За творчасцю пісьменніка Сяргея Плескача сачу яшчэ з выхаду яго дэбютнай кнігі Шоу працягваецца! (2016) і таксама раю вам яго другую кнігу Пярэваратні ў пагонах і без (2018), якая выходзіла ў электронным выглядзе на kniharnia.by.
Падзеі новага рамана разгортваюцца ў канцы 80-х і пачатку 90-х, калі савецкая дзяржава пачала развальвацца. Многія рэспублікі ўжо прынялі Дэкларацыі аб суверэнітэце, але на агульнасаюзным рэферэндуме трэба было прагаласаваць адносна захавання абноўленага СССР. Галоўны герой кнігі, Міхал Радзевіч, у гэты час трапляе ў войска, дзе вымушаны выжываць. Замест дысцыпліны яго чакаюць маральныя і фізічныя здзекі, дрэннае медыцынскае абслугоўванне, недахоп сну. Апошняе прыводзіць хлопца да існавання на мяжы галюцынацый, калі ўжо не адрозніваеш, дзе сон, а дзе рэальнасць.
Здавалася б, у войску мусяць рыхтаваць фізічна і маральна моцных людзей, здольных быць абаронцамі сваёй краіны. Але даволі часта адтуль людзі вяртаюцца са зламанай псіхікай і падарваным здароўем. Мы назіраем за некаторымі героямі кнігі і не разумеем, як яны маглі апынуцца ў войску і якую карысць прынясуць. Гэта небаяздольныя маладзёны, якіх толькі ўчора адарвалі ад мамінай цыцкі. Многія з іх яшчэ не ўмеюць рабіць банальныя побытавыя рэчы, кшталту падшывання каўнерыкаў, а цяпер вымушаныя шыць не толькі за сябе, але і за дзядоў. І такія людзі мусілі стаць абаронцамі вялікай дзяржавы.
Дзедаўшчына ў войску — адна з найгалоўнейшых тэм рамана. Аўтар даследуе феномен яе ўзнікнення, асаблівасці і ўмовы развіцця і вуснамі галоўнага героя прыходзіць да пэўных высноў пра дзедаўшчыну:
На чым яна трымаецца? Дзіцячыя страхі, падлеткавыя комплексы, падмена паняццяў пра гонар і справядлівасць, дабро і зло… Гэта ўсё так. Але, найперш, відаць, на тым, што ў закрытых чалавечых асяродках заўсёды складаюцца ідэальныя перадумовы для ўзнікнення чагосьці падобнага: калі справа тычыцца ўмоваў фізічнага існавання, інтэлект саступае ў важнасці і практычнасці перад сілаю. Гэта ў звычайным асяроддзі чалавек абірае, з кім мець справу, а каго лепей абысці, не заўважыць, абмінуць… А ў войску, у казарме — як на караблі: пазбегнуць стасункаў з непажаданымі асобамі немагчыма… Пры ўсім жаданні сысці ад беззаконня і гвалту тут не атрымаецца, бо адразу ж трапіш пад дзеянне закона юрыдычнага, які ператворыць цябе ў дэзерціра з непазбежнай перспектывай загрымець на некалькі дадатковых гадоў у яшчэ больш закрыты асяродак дысцыплінарнага батальёна… А якія цалкам узаконеныя жахі адбываюцца там, не раз даводзілася чуць не толькі ад стараслужачых, але і ад афіцэраў…
Для многіх хлопцаў войска становіцца месцам, дзе яны напоўніцу могуць праявіць свае “таленты”. Часцяком “дзяды” здзекуюцца з “духаў” не для таго, каб навесці парадак. Зразумела, гэта прыемна, калі ў цябе ёсць свой шнырок, каб збегаць на кухню за дадатковай порцыяй гарбаткі. Але іх не вельмі цікавяць прыбраныя туалеты ці чыстая форма, а вось фізічнае пакаранне, калі “духі” не паспелі нешта зрабіць, — гэта неверагодная асалода.
Штодзённыя салдацкія праблемы ўскладняюцца няпэўным становішчам, у якім знаходзіцца ўся дзяржава. У войску салдаты ўдзельнічаюць у рэферэндуме, дзе галасуюць наконт захавання СССР. Юнакі з розных краін саюза дзеляцца сваімі меркаванням на гэты конт. Хтосьці хоча вярнуцца дадому ў незалежную краіну, але многія сумняваюцца:
Ніхто не возьмецца прадказаць, чым скончыцца гэтая перабудова, ці не паўстане зноў жалезная заслона. Пакуль ёсць магчымасць, трэба бегчы ў вольны свет. Іншай можа не надарыцца больш ніколі!
У кнізе даволі падрабязна апісаны вайсковы побыт, і нават калі вы не вельмі цікавіцеся літаратурай на падобную тэму, аўтар усё роўна захапляе глыбокім пагружэннем у тэму і праўдзівым яе паказам.
Сур’ёзныя, глыбокія і вельмі няпростыя тэмы ўздымае Сяргей Пляскач у новым рамане. Напрыклад, чалавечае выжыванне ў замкнёнай прасторы, існаванне ў якой падпарадкаванае пэўнай абсурднай іерархіі. Таксама твор можна чытаць як гістарычны раман, які апісвае апошні перыяд існавання савецкай дзяржавы і тое, што ў сувязі з гэтым адбывалася ў пэўнай суполцы (савецкім войску), у якой і без таго хапала ўнутраных праблем.
Фінал кнігі ставіць героя перад няпростым выбарам, перад якім цяпер аказаліся і многія з беларусаў: застацца ў больш паспяховай, але чужой краіне, ці “насуперак прагматычнай аб’ектыўнасці”, як піша аўтар, вярнуцца дадому, каб там “змагацца з пачварным прывідам імперыі зла”. Міхал робіць свой абгрунтаваны выбар, пра які не шкадуе нават праз столькі гадоў, апавядаючы нашчадкам гісторыю свайго жыцця.
Цікава, што пляменнікі Радзевіча, шкадуюць аб знікненні СССР. Вельмі часта людзі, якія не жылі ў пэўным перыядзе, маюць па ім моцную настальгію. Таму і цяпер часам сустракаем на вуліцы маладзёнаў у майках СССР з налепкамі “можем повторить” на машынах. Хоць нарадзіліся яны ўжо зусім у іншай дзяржаве, але настолькі магутнай была савецкая прапаганда, што здольная і цяпер уплываць на малады розум.