Ці помніш ты. Міхал Анемпадыстаў

Ці помніш ты. Міхал АнемпадыстаўМіхал Анемпадыстаў сваёй творчасцю будаваў Каралеўства Беларусь — поўнае стылю, густу, шляхетнасці і любові да свайго. Рознабаковы і гарманічны, канцэптуальны і разнастайны — візуальнае, тэкставае і музычнае нарошчвалася на стрыжань ідэі і разрасталася прыгожым, укарэненым у сваю зямлю і традыцыі дрэвам.

Калі крышацца ў друз эпохі, застаюцца галасы, словы і музыка. Застаецца інтанацыя, на якую абарочваліся, за якой ішлі, якую шукалі. Стыль 1990-х для беларускага кола быў зададзены Міхалам Анемпадыставым. Голасам таго часу сталіся спевы Каралевы беларускага року. Паэзія, праспяваная ёй, адважна і пяшчотна змяняла прастору і нас саміх у ёй. Уздымала і адорвала небывалым. Свет тады на вачах поўніўся навізной пад гітарныя акорды і прамоўленыя словы. Так здавалася. Так было.

Ці помніш ты, як мала мы спалі?

Ці помніш ты, як шмат мы прыснілі?


ТЭМА РАДЗІМЫ Ў РОК-ПАЭЗІІ МІХАЛА АНЕМПАДЫСТАВА

Адным з найбольш яскравых аўтараў рок-паэзіі ў беларускай культуры стаў Міхал Анемпадыстаў, жыццё якога, на вялікі жаль, заўчасна скончылася ў 2018 г. З біяграфіі творцы вынікае, што найперш ён быў мастаком і дызайнерам. Але адначасова М. Анемпадыстаў – выдатны рокпаэт. Адзін са стваральнікаў «Народнага альбома», аўтар слоў песні «Простыя словы, простыя рэчы», якую ведае амаль кожны беларус, а таксама аўтар зборніка вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы» (2014) [1].

Песні на тэксты М. Анемпадыстава стаялі ў цэнтры ўвагі найперш музычных крытыкаў (напрыклад, Анатоля Мяльгуя і Віктара Мартыненкі) , а з літаратуразнаўчага боку яны амаль не даследаваліся.

Нават на ўзроўні паэтыкі песні на словы М. Анемпадыстава вызначаюцца нацыянальнай маркіраванасцю. Разгледзім усё на прыкладах.

Увасабленне вобразаў Радзімы ў творчасці рок-паэта Міхаіла Анемпадыстава надзвычай аб’ёмнае і жывое. Напрыклад, у песні, якую выканала з гуртом «Новае Неба» Кася Камоцкая, ёсць наступныя радкі: Я люблю, калi свецiць сонца / Рана ранкам праз фiранкi. /Я люблю пах свежае кавы, / Я люблю пах смажанай бульбы. / Мне падабаецца дым цыгарэтаў, / Мне падабаецца водар парфумы. / Я люблю халодныя блюзы, / Я люблю свае джынсы старыя. / Я жыву ў гэтай Краiне.

З дапамогай дакладнасці і пералічэння, здавалася б, побытавых з’яў, у М. Анемпадыстава атрымалася стварыць вобраз лірычнага героя. Фіранкі, пах свежае кавы, дым цыгарэтаў, водар парфумы, халодныя блюзы і старыя джынсы – гэта блізкія менавіта яму рэчы, выяўленне асабістага. Аўтар наўмысна ўводзіць у тэкст зрокавыя вобразы: іх лёгка ўявіць. Яны, быццам сімвалы сучаснага жыцця і не маюць нацыянальнай маркіраванасці, за выключэннем хіба што «смажанай бульбы».

Побач з такімі касмапалітычнымі рэчамі бачым вобразы з яскрава выяўленай нацыянальнай канатацыяй: Мая Краiна пад белым снегам, / Мая Краiна пад белым сцягам.

Паэзія Анемпадыстава даволі рэчыўная (пачынаючы ад «Простых слоў» з «хлебам на стале і полымем у печы»). У «Маёй краіне» аўтар уводзіць побач, у суседнія радкі, такія звыклыя рэчы, як джынсы, і такія высокія паняцці, як краіна, свабода, каб сцвердзіць права лірычнага героя на сваю краіну і гісторыю. Мець гэта для яго так натуральна, як і дыхаць, як есці.

Паміж словамі «Радзіма» і «Свабода» Анемпадыстаў у песні жадаў паставіць знак роўнасці:

Я з цягам часу стануся птушкай,
Раскiну крылы, зраблю тры крокi
I падымуся па-над зямлёю
Туды, дзе вецер i дзе аблокi.

Вецер і аблокі ствараюць тую самую атмасферу, што пануе ва ўяўленні пра Радзіму – вольную i ідэалізаваную аўтарам. Невядома, ці можа гэты палёт скончыцца чымсьці добрым, але ж ён непазбежны.

Аўтар падкрэслівае, што свабода не даецца проста. Яна для яго − /супрацьстаянне/, /падводны човен/, пастаянная пагроза, нешта не зусім зразумелае і адначасова прывабнае. Цікава, што тут Анемпадыстаў ставіць побач гістарычныя нацыянальныя сімвалы і біблейскія ды міфічныя вобразы. Сцыла ды Харыбда − марскія пачвары са старажытнагрэцкай міфалогіі. А Садом ды Гамора − два вядомыя біблейскія гарады, якія, паводле Бібліі, былі знішчаны Богам за грахі іх жыхароў. Напэўна, тут падаецца пэўнае папярэджанне і заклік задумацца над лёсам краіны.

Яшчэ адна песня Анемпадыстава, пабудаваная на сімвалах і асацыяцыях, − «Цэпеліны». Аўтар малюе зусім чужы, халодны свет, у якім усё шэрае. У кожным радку адчуваецца пэўны сюррэалізм, пэўная ненатуральнасць. Быццам створаны свет сышоў са старонак антыўтопіі і зараз ён несапраўдны ў выяўленні сваіх пачуццяў. Аднак апошнія два радкі: Зашклянелыя вочы позіркам / Роўным ды неадрыўным / Глядзяць на зорку Венеру, / Якая ўзышла над зямлёй.

Спасылка на санет Максіма Багдановіча адсылае да нацыянальнага, якое заўважаецца лірычным героем нават у кепскім, аслупянелым стане. М. Анемпадыстаў умела гуляе з усім знаёмым вобразам, які пакідае жаданне яшчэ раз асэнсаваць змест кампазіцыі.

М. Анемпадыстаў з’яўляецца аўтарам тэксту песні «Святло ў цемры», якая ўваходзіць у рэпертуар гурта «IQ48». Насамрэч, уся кампазіцыя пабудавана на антытэзе, сімволіцы «святла» і «цемры»:

Наваколле ў сутонні тоне,
Цемра лезе праз падваконне,
Лезе ў душу ды слепіць вочы.
Цемра хоча, каб гэтае ночы
Не было. Ні святла, ні надзеі,
Каб не ведалі, хто мы і дзе мы.
Каб дарогу згубілі ў змроку.
І каб ні духу. Ні руху. Ні кроку.

У Поля Гагена ёсць карціна «Адкуль мы прыйшлі? Хто мы? Куды мы ідзем?». Яна сугучная з прыведзенымі радкамі з верша М. Анемпадыстава. Забытыя словы і мова – тое важнае, што клапоціць аўтара. Апошнія словы гучаць быццам гімн вызваленню ад «цемры». Яны, у сваю чаргу, з’яўляюцца і своеасаблівым заклікам.

У песні «Я да жалю не пан», якую зараз выконвае Лявон Вольскі, мы бачым, як шыпшыну − сімвал Беларусі з часоў У. Дубоўкі (яго верш «О Беларусь, мая шыпшына») і У. Караткевіча (у «Ладдзі Роспачы» герой менавіта шыпшыну браў з сабой на той свет як сімвал Радзімы), так і адсылку да Біблейскага «Эклезіяста»: «Час збіраць камяні, час расці камяням». У творы выяўлена разгубленасць лірычнага героя, які апынуўся ў памежным стане, на раздарожжы, «на мяжы паміж дрэваў і хат», пошук ім сэнсу і ўнутранай свабоды, свайго месца на зямлі. Цікавай з’яўляецца просьба лірычнага героя: «Божа, дапамажы захаваць раўнавагу». Напэўна, жаданне асабліва не вылучацца, калі і не пан, і не хам − можа быць успрынята і як рыса беларускага менталітэту, да даследаванняў якога М. Анемпадыстаў звяртаўся ў сваіх культуралагічных працах.

Калі ў тэкстах М. Анемпадыстава і выяўляецца пратэст, што ў прынцыпе характэрна для рок-паэзіі, гэта робіцца праз зварот да нацыянальнай, а часам і хрысціянскай сімволікі («Край ты мой, край», «Мая краіна»).

Такім чынам, корпус тэкстаў Міхала Анемпадыстава вызначаецца разгалінаванай сістэмай тэм і матываў, аднак дамінантнымі з’яўляюцца тэма Радзімы і матыў пошуку свабоды (як нацыянальнай, так і ўнутранай).

Камко А.А, Семянкова Т.М.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *