Вандроўка ў Чыкага. Язэп Палубятка

Вандроўка ў Чыкага. Язэп ПалубяткаГэта амаль дакументальная аповесць. Той, хто ведае атачэнне аўтара па жыцці, лёгка пазнае ў большасці герояў абсалютна канкрэтных дзеячоў беларускага “дэмакратычнага” руху 90-х гадоў 20-га стагоддзя. Аўтар быў удзельнікам гэтага руху і гэтай вандроўкі, а таму яму можна верыць больш, чым самім прататыпам, якія будуць казаць, што было трохі не так.

У адрозненне ад першага тома да другога аўтар прадмову напісаў вельмі кароткую: “Чытач заўжды перш, чым чытаць напацколенае пісарам, імкнецца сэнс тае пісаніны знайсці ва ўступе. А мой уступ будзе кароткі і такі:

Амерыка – чужая нам краіна,
А там, куды ні плюнь,
У суродзіча патрапіш,
А ён пашле цябе на … радзіму
І смачна плюне ў тваё рыла.”

“Неспадзяванка! Такое бывае толькі раз у жыцці”, – фантастычныя мроі тлумілі розум чалавеку. Андрэй Міклашэвіч з маленькага мястэчка М. да самага апошняга моманту, нягледзячы на тое, што ўжо меў на руках пашпарт з візаю, не верыў, што яму пашанцавала паехаць у Амерыку, у горад быдлазабойцаў, ганстараў, мафіі – Чыкага. Толькі ў дзень ад’езду ўпэўніўся: “Абламалася Яе Вялікасць халява!”. Ён несупынна хадзіў па пакоі, пераступаў спакаваныя валізы, дзе ў самых патаемных месцах былі схаваны некалькі лішніх ад дазволу правозу пляшак гарэлкі..”.

Аўтар не прасіў рабіць рэкламу яго кнігам, але добра пасмяяўшыся над першымі дзвюмя паведамляем, што яшчэ сёлета павінен выйсці 3-ці том “Сатырычнай гісторыі Беларусі”, які будзе называцца “Дуралесіца”. “Дуралесіца” ў свой час друкавалася ў “Нашым слове”, але хто цяпер тое памятае?

Яраслаў Грынкевіч


У гэтай кнгігі ёсць падзагаловак: іранічна-праўдзівая аповесць.

Іроніі якраз я пабачыў мала, а лепш сказаць, зусім не пабачыў. Затое сатыры – цераз край: з’едлівай, не скажу, што не дасціпнай. Зрэшты, аўтар – не маладзён, пісаць ён умее. Пісаць сатыру.

Магчыма, маё меркаванне некаму падасца няправільным (хай будзе – патрыярхальным), але лічыў і лічу, што ёсць рэчы, на якія нельга ў мастацтве глядзець у іранічна-сатырычным ракурсе. Іначай гэта будзе пасквіль. У выніку на выхадзе гэтай аповесці мы маем, бадай, адну станоўчую карцінку: стрымаў чалавек слова і ўпарадкаваў магілу. Патраціўся. Хоць мог бы гэтага і не рабіць. Менавіта такое заканчэнне для мяне неяк ратуе ў маіх вачах тэкст.

Што тычыцца непасрэдна гэтай “іранічна-праўдзівай аповесці”. Першае, як заўсёды, тэхнічнае: карэктура неахайная. Хапае і памылак, хапае памылковай перадачы мовы героя і пераходаў да мовы аўтара.

Слабым падаўся тэкст і з літаратурнага боку: цэльных вобразаў не атрымалася, увесь час блыталіся на старонках героі, і толькі галоўны трымаўся ў цэнтры, можа, з-за свайго больш частага ўжывання імя. Няма як такога сюжэту: вось група прыехала і пачаліся дні “навучання дэмакратыі”. Няма ніякага ўнутранага рухавіка, якім мы часта прызнаем хоць самы кволы канфлікт ці інтрыгу. Гэтакі дзённік, дзе галоўнае круцілася між гарэлкай ды ежай.

Агулам жа карцінка атрымалася такой: прыехала група беларусаў у Амерыку, каб піць і трахацца. Гэта адзінае, чым яны шчыра былі зацікаўлены ўсе, як, дарэчы, і іхнія куратары, суайчыннікі, як выявілася. Што праўда, аўтар паказаў нам і распусны захад з галоднымі на сэкс амерыканкамі, якіх мужы мусяць задавальняць парнушкай.

Я чую контраргумент: аўтар напісаў амаль што дакументальную рэч, вось хіба іроніі дадаў. Бо ж “так і было”. Але, сябры, у жыцці так шмат чаго, што было папраўдзе! Ды толькі ці робіцца яно літаратурай, будучы занатаванае на паперы у выглядзе: хадзіў-гаварыў-піў-еў-глядзеў-трахася-піў-еў-трахаўся-піў?

В. Г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *