Белы саван. Антанас Шкема (Сяргей Шупа)

 Белы саван. Антанас Шкема (Сяргей Шупа)Кніга пісьменьніка-эмігранта Антанаса Шкемы належыць да найзначнейшых твораў сучаснай літоўскай клясыкі. Аўтар адкрыў літоўскай літаратуры браму ў свет, вызваліўшы яе з палону рэалізму. Падзеі ў кнізе адбываюцца на некалькіх узроўнях — апавядальнік працуе ліфцёрам у нью-ёрскім гатэлі і перажывае пачуццёвую драму, паралельна з біяграфічных нататак аднаўляецца ягонае жыццё на фоне гісторыі Літвы першай паловы ХХ стагодздзя, а таксама раскрываецца ягоны ўнутраны сюррэалістычны сусвет, сатканы з філязофскіх развагаў і літоўскага фальклёру.

З анатацыі


Я не заўважыла, як прачытала “Белы саван”. Не, не праглынула кнігу за вечар ці два: чытала, напэўна, два тыдні, робячы паўзы, усвядомленыя і вымушаныя. Але я ўсё адно не заўважыла, як прыйшла да апошніх старонак.

📔 Тэкст кнігі шчыльны, глыбокі, паэтычны. Насычаны цытатамі, узгадкамі іншых творцаў і твораў, літоўскім фальклорам.

👨 Галоўны герой – Антанас Гаршва – працуе ліфцёрам у адным з гэтэляў Ню-Ёрку. На дварэ сярэдзіна 20 стагоддзя, пэўны час пасля другой сусветнай вайны. Хто такі Антанас Гаршва і як ён, літовец, апынуўся ў Амерыцы, мы дазнаёмся вельмі паступова. Пераважна праз успаміны самога Гаршвы. Ён расказвае пра сваё літоўскае дзяцінства, маці і бацьку, пра вучобу ў Коўне, пра першых каханак, першыя паэтычныя спробы, катаванні НКВД і псіхічныя праблемы пасля іх, пра тое, як апынуўся ў пасляваеннай Еўропе і жыў у лагеры для перамешчаных асобаў недзе ў баварскім полі.

Паралельна разгортваецца ўжо амерыканская гісторыя рамантычных стасункаў з Элянай – замужняй літоўкай, былой настаўніцай гімназіі. Эляна закаханая ў Вільню і жыве ўспамінамі пра яе.

Усё гэта туга спавіта ў даволі невялікі тэкст – раман мае крыху больш за 200 старонак. Пад канец ён становіцца ўсё больш ірваны, фрагментарны, поўніцца цытатамі і паэтычнымі радкамі. Дачытваць было складана і магчыма я паспяшалася, трэба было раздзяліць апошнія старонак 30 на некалькі падыходаў.

📝 Разуменню кнігі добра спрыяе паслямоўе перакладчыка Сяргея Шупы і каментары. У паслямоўі сцісла расказваецца пра жыццёвы шлях Антанаса Шкемы і пра тое, што аўтар і галоўны герой кнігі не проста тёзкі: шмат у чым “Белы саван” – аўтабіяграфічны тэкст.

✨ Мне вельмі хочацца параіць кнігу ўсім, але разумею, што чытанне гэтае не будзе простым. Калі вы любіце мадэрнісцкія тэксты, – тужлівыя, глыбокія, складаныя, – то раю. Калі вы цяпер у Літве – таксама раю, бо, нават напісаная ў Амерыцы ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, гэтая кніга прыадчыняе дзверы ў літоўскую душу. Мне, якая цяпер у Вільні, хочацца знаёміцца з літоўскай літаратурай, і я ўдзячная Сяргею Шупу, што ён яе перадае на беларускую.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *