Я прыду за табой у аўгусце. Каміла Цень

Сёння хачу расказаць вам пра адну очэнь харошую, атвецтвенную, сазнацельную і ініцыацівную жэншчыну. Завут іё Зінаіда Юр’еўна, пачот ей і уважэніе за очэнь неблагадарную работу ў абшчэсцвенным транспарце Мінска. А ішчо за небезразлічые к людзям і іх праблемам.

Юр’еўна трудзіцца кантралёркай, таму знае пра людзей усё, бо кажды дзень унімацельна наблюдает і падмячает. І ішчо ей большэ ўсех нада (так іё муж Толік гаварыт). Таму кагда Юр’еўна знаходзіт у сваім шабаноўскім аўтобусе труп, яна начынае собсцвеннае раследаванне. А патом Юр’еўна ішчо спасае аднаго непуцёвага мальчыка і рэпутацыю краснага воўка з чыжоўскага заапарка.

Тры аповесці з этава дэтэкціўнага зборніка заставяць вас рагатаць так, што суседзі прыбягут запытацца, з какова заапарка збяжала гіена. І ішчо вы большэ нікагда не зможаце нармальна васпрынімаць слова імбрык. Бо панавыдумляюць у этай сваёй Літве слоў, а нармальным людзям патом мучацца.

А еслі вам хочэцца пабольшэ паслухаць пра эту чудзесную жэншчыну, то запрашаю на мой Патрэон patreon.com/bellit, гдзе за мінімальную суму падпіскі ў $1 вы можаце стаць маім ̶в̶а̶л̶а̶д̶а̶р̶о̶м̶ ̶п̶я̶р̶с̶ц̶ё̶н̶к̶а̶ў̶ патронам і слухаць дапалніцельныя выпускі падкаста Bellit з рубрыкі «Чытацкі дзённік», якія выходзят толька для патронаў. Саўрыменныя цехналогіі, панімаеце.

  1. S. Гаварат, эта кніжка выводзіт з нечытуна. Што эта за балезнь такая я не знаю, але кніжку ўсем саветую.

nasta_bellit


А давайце згадаем загадкавую Камілу Цень!

Можа, калі пабачыць, што мы пра яе напісалі, дык адкрыецца хоць трошачкі.

Ейныя дэтэктывы на трасянцы, як сёння кажуць, парвалі ў свой час сеціва ў частцы беларускамоўнага асяродку, які мае трошкі дачынення да літаратуры. Прызнацца, тады і я не ўтрымаўся, усё пачытаў і наскрабаў нават адкрыты ліст да аўтаркі. Што праўда, ліст не вылучаўся дабрынёй і памяркоўнасцю, быў я рэзкі ў ацэнках. Чаму сёння прапаную вярнуцца? Ды кніга выйшла як мае быць, на паперы. То пад нашы прыдуманыя правілы падыходзіць…

У чым найбольш істотным упікаў я Камілу Цень? У тэхнічных дэталях яе дэтэктыву. Пры ўважлівым разглядзе многае там, на маю думку, не стасавалася. Але, не гэта было галоўным не толькі ў маім лісце. Выказвалі думку некаторыя чытачы, што трасянка аўтаркі – не зусім трасянка:

Па-другое, Дзікі рысь даказаў на пальцах, што ваша “трасянка” – звычайная руская мова з аўтазаменай пад беларускае гучанне. Вось вам мае прыклады:  “пей водку” – аўтазамены ей на і не было, хоць  маўленне “пі водку” якраз “нашае роднае”;  прыклад  работы алгарытму аўтазамены, які няўдалы: атўрашчэнія.

Сказаў я і нешта добрае пра гэты тэкст. Во такое:

Пры ўсім, заўважу адразу: там паперадзе напісана “амаль”. Дык вось, з усімі недахопамі, якія яшчэ буду пералічваць ніжэй, август у вас трошкі атрымаўся)  Вам удалося ў пэўнай меры насамрэч стварыць нейкі адасоблены свет жанчыны, яе ўспряняцце вонкавага свету (хоць абраны самы наўпроставы варыянт “тупой бабы”.  Што яшчэ мне спадабалася і лічу ўдачай, скажу пазней.

Што атрымалася.

Вобраз гераіні больш-менш жывы, цэласны. Ёсць пэўная атмасфера вакол яе, цікавым падаецца вось гэты яе свет, які абмежаваны аўтобуснымі  маршрутамі. Мне спадабалася, падалася знаходкай (і неблагой) сустрэча былой вучаніцы з настаўніцай. Вельмі псіхалагічна, атмасферна. Балюча.

Увогуле, задумка быццам і неблагая цалкам: вось ёсць свет, у якім не жывуць, але толькі ездзяць людзі, аўтобус робіцца тым пунктам, які збірае герояў у трагедыі. І нацяжкі не адчуваецца, што і ахвяра, і злачынца  тут апынаюцца, хай праз нейкі час. Гераіня робіцца не кантралёрам, але фіксатарам падзей, бы камера рэгістратара ў калайдары, якая ўрэшце знаходзіць “часцінку Бога”.

Няблага ўпісваецца вось гэты самы “аўгуст”. Хоць і не раскручаны як след, але цікавая дэталь. Яна магла б адыграць у жыцці гераіні сваю ролю. І пэўна ж, у мінулым гэта значыла для гераіні нешта вельмі значнае…

Пабачыў цікавыя думкі, арыгінальныя. Да прыкладу, спадабалася:

“Ляжат ,   кніжкі чытают .   Адзін  таршэр  на  дваіх.   Как  судзьба”

“Будта  я  ў  кампанію  папала,   гдзе  нікага не  люблю,   но  пра  ўсіх  усё  знаю.”

“Любой  кантралёр  знает ,   што  цень  аштрафаваць  нельзя.”

“Мозг запісаў  себе  ў  блакнот ,   а  памяці  не  прызнаўся.”

Былі іншыя водгукі на твор. Вось адзін прывядзём амаль цалкам, з невялікімі скарачэннямі.

В. Г.


ТРАСЯНКА ЯК НАКАНАВАНАСЦЬ?

Кніга, пра якую пойдзе гаворка, дзякуючы сваёй незвычайнасці, а таксама ўдалай маркетынгавай кампаніі з боку выдавецтва набыла шырокі рэзананс. Прычым меркаванні палярна раздзяліліся — ад празмерна ўхвальных да разгромна-крытычных. Паспрабуем крышку разабрацца ва ўсёй гэтай сітуацыі.

Дык вось, дэтэктыў на трасянцы. Сярод пакалення 20—30-гадовых сёння зрабілася модным напаўжартам пераробліваць рускую мову на вясковы лад, падладжваючыся пад гамонку жыхароў райцэнтраў і вёсак. Безумоўна, тут ёсць элемент сцёбу з традыцыйна кансерватыўнага старэйшага пакалення. Адметна, што жартуе такім чынам чамусьці пераважна гарадская моладзь. Наўрад ці выхадзец з вёскі, які сам некалі перажыў сорам за сваю вясковасць і нехлямяжасць і нават зазнаў здзекі з гэтай прычыны, будзе наўмысна кпіць з маўлення сваіх бацькоў і сваякоў.

Каміла Цень — такі псеўданім у аўтаркі аповесці з красамоўнай назвай «Я прыду за табой у аўгусце» — свядома ступіла на гэты хісткі шлях. Пра пісьменніцу (ці пісьменніка, бо Цень — мужчынскага роду) мы ведаем зусім няшмат: філолаг, з перыферыі, у Мінску жыве нядаўна. Літаратурная містыфікацыя яна на тое і ёсць, каб трымаць інтрыгу і выклікаць цікавасць, і з гэтай задачай аўтар, а таксама выдавец Андрэй Янушкевіч справіліся на «ўра». Адно шкада: маецца пакуль што толькі электронная кніга.

Як дэтэктыў, аповесць выканана на належным, праўда, не на бездакорным узроўні. Атрыбуты жанру — на сваіх месцах: ёсць нябожчык, ёсць апавядальніца — гэткая сабе міс Марпл у асобе кантралёркі грамадскага транспарту, ёсць нават прымітыўна-немудрагелісты доктар Ватсан — напарнік галоўнай гераіні Гаркавы. Каларытны вобраз Зінаіды Юр’еўны, які вымалёўваецца з першых старонак аповесці, здольны расчуліць і выклікаць сімпатыю ў самага сур’ёзнага і скрупулёзнага рэцэнзента:

«Чалавеку, я шчытаю, для шчасця нужэн прастой пражытачны мінімум. Ва-первых, штоб дома была чыста і спакойна. Ва-ўтарых, штоб мір был. І ў трэціх, штоб людзі былі вежлівыя і давольныя і друг к другу атнасілісь уважыцельна».

Шмат хто пазнае ў Зінаідзе Юр’еўне тую сваю далёкую сваячку са Смалявічаў альбо суседку па пад’ездзе ці па лецішчы… Некаторыя сцэны і дыялогі ўвогуле нібыта спісаныя з нашага паўсядзённага жыцця, напрыклад, эпізод праверкі праязных у транспарце ці візіт у вёску для сустрэчы з сям’ёй падазронага — надзвычай жывыя, запамінальныя моманты.

Дык вось, нягледзячы на тое, што праваахоўныя органы лічаць нябожчыка ахвярай няшчаснага выпадку, кемлівая Зінаіда Юр’еўна адразу разумее, што нешта тут не так. І пачынае ўласнае расследаванне, якое прыводзіць яе да злачынцаў. Карацей, класічны джэнтльменскі набор. Але для тых, хто ўважліва чытаў аповесць, многія факты пададуцца прыцягнутымі за вушы, а сюжэтныя хады — шытымі белымі ніткамі. Нябожчык з разбітай галавой і пры цьмяных абставінах апынуўся ў аўтобусе, і гэта чамусьці лёгка спісалі на няшчасны выпадак, нават праверку як след не правялі. Мабільнік з непрыстойнымі фотаздымкамі, які быў знойдзены пры ахвяры, ніхто з праваахоўнікаў чамусьці не праверыў, каму ён насамрэч мог належаць, хаця сучаснае тэхнічнае абсталяванне гэта зрабіць дазваляе. І чаму кіроўца не звярнуў увагі на тое, як у аўтобус зацягвалі труп? Акрамя таго, як нябожчыка маглі валачыць па горадзе мужчына і кволая жанчына — і не прыцягнуць нічыёй увагі?!

Дэтэктыў — гэта самы матэматычна дакладны і дэтэрмінаваны жанр літаратуры: кожная дэталь, персанаж, падзея павінны служыць у ім цаглінкай для пабудовы сюжэта. Тут жа часам здараюцца нестыкоўкі. Магчыма, некаторыя агрэхі расповеду абумоўлены банальнай недасведчанасцю аўтаркі — гэта ж яе першы блін. Але…

Калі я разважаў над гэтым творам, мне прымроілася, што намацаў нешта падобнае на тлумачэнне. Магчыма, памыляюся, але ўвесь твор — гэта своеасаблівая, можа, нават неўсвядомленая спроба тонкай інтэлектуальнай гульні. Чаму?

Разгадка можа хавацца… у назве аповесці. Празрыстыя, ледзь бачныя, як жнівеньскае павуцінне, алюзіі і паралелі з сусветнай літаратурай. Было б дзіўна, калі б філолаг Каміла Цень не чытала вядомы раман амерыканскага пісьменніка-мадэрніста Уільяма Фолкнера «Light in August» («Святло ў жніўні», 1932). Сам Фолкнер, тлумачачы назву рамана, казаў:

«… у жніўні ў Місісіпі ёсць некалькі дзён дзесьці ў сярэдзіне месяца, калі раптам з’яўляецца прадчуванне восені, калі прыходзіць прахалода і ззянне мяккага, бліскучага святла, як быццам яно з’явілася не з сённяшняга, а з мінулых, старых, класічных часоў. Магчыма, у ім ёсць фаўны, сатыры і багі з Грэцыі, з Алімпа. Гэта доўжыцца толькі дзень ці два і затым знікае…».

Прывяду ўрывак з нашай аповесці:

«Вот я вам прызнаюсь, вы ізвініце… Я пра эта нікаму асобенна не расказваю, но ў мяне ўсю жызнь так, сколька сябе помню — у канцы аўгуста какое-та такое асобеннае састаяніе на душэ. Трывога какая-та. І не паймёш, аткуда. Будта бы дышыт хто-та на вуха. І песні какіе-та за спіной жалабныя слышацца, а абярнёшся — нікога там і нет. Можа, эта ў мяне ад даўленія. Я хацела доктару расказаць, дык пабаялась. Скажут яшчэ, сумашэдшая. А ано ж толька ў аўгусце так. Патом праходзіт…».

Зразумела, паралель нацягнутая. Але ў Фолкнера адзін з галоўных герояў з незвычайным імем Джо Крыстмас (што перакладаецца як Раство Хрыстова), паўкроўка, напалову афраамерыканец, напалову белы, забівае свайго прыёмнага бацьку — рэлігійнага фанатыка і сыходзіцца з жанчынай, старэйшай за сябе. У аповесці Камілы Цень мастак Ян Вусціш (таксама, пагадзіцеся, незвычайнае прозвішча) забівае бацьку, а падчас вучобы ў школе быў закаханы ў настаўніцу. У «Святле ў жніўні» Фолкнер выкарыстоўвае элементы вусных расповедаў з моўнымі ідыёмамі і асаблівасцямі, характэрнымі для амерыканскага Поўдня, накшталт нашай трасянкі. У абодвух творах — відавочныя адсылкі да Сафокла, ягонай драмы «Цар Эдып», дзе непазбежнасць і наканаванасць звыш вядуць герояў па жыцці, фарміруюць іх светапогляд і лёс.

Магчыма, Каміла Цень хацела такім чынам данесці да нас сваім творам, што трасянка — гэта нашая наканаванасць? Што мы зноў і зноў асуджаны цыклічна, стагоддзе за стагоддзем, вяртацца да пошукаў сваёй нацыянальнай і этнічнай ідэнтычнасці, нібыта той фолкнераўскі Крыстмас?

Мроі могуць завесці далёка. Магчыма, я пабачыў у творы тое, што хацеў пабачыць… Хутчэй за ўсё, перад намі — проста арыгінальны па форме празаічны дэбют — не зусім дасканалы, але цікавы прамоўленым новым словам у літаратуры, што за апошнія гады і нават дзесяцігоддзі здараецца надзвычай рэдка.

Янка Лайкоў, з кнігі  “Увасабленне. Сучасны літпрацэс. Нататкі чытача”.

Пакінуць адказ