць рэчаіснасць у невядомым раней абліччы.

Аксана Данільчык – гэта паэтэса-інтэлектуалка, перакладчыца, даследчыца беларуска-італьянскіх літаратурных узаемасувязей – чалавек шырокага кругагляду. У вялікай колькасці вершаў Аксаны Данільчык адлюстраваны суб’ектыўныя адчуванні, мімалетныя ўражанні і зменлівыя настроі, што, здавалася б, увогуле характэрна для жаночай паэзіі. Але яе мастацкі стыль не пераблытаць з іншымі.

Святлана Калядка

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *