Зачараваны скарб. Іна Снарская

Гэта кніга зацікавіла мяне па некалькіх прычынах. Першая – яна была ў кароткім спісе Гедройца-22, перамогшы Уласенку, Хейдараву, Андзілеўку, Латышкевіч, Харытанюк і Абламейку… Другое – адзіная аўтарка, здаецца, была прадстаўлена як “сябра Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (ранейшы СБП)” (ага, я таксама ўразіўся). Трэцяе – мяне зацікавіла антацыя і водгукі-паведамленні на сайтах

Сустрэў вось такое.

«Зачараваны скарб» Іны Снарскай  –гэта падарунак памяці, спроба вярнуцца ў першародную чысціню, ранішнюю свядомасць, тое шчырае захапленне светам, любові да ўсяго жывога, у тое «ах», «няўжо», «гэта ж трэба».  Як добра даросламу чалавеку ўспомніць сябе маленькім, нібы на машыне часу перанесціся ў дзяцінства! Кожны аповед – ключ. Кніга пэўнай мераю аўтабіаграфічна, але гэта не традыцыйныя ўспаміны, не эсэ, не апавяданні ў звычайным разуменні, а сінтэз усяго гэтага. Тут жывуць родныя, суседзі, сябры з вёсак маленства аўтаркі на Полаччыне. Кожная гісторыя напісана сэрцам, з вялікай любоўю да сваіх герояў. У кнігу ўвайшла і невялікая дакументальная аповесць «Мама», дзе можна пазнаёміцца з добрымі, шчырымі людзьмі, іхнім няпростым шчасцем. Магчыма, нейкай душы на небе ад гэтага стане трохі лягчэй.

Спасылку ставіць не буду.

Калі сустракаю словы “пісалася сэрцам”, чакаю не самага лепшага. Ну і мяккае ацэначнае – “спроба”. Да таго ж у маім разуменні сінтэз – гэта хутчэй не новы жанр, а трохі апрацаваныя нататкі.

І пасля прачытання, кажу: так, гэта менавіта спроба. А больш нагадваюць чарнавыя запісы для вялікай, звязнай аповесці. Ці хай і рамана – тут хапае матэрыялу.

Зірнуў на звесткі пра аўтара. Для мяне важным падалося тое, што Іна Снарская працуе ў дакументалістыцы. Яна – профі. І мне гэта ўсё патлумачыла. Галоўнае: чаму кніга напісана такой сухой, публіцыстычна-газетнай мовай. Правільнай аж зубы зводзіць. З мноствам штампаў, што ў дыялогах, што ў думках.

Вось вам вясковая бабуля, хай сабе і шляхцянка ў крыві. І вось яе мова:

Дзед твой верыў, што ў кожнай расліны – свой непаўторны характар, што ў дрэваў можна навучыцца мужнасці і цярпенню.

Людзі ачарсцвелі цяпер душой, дрэваў не чуюць, бо занадта ў іх цяжкія думкі. Злосць, зайздрасць, сквапнасць робяць думкі цяжкімі, і тады людзі не бачаць ні лесу, ні зорак, ні нават радасці ў сваім уласным жыцці…

Не атрымалася нейкага цэльнага палатна. Я блытаюся, хоць малюй на паперцы, дзе ёсць хто і каму кім даводзіцца. На нешта акцэнтуецца ўвага, нешта ледзь кранаецца і – забываецца. Да прыкладу,  ёсць адчуванне нейкай трагедыйнасці ў адносінах бацькоў, чытаем пра сваркі, пра тое, што дзіця часцяком у бабулі. Але – ніякіх тлумачэнняў. Ці вось яшчэ кавалак:

Агульнае гора нас з братам не аб’яднала, а развяло. Па брату няшчасце ўдарыла мацней – тата памёр на яго руках. Магчыма, пасля гэтага нешта сапсавалася ў яго свядомасці, зламалася, як пластмасавая лялька… А цяпер… нават на могілкі перастаў ездзіць… Мой родны, дарагі брат, мы старэем, але з кожным годам аддаляемся ўсё больш і больш. Ужо амаль не чуем адно аднаго…

Як на мой розум, з гэтага кавалка льга б было зрабіць поўны драматызму, псіхалагічны эпізод.

Тым больш, будзе пра тое, як хацела малая дзяўчынка браціка, як зразала качаны капусты і выразала з іх (крадком, канешне) храпкі, бо так маці сказала: будзеш есці храпкі, народзіцца брацік. Цяжка паверыць, каб пяцігадовая дзяўчынка так валодала сцізорыкам, але хай сабе… Але чаму і што адбылося?

У нешта проста не верыцца. Напрыклад, у вось такое:

– Мама, гэта я вінавата, я! Рыбкі захварэлі вірусам суму…

Няблага так – пра вірус ведаць…

Вось яшчэ:

“Гэта ад стрэсу, – патлумачыў дзядзька Йван, – бо першыя роды”. Я не ведала, што такое стрэс,

А дзядзька ці ведаў тады гэтае слова? Не верыцца, каб ветэрынар так пра карову казаў: ад стрэсу малако прапала…

… У майго бацькі поўны мех розных легенд і казак, аж дух захоплівае, калі ён нешта расказвае. Усе гэтыя замкі і зачараваныя скарбы, якія праваліліся пад зямлю,

Дык каб паслухаць якую! Усяго дзве і сумна-падобныя: царква пад зямлю, замак – туды ж…

Дзіцячая малітва – прабачце, занадта дарослая і складная.

Ёсць вельмі страшны па сваіх акалічнасцях момант: раскулачванне. Але і тут вось гэтая публіцыстычнасць, газетная мова, шаблоны проста балюча робяць. Сам малюнак напачатку: раскулачваць прыехалі, то гэта

жанчына ў чырвонай касынцы і двое мужчынаў у скураных куртках.

Ці вось такі актывіст

што дзяўчынка бачыла перад тым, а найперш люты, прыгожы твар з блакітна-вадзяністымі вачамі…

Далей… Далей павінна б была быць нейкая жахлівая карцінка, але цалкам арганічнай яна не атрымалася. Можа яшчэ і таму, што расказаная яна не гераіняй, а аўтарам, і нават уздыху гераіні тут няма. Але вінавата больш тая самая публіцыстычнасць: героі думаюць і прамаўляюць словамі аўтара.

Увогуле, паўтаруся, у невялікай кнізе вельмі шмат матэрыялу, з якога льга зрабіць вялікую і дыхтоўную кнігу. Пра свой род – праз гады і выпрабаванні. І будзе зразумела ўрэшце, што мы маем перад сабой.

Пры ўсім. Ёсць моманты, якія зроблены па-майстэрску, атрымаліся шчырым, непасрэднымі. Запамінальнымі. Вось на лаўцы дзед з дзяўчынкай. Аднаногі. Чакае сваю ўнучку – раптам прыедзе на аўтобусе, дык каб пабачыць. Увогуле, трагедыя менавіта гэтай сям’і, дзе ачмурэў дзед ад кахання (праўда, яшчэ будучы маладым), і ачмурэнне тое не прайшло з гадамі, – вось дзе гісторыя…

Усё быццам на месцы, і ўсё да ладу.  Мне бачыцца ў кнізе вялікі патэнцыял. Але тое што ёсць, пры тым, што магло б атрымацца з такой фактуры, мяне ніяк не задавальняе. Мне падаецца, аўтарка паспяшалася з публікацыяй. Унутраныя адсылкі з аднаго канца тэксту ў сярэдзіну ці другі канец гавораць аб неабходнасці жыць у супольніцы усім эпізодам, кожнаму аповеду…

В. Г.

One thought on “Зачараваны скарб. Іна Снарская

  1. Ёсць такі метад у псіхалогіі – паглыбленне ў дзяцінства, калі пацыент усё далей і глыбей дае нырца ў свае ўспаміны, каб знайсці карані сучасных праблемаў і абавязкова пры гэтым робіць нататкі. Кніга Іны Снарскай – гэта і ёсць такі дзённік успамінаў, такое паглыбленне ў мінулае. Жывыя яшчэ бабулі з дзядулямі, бацькі зусім маладыя, а сама аўтарка – малая дзяўчынка. Камусьці, хто правёў сваё маленства ў бабулінай вёсцы, напэўна, будзе прыемна вярнуцца туды. Мне чамусьці не адгукнулася, а сучаснай моладзі ўвогуле гэтыя лазні, калодзежы, куры з парасятамі і вясковыя могілкі будуць незразумелыя. Няма таго, што раньш было…
    Як практыкаванне для пачынаючых псіхолагаў, матэрыял цікавы. А як мастацкі твор, прабачце, слабавата неяк выглядае. Больш падобна да допісаў у сацсетках, толькі без здымкаў. Мне не хапіла маляўнічасці, драматычнасці і ўвогуле, кніга здалася недапісанай.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *