Замак з люстраной залай. Лаўрэн Юрага

Замак з люстраной залай. Лаўрэн ЮрагаПрадмова, якую можна было б не чытаць, калі б не адна акалічнасць

У хаце маёй бабулі — кабеты мала што надзвычай жывой і дасціпнай, дык яшчэ й здольнай да сякіх-такіх пераўвасабленняў — мне, калі была дзяўчынкай, вельмі падабалася столь. Я любіла па ёй «хадзіць». Асабліва прыцемкам — у час, калі паліць святло яшчэ рана, але нейкая шэрасць ўжо паўзе ўздоўж сцен, хаваючы штось па кутах ды наклікаючы на добры люд тужлівасць.

Я і цяпер не ведаю, што дакладна хавалася ў тых бабчыных кутах надвячоркамі (але дагэтуль веру, што нешта там усё ж хавалася), ды каб не трапіла на вочы зло, што мае звычку круціцца ў прасторы «проці ночы» (любяць жа старыя ў прысутнасці малых расказваць пра чарцей ды ваўкалакаў, згадваць здарэнні ў хлявах і на балотах), я з цёмнай усцеленай палавікамі падлогі (мяркуючы, што ў іх якраз прычына), мінаючы сценку (барані бог у такі час глядзець на яе), трапляла на светлую перасечаную шырокімі і высокімі бэлькамі столь. Зрэшты, высокімі іх магла назваць толькі я — бо прыходзілася пераступаць.

Трапляць на столь было даволі проста: патрабавалася ўсяго толькі люстэрка. Не малое і не вялікае — памерам з сярэднюю кніжку (і будзе тут мо нават лішнім казаць, што гэта было тое самае люстэрка, у якое ўглядалася, папраўляючы хустку, бабуля — перад тым як выйсці з хаты). Яго, люстэрка, трэба было павярнуць да столі «тварам» і, узіраючыся ў адбітак, даваць нагам працу, пераадольваючы адну за адной тыя самыя бэлькі, высокія і шырокія.

Пакуль бабуля корміць парсючка ці бавіцца з суседкамі ля студні, унучка шпацыруе па столі ў «той хаце», як бабка называла сваю залу — вялікую, пад зграбнай жырандоляй, ражкі якой запальваліся на свята. Мая «люстраная зала» мела дужа сімпатычны выгляд і ратавала не толькі ад шэрасці.

Ды я ўсё ж забылася на яе. І ўспомніла толькі нядаўна, калі ў рукі трапіў рукапіс аднайменнай кніжкі. Мала таго што творы ў ёй поўняцца містыкай ды чарадзействам, напісаны той асаблівай мовай, ад якой у генетычнага беларуса пачынае трымцець унутры, і адбіваюць падзеі святога мінулага (ці будзе хто спрачацца з тым, што мінулае заўсёды святое?), дык яшчэ й робяць выклік, прапануючы… шукаць адлюстраванні: асобных апавяданняў, раздзелаў і частак, герояў, мясцін і традыцый — адно ў адным. І можна проста чытаць, а можна, прыняўшы правілы, гуляць, як з галаваломкай, — спрабуючы дазнацца да канца, дзе — у якім творы — месціцца пачатак…

Я павялася на шпацыры па касцёльных сутарэннях і вячэры ў карчме, на перамяшчэнні ў прасторы і часе і нават сякія-такія пераўвасабленні. Ды гэта і не дзіўна, улічваючы, што кампанію мне, чытачцы «Замка з люстраной злай», складалі ведзьмачкі ды ваўкалакі (сімпатычнасць першых, між іншым, увесь час змагалася з брутальнай прыцягальнасцю апошніх), ды яшчэ адмысловы антураж стваралі старыя маёнткі і замкі, зачараваныя партрэты і загавораныя свечкі, рытуальная зброя і манускрыпты, якія ўтрымліваюць паміж сваіх радкоў няздужаныя формулы заклёнаў…

Святлана Воцінава.


Нядаўна пабачыла свет кніга Лаўрэна Юрагі «Замак з люстраной залай» (2021, Выдавецкі дом «Звязда»). Вельмі сімвалічна, што час яе выдання супаў з 30-гадовым юбілеем стварэння Юрагам першага паўнафарматнага апавядання «Партрэт» (1991), якое было надрукавана ў 1992 годзе ў часопісе «Маладосць» (у кнізе яно выйшла пад назвай «Партрэтыст ад д’ябла»). Такое супадзенне гаворыць пра доўгі шлях кнігі да чытача, але разам з тым можна ўявіць, наколькі першыя творы аўтара за гэты час былі дапрацаваны і палепшаны.

У «Замку з люстраной залай» вы не знойдзеце прадмовы ці пасляслоўя, якія б больш паведамілі пра самога аўтара. Каб зразумець глыбіню ўсяго, пра што расказвае Лаўрэн Юрага, трэба больш даведацца пра яго. Тады стане зразумелай сувязь аўтара з гісторыяй, знаёмства з архіўнымі, рэдкімі выданнямі, якія вяртаюць нас у самую глыбіню стагоддзяў.

Лаўрэн Юрага (Юрый Мікалаевіч Лаўрык) — бібліятэкар, кнігазнаўца, навуковец. Працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі, даследчык старажытных і рэдкіх дакументаў. Вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, дзе атрымаў навуковае званне магістра тэалогіі, дадаткова вывучаў гісторыю.

Пачынаў аўтар свой творчы шлях у 1990-я з невялікіх абразкоў «Касмічны эцюд» і «Здань», якія выйшлі ў газеце «Кнігарня» і часопісе «Маладосць». Апавяданні Лаўрэна Юрагі друкаваліся ў часопісах «Маладосць» «Калосьсе», «Акно». Разам з навуковымі артыкуламі, даследаваннямі кніжнай спадчыны нашай краіны пісаў ён і мастацкія творы, таму так доўга не магла выйсці яго першая мастацкая кніга.

Часопіс «Маладосць» у свой час назваў Лаўрэна Юрагу «творцам гістарычных стылізацый», які не проста ідзе пратаптанымі сцежкамі вялікай колькасці пісьменнікаў гістарычнага жанру, што сёння займае значнае месца ў прыгожым пісьменстве. Ён шукае сваю дарогу, якой стаў зварот да архаічнай мовы, але ж яго мова стылізаваная, падобная да старажытнай. Як гаворыць сам пісьменнік, яна павінна быць зразумелай чытачу. Некаторыя складаныя словы ў кнізе Юрага тлумачыць: «лічына», «канверсаваць», «пратэстацыя», «прынцыпал», «дэлінквент», «галаўшчына». Большасць з растлумачаных слоў — тэрміны, якія цяпер не выкарыстоўваюцца. Але сустракаюцца словы, якія перадаюць звыклы нам сэнс, аднак у кнізе гучаць па-іншаму: бабця, пісьмёны, сяйво, здрайца, мніх. І гэтаму ёсць тлумачэнне.

Вось што распавядае пісьменнік: «Задача аўтара гістарычнай прозы не ў пісанні на тагачаснай гаворцы — ён проста павінен так «прышчапіць» даўнія словы да галінкі сучаснай беларускай мовы, каб яны на ёй закрасавалі».

«Замак з люстраной залай» складаецца з Кнігі праклёнаў, Кнігі ваўкоў і Кнігі здарэнняў. У гэтай сістэме апавяданні як малюнкі далучаюцца адно да аднаго, непажадана парушаць іх паслядоўнасць, таму і чытаць неабходна кожны твор адзін за адным. На выбар траістай сістэмы з назвамі асобных кніг зборніка паўплывалі любімыя аўтарам кнігі Хорхе Луіса Борхеса — аргенцінскага пісьменніка першай паловы ХХ стагоддзя, які ў невялікіх празаічных фантазіях выказваў развагі на філасофскія праблемы, і часта яны прымалі форму прыгодніцкіх ці дэтэктыўных гісторый. Несумненна, за аснову назваў цыклаў кнігі Лаўрэн Юрага ўзяў назвы кніг Борхеса «Книга песка» ці «Книга ада и рая» (складальнікі — Х. Л. Борхес, А. Б,ой Касарэс).

Назву кнігі «Замак з люстраной залай» неабходна ўспрымаць не як гістарычную архітэктурную каштоўнасць, элемент готыкі і падзей мінулых стагоддзяў, а як люстраную сувязь паміж усімі апавяданнямі кнігі. Яна нагадвае сабой стужку Мёбіуса, дзе назіраюцца паўторы і пераклічка паміж героямі: раздзелы адпавядаюць адзін аднаму ў розных кнігах. Напрыклад, раздзел «Людзі» Кнігі праклёнаў перагукаецца ў стужцы з раздзелам «Твары» Кнігі здарэнняў. У цэнтры, як у стужцы, павінна быць паўтарэнне падзей і герояў, але яны не ідэнтычныя, хутчэй сутыкаюцца, адлюстроўваючы і пераламляючы адно аднаго як у люстэрку.

Стыль аўтара фарміраваўся з першага апавядання. Пры напісанні «Партрэта» складвалася разуменне таго, што зацікавіць чытача можа нечаканая развязка падзей. Гэта дало Лаўрэну Юрагу магчымасць інтрыгаваць і трымацьу напружанні, а ў канцы твора — здзівіць нечаканым завяршэннем. Увагу чытача прыцягваюць непрадказальныя элементы, асабліва ў канцы твора, дзякуючы якім ствараецца эфект падманутага чакання. Такія развязкі сустракаюцца ў большасці твораў, уражваюць канцоўкі апавяданняў «Праклён святара», «Вадáр», «Шкляная прызма» і інш.

Героямі апавяданняў з’яўляюцца гістарычныя асобы, якія жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім: Кашпар Эйсымонт, Пацей Тышковіч, Валерыян Сакалоўскі. Аўтар знаходзіў старажытныя дакументы, з якіх браў цікавыя факты, што клаліся ў аснову апавядання. І каб надаць гэтым фактам подых рэальнасці, ён выкарыстоўваў асобныя выпадкі з уласнага жыцця. Такімі творамі сталі апавяданні «Манускрыпт», «Сямісвечнік», «Сыгнет», «Крыся», «Корд», «Родавае гняздо», «Шкляная прызма».

І гэта гаворыць аб тым, як глыбока аўтар пераасэнсоўвае свае асабістыя падзеі, што навяваюць пэўныя малюнкі, раскрываюць жаданні герояў. Правобразам асобных персанажаў нярэдка выступае сам аўтар, толькі некаторыя эпізоды ці падзеі жыцця зменены творчай фантазіяй.

Захапляе апавяданне «Сыгнет» — вобразы духаў, прывідаў, якія спажываюць энергію людзей. Сыгнет валодаў такой моцай, што даваў магчымасць адганяць злыя сілы, «несці людзям дабро». Але ў што такім чынам магло ператварыцца жыццё ўладальніка пярсцёнка, які карыстаўся яго сілай і дапамагаў людзям? Вось што піша аўтар у апавяданні: «Я закінуў вучобу, перастаў бачыцца з сябрамі, расстаўся з Чэсяй… а ўсё ж аднойчы спыніўся, дарэшты высмактаны бясконцай і безвыніковай барацьбой».

Веды навукоўца, кнігазнаўцы далі магчымасць Лаўрэну Юрагу ўбачыць у сабе пісьменніка. У адной асобе спляліся навуковыя веды і творчая фантазія, што даюць аснову для апрацоўкі гістарычных фактаў, падзей даўняга мінулага. У аснове апавяданняў «Манускрыпт», «Кашпар Эйсымонт», «Воўк і Тур», «Сыгнет» старажытныя рукапісы, манускрыпты, пра якія піша пісьменнік. У апавяданні «Манускрыпт» выдатна падкрэслены веды аўтара: «Вось нарэшце табе ўдалося адгарнуць першы аркуш рукапісу, і ўжо можна бачыць дробныя шыўкі, якімі злучаны між сабой кавалкі пергаменту. Тэкст занатаваны квадратным габрэйскім пісьмом, і таму манускрыпт папярэдне атрыбутаваны як “Тора”, то-бок біблейскае “Пяцікніжжа”…».

Ці магчыма такія апавяданні адрасаваць юнаму чытачу? Хіба толькі начытанаму, абазнанаму ў гісторыі, бо многія тэксты складаныя для разумення. Тая сістэма і глыбіня закранутых гістарычных падзей іншы раз застаецца завуаляванай, таму адразу цяжка зразумець, якую ідэю даносіць пісьменнік.

Што ж, застаецца толькі пажадаць аўтару і далей ісці сцяжынкай, якую ён абраў, бо творы Лаўрэна Юрагі пакідаюць непаўторнае ўражанне.

Таццяна АРЦЮХОВА

 

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *