Прадчуванні. Васіль Жуковіч

Прадчуванні. Васіль ЖуковічДоўга вагаўся: ці трэба мне пісаць свае думкі наконт гэтай кнігі? Аўтар – у паважаным узросце, унёсак ягоны ў беларускую літаратуру відавочны. І бэсціць ягоную мо і апошнюю кнігу – ці варта?  Бэсціць, увогуле, можна любую кнігу, ідэальнага не бывае. І ўсё ж я пішу свой водгук, а пра прычыну – пазней.

У анатацыі пазначана: малы жанр інтымнага зместу. Па ўсім, павінна быць каханне. Але на справе кахання мала. А многа блядства. Дзе нават не пазашлюбныя адносіны, а тыя, якія і маюць канкрэтную назву вышэй. Ды і сам аўтар не збіраецца хаваць ісціну:

Але гэта ніколечкі не збянтэжыла гуляшчую. Далей, з кожным годам яна нарошчвала інтымныя абароты. Па два-тры спатканні за вечар рабіліся для яе нормаю. Яна амаль перастала чытаць раманы, на тое ўжо не ставала часу, гэтак яе захаплялі ўласныя раманы, якія хутка распачыналіся і даволі хутка завяршаліся.

Пра кулянні ў ложку мы таксама даведаемся, праўда тут без падрабязнасцей (пакуль).

Цікава, што чытаеш – і нешта ў лексіцы, у апісанні, у побыце паказвае: аўтар – дзядзька ў гадах і піша пра нейкія даўнія-даўнія часы. Чакаеш “прызнання”. Вось – ёсць: “Яна сабе ледзь не ўголас сказала: “Божа мой, я – цяжкая!”.  Некалі мы даведаліся, што жанчыны бываюць у беліце зазвычай не цяжарныя, а цяжкія, грубыя…

Але хто з сённяшніх ды пра гарадскую так напіша?

Але раптам прабівае такое ў тэксце: “О кей?”

Вось таксама знаёмае з даўніх часоў, калі толькі пачынаў чытаць беларускія творы:

Па зямлі ішла восень. Прырода заварожвала багаццем колераў.

Дарэчы, пра “гуляшчую”. Пасля таго, як даведваецца, што цяжкая, прызнаецца свайму хлопцу, той прызначае сустрэчу, на якую прыязджаюць… двое братоў.

“Мамачка, блізнюкі! – думка маланкаю пранеслася ў галаве. – Муціў, што ён адзіны сын у бацькоў…”

Чым завяршылася?

Чутка прайшла, быццам яна пераехала ў Прыбалтыку, у якую канкрэтна краіну – невядома.

Карацей, гэта тое, што мы ў газеце называлі “жыццёвыя гісторыі” і пісалі іх штотыдзень па чарзе, бо бабулькам і цёткам у вёсках надта ж падабаліся падобныя няхітрыя сюжэты з нечаканым (ці вельмі чаканым, светлым) заканчэннем. Зрэшты, уся кніга – вось з іх, такіх гісторый.

Чым яшчэ здзівіў шаноўны аўтар – перабольшваннем. Нават гіпербалізацыяй, нагнятаннем і згушчэннем. Вось калі хутар – дык прыгажэнны, у кветках патанае, дом – самавіты, агарод – казка цэлая, пчолы і козы. На стол гаспадыні наставілі – не пералічыць. І канешне, “партызанаўка” і – дранікі з маладой бульбы (як па мне – не надта…). А за сталом – бяседа, доўгая, з жартамі, а затым – песні беларускія і украінскія. А госць – усяго юнак да знаёмай дзяўчыны прыехаў. Не жаніх, і не вялікі сябра. Так, пазнаёмілася, запрасіла…

І калі дарослыя разышліся, чым пачала займацца моладзь?

Мы ўтрох у цішыні смакавалі эпізоды “Альпійскай балады” Васіля Быкава, “Каласоў пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, паэмы  “Дажынкі” Анатоля Вярцінскага.

І наступная гісторыя поўніцца вось гэтым перанасычэннем:

дзе ўздоўж алеяў красавалі клёны, каштаны, ніцыя вербы, а яшчэ – экзатычныя кусты і кветкі і дзе на кожным кроку стаялі пафарбаваныя густоўна лаўкі і лавачкі, а ад кавярні да азёрнага вастраўка для закаханых ішлі масточкі, узнятыя адмысловымі майстрамі да ўзроўню твораў мастацтва.

Гэта пра Мінск.

Вось герой, бетоншчык. Але ён у вольны ад такой цяжкай працы час – майстар спорту. Ядры штурхае, кап’ё кідае… І да ўсяго – у інстытут паступае.

Тым не менш у вольны ад трэніровак і спаборніцтваў час ён прыходзіў у парк расслабіцца, адпачыць ад усяго, каб пасля з большым імпэтам узяцца за новыя трэніроўкі і падрыхтоўку да ўступных іспытаў.

Тут танцы, тут сустрэча з дзяўчынай…

У танцах пачуваўся хлопец, як рыба ў вадзе, таму патанчыць любіў, як любіў і ўвогуле пагуляць. Аматар інтымных, хоць і рэдкіх, захапленняў, мог прыгожа і з смакам пазаляцацца да ўпадабанае дзяўчыны ці незамужняе маладзіцы: вопыт меў.

А далей наўпрост:

– Я хачу з табою даўжэй пабыць сам-насам. Калі ласка, прыдумай што-небудзь. Я ў інтэрнацкім пакоі не адзін. Давай пойдзем паселімся ў гатэлі, у мяне ёсць знаёмыя.

У дзяўчыны была кватэра, куды і пайшлі без лішняй сарамлівасці. Тут эротыкі трошкі ёсць, і зноў той самы перабор, бо дзяўчына, якая дзве гадзіны назад хлопца не ведала, але:

…ў сваёй беласнежнай пасцелі была з Пятром ласкавая, быццам з даўно любімым чалавекам, яна не саромелася прапаноўваць розныя прыёмы і бурна выяўляць сваю радасць ад паўнаты пачуцця. “Жаданы! Каханы! Любы! Любы! Любы! – то гучна, то ціха вымаўляла, часта і горача дыхаючы, то заміраючы, то шчодра цалуючы яго сваімі спярша гарачымі, пасля крыху пахаладзелымі вуснамі…

Чым заканчваецца гісторыя? Ды маладыя людзі расказваюць адзін другому пра сябе, тут і выяўляецца, што яны – родная кроў. На гэтым і развіталіся.

Але пры ўсім…

Пры ўсім хачу сказаць, што адчуваецца ў кнізе ў большасці апавяданняў сапраўдная туга – туга па маладосці, па пражытых гадах, па страчаных магчымасцях. Па тым, чаго не вернеш. Хлопцы ў навальніцу правялі дзяўчыну дадому, данеслі яе рэчы. І – праз трыццаць гадоў завітваюць сюды, бо ж не пазнаёміліся тады нават і болей не бачыліся… Вось аднакласнікі сустрэліся – тыя, якія адзін другому з-за сарамлівасці так і не прызналіся ва ўзаемных пачуццях. А сёння валасы сівізной кранула… І яшчэ ў нейкіх гісторыях тонкім водарам дыхае са старонак светлае пачуццё памяці.

Але ж, чаму я, пры ўсё павазе да гэтага чалавека, які працаваў рэдактарам, а пасля і намеснікам дырэктара выдавецтва “Юнацтва”, у якім перад самай яго ліквідацыяй выйшла мая першая кніга, вырашыў напісаць пра яе, і напісаць шчыра, бо няшчырасці хапае?

А вось чаму. Днямі ў адной размове шаноўны Юрась Пацюпа напісаў:

У беларусаў процьма дрэннай літаратуры. Я нават падазраю, што яна ў сваёй асноўнай масе – дрэнная. Праўда, дрэнная літаратура пісьменнікаў, якія ведалі беларускую мову з маленства, усё роўна каштоўная, нават часам звышкаштоўная, бо нясе такое моўнае багацце, якое і не снілася пісьменнікам, якія не ведаюць мову з маленства.

Вось!

Яшчэ да гэтага допісу спадара Юрася я адчуваў жаданне напісаць пра кнігу, і сказаць пра іншае ўражанне: уражанне ад мовы. Гэта неверагодна дасканалая, чыстая, роўная, сапраўдная беларуская мова аўтара, якая вядомая яму ад калыскі. Яна не мае выключных асаблівасцей, як мова таго ж Брыля ці Пташнікава, але як гладка чытаецца тэкст, як дасканала пабудаваны сказы. Мне здаецца, гэта і ў прыведзеных мной цытатах відаць, якія я і прыводзіў дзеля гэтага. Вось чаму трэба чытаць гэтую кнігу сённяшнім многім аўтарам, мець яе перад сабой, каб не пісаць, як “сям’я разам вечарам паснедала”.

Цяжка сказаць, што чакае нашу мову далей. З аднаго боку – пурызм, з другога – заўзятары пашырэння, з трэцяга фемінітывы… І ўсё больш тых, хто вучыцца мове па слоўніках ды на прыкладах. То маю параду для апошніх: чытайце Васіля Жуковіча. Каб ведаць, як павінна гучаць наша мова.

В. Г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *