Шкляная лялька. Максім Клімковіч

Шкляная лялька

У кнізе «Шкляная лялька» Максім Клімковіч аб’яднаў скразным сюжэтам страшныя гісторыі дзіцячага гарадскога фальклору. Яны «не прычасаныя» крывадушным літаратурным маралізатарствам. Жорсткія сюжэты застаюцца такімі, якімі іх расказвалі і расказваюць адно аднаму самі дзеці. Гэта працяг даўняй літаратурнай традыцыі, закладзенай яшчэ братамі Грым, Шарлем Перо. У Беларусі яе працягвалі Ян Баршчэўскі («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях») і бліжэйшы нам па часе Ігар Сідарук («Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука»).

Не тое, што чакала ад анатацыі, але! Я не майстар пісаць рэцэнзіі, але неяк шкада, што тут яшчэ ніхто не дзяліўся сваімі ўражаннямі. Я чакала ад кнігі пераасэнсавання дзіцячага фальклора з пераходам на дарослы ўзровень, бо но вокладцы было пазначана 18+. Але тэкст аказаўся не такім. Гэта зборнік дзіцячых страшных гісторый, якія апавядаюць адно аднаму вымушаныя бавіць час разам хлопчыкі і дзяўчынкі. Частку з гэтых аповедаў я чула ў дзяцінстве, але большасць не (праўда, я не была іх аматаркай, чула іх час ад часу ад іншых дзяцей ці чытала на 13 старонцы часопіса “Каламбур”).

Гісторыя расказаныя ў адпаведнасці з канонам: гэта невялікія тэксты пра смяротную (ці амаль) пагрозу безыменнай(-аму) дзяўчынцы/хлопчыку або іх родным/знаёмым. Сексуальнага гвалту ці нечага іншага выключна для дарослых тут няма, таму 18+ — гэта не рэальная рэкамендацыя, а хутчэй вымушаны крок з боку выдавецтва. Бо, як вядома, у адпаведнасці з законам аб маркіроўцы інфармацыі ў дзіцячай кнізе не можа быць так шмат непакаранай гвалтоўнай дзіцячай смерці.

Шкада, што для такой рэдкай нішы, як страшныя гісторыі для дзетак нельга зрабіць выключэнне, таму ўсё, што застаецца — гэта кіравацца водгукамі на кнігі. Раю кнігу падлеткам, якія любяць слухаць жудасныя аповеды, і дарослым, якія былі б не супраць узгадаць на вечар-другі, як таксама захапляліся імі ў маладзейшыя гады. У кніжцы каля 120 старонак, ёсць трапныя чорна-белыя ілюстрацыі, так што надакучыць гэтая кніга не паспее. Спадзяюся, зараз вы разумееце, што чакаць ад кнігі, таму атрымаеце ад яе асалоду. 🙂

Cherishka


Ці памятаеце вы, як ў дзяцінстве нам падабалася расказваць страшныя гісторыі? Хто з вас не выклікаў віновую (пікавую) даму або мацюкальнага вожыка?!

Прывітанне ўсім вам і давайце пачнем.

У сваёй кнізе Максім Клімковіч аб’яднаў тыя самыя страшныя гісторыі дзяцінства.

А наша гісторыя пачынаецца з таго, што дзед са сваім ўнукам Дамінікам вярталіся дадому, калі зламалася іх машына. У пошуках дапамогі яны апынуліся ў дзіўным доме. Як толькі яны падышлі спытаць дарогу, выявілася, што яны трапілі ў пастку і пакуль яшчэ хто-небудзь не заблудзіцца і не дойдзе чарга, яны не змогуць знайсці дарогу дадому.

Дамінік знаёміцца з дзецьмі, якія таксама трапілі ў пастку дома.

Каб цікавей правесці ночы, яны па чарзе распавядаюць страшныя гісторыі, а ўдзень спрабуюць збегчы з гэтага дома. Вам прыгадаецца шмат гісторый, нейкія спадабаюцца больш, нейкія – менш.

Ці знойдуць у выніку заблудныя дарогу дадому вы даведаецеся прачытаўшы гэтую кнігу, але памятайце: адзін прыходзіць – адзін вызваляецца.

books_coffee_and_wine

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *