Беларускія зоркі. Усевалад Сцебурака

“Беларускія зоркі” – так называецца кніга выбраных твораў Усевалада Сцебуракі, якая выйшла ў выдавецтве Рамана Цымберава ў 2024 годзе.

Паэзія прадстаўлена шырака – ад вершаў пазнейшага часу да першага зборніка і гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з наробкам паэта Сцебуракі ў яго развіцці, няхай і ў адваротнай храналогіі. На маё суб’ектыўнае меркаванне “познія” творы выйшлі больш удалымі, і сярод упадабаных мной вершаў іх аказалася болей чым у трох “ранейшых” зборніках-раздзелах.

Дзеля справядлівасці заўважу, што вылучыў для сябе па пары твораў з кожнага старога зборніка – аўтару заўсёды было, што сказаць і гэтае ўменне нікуды не знікла, а наадварот набыло грунт і ўпэўненасць. Такое здараецца ў нашай паэзіі не тое каб часта. Звычайна за яркі старт паэт потым расплачваецца маўчаннем.

Аўтар не затуманьвае свае творы цьмянымі канструкцыямі і дыялектнай/новатворнай лексікай – піша для людзей, і яны адгукаюцца ўдзячнасцю за магчымасць пачытаць пра важныя рэчы без залішніх ускладненняў.

Пасткай такога шляху можна было б назваць выкарыстанне замуленай вобразнасці, на мяжы літаратурнага штампа і звычайнай банальшчыны, што часам прасочваецца ў вершах Усевалада. Але, найбольш удалыя творы, можна смела змяшчаць у хрэстаматыі, як прыклады лірычнага роздуму.

Усевалад Сцебурака, у асноўным, прытрымліваецца традыцыйнай формы і манеры пісьма, і толькі зрэдчас дазваляе сабе постмадэрновыя гульні-смешачкі, накшталт:

Штоночы сон адзін –
пад трымерам Тваім…
ізноўку без пары ўкладаецца калоссе

Альбо:

І ўсе momento з думкамі пра mori
каманды, без каторай нам не жыць.

Але наўрад ці іх можна залічыць як аўтарскую ўдачу… Такія рэчы-імправізацыі хораша заходзяць цягам жывой гутаркі, канферанса і г.д., а ў вершах Сцебуракі глядзяцца ненатуральна – калі не паўсюль, то часта.

Вельмі раю звярнуць увагу на пераклады змешчаныя ў кнізе – атрымаліся яны зграбнымі, як быццам гэта і ёсць арыгіналы. І калі такі кірунак літаратурнай дзейнасці Усевалад Сцебурака не закіне, то ў нас з’явіцца яшчэ адзін талковы перастваральнік замежнай паэзіі і прозы.

З цікавасцю чытаў аўтарскія Reмаркі – фрашкі, шкада толькі, што іх у кнізе мала – усяго пара старонак. Люблю жарцікі…

…На няшчырасць з ёй бракавала часу – аплочаная была толькі адна гадзіна.

***

Усе бяссонні падзяляюцца на творчыя, прарочыя і прочыя.

***

Сабакі могуць і па каханні, але псуецца радаслоўная…

***

Сапраўдная адзінота – гэта калі пасля тваёй смерці сябры цябе не праводзяць на могілкі, а сустракаюць там.

***

Дасць Бог дзень – дасць Бог тышчу!

Такое ж шкадаванне адчуў пасля караценькага “Дзяцінства ў апакрыфічных фактах” – вось дзе сямейнае пачуццё гумару і іранічнае светасузіранне праявілася напоўніцу. Тут гуллівасць і жарт чытаецца нашмат гарманічней, чым у паэзіі. Падумалася, што ў Сцебуракі магла б атрымацца цікавая падлеткавая проза… але ж хто яго ведае, бо празаічныя абразкі прадстаўленыя ў кнізе ніякага асаблівага ўражання пасля сябе якраз і не пакінулі.

Чаго не скажаш, пра эсэістычную частку – “Габрэі вялейскіх ваколіцаў” і асабліва фрагменты кнігі “Сцебуракаў лёс” чытаюцца на адным дыханні.

Мне трапляліся ў сеціве добрыя водгукі на гэтую кнігу, і зараз я разумею, што хвалілі не дарма. Літаратурныя апрацоўкі ўспамінаў дзядулі (асаблівы рэспект) і бацькі чытаць цікава не толькі за выдатнай фактурай (жыццё-быццё сям’і высланай у Казахстан), але і лёгкай падачай матэрыялу. Цікава прапісаныя тыпажы (палякі, татары, карэйцы, японцы, паволжскія немцы…), жыццёвыя гісторыі і ўвогуле гісторыя, бо ва ўспамінах, няхай і ўскосна, паказаны наступствы, тых вялікіх гістарычных трагедый, на якія была багатая сталінская эпоха.

Завяршаецца “Выбранае” анкетай “Дзеяслова”, дзе праз адказы на апытанку перад намі паўстае цэльная асоба, са сваім разуменнем беларускай справы і сваім у ёй месцы.

Кніжку раю. Яна вартая прачытання, а там глядзіш і па “Сцебуракаў лёс” сцежка знойдзецца.

Каб не быць галаслоўным прывяду колькі тэкстаў, якія мне спадабаліся асабліва… і гэта не ўсе.

  незнаёмаму земляку

Ты мовы чужыя вучыцьмеш старанна
і пойдзеш у новы сусьвет,
а я паступлю ў інстытут туманаў
на восеньскі факультэт.

Сустрэнуць цябе невядомыя зоры
і шлях на чатыры бакі,
А я буду ніткі тутэйшых сьцяжынак
змотваць у клубкі.

Па ветры пускаць павуціньне і лісьце,
начныя запальваць агні
і цёплай смугою захутваць дрэваў
азяблыя карані…

У чароды зьбіраць журавоў на імшарах,
буслоў кіраваць на адлёт,
і хвалям азёрным сьпяваць калыханкі,
і рэчкам прыкладваць лёд…

Хай гэтая восень табе будзе сьніцца –
ты памятай гэту зямлю.
Я сум успамінаў, як пляшку па чарках,
па лужынах разлію…

***

Жоўты ліст адлятае –
не злавіць, не паспець.
Зноў ідзе залатая
штогадовая смерць.

У высокіх нябёсах
Уздыхнуць журавы.
Крокі памяці босай
не ідуць з галавы.

Хутка ў шыбы начныя
хукне белым зіма.
Толькі б ведаць, што гэта
ўсё было недарма…

*

Як спакусліва выжыць на гэтай вайне…
Перажыць, дачакацца
наяве і ў сне.

І пасля ўсім сабрацца а шостай
і напіцца без тостаў папросту
у кавярні старой на рагу
вулкі той, што ўзгадаць не магу…

І мне хочацца верыць, што гэтак і будзе!
Хай за нашым сталом будуць іншыя людзі,

што абмыюць сваю перамогу ў віне
і ўзгадаюць ўсіх тых, каго чарка міне…

*

Бог з ім, з месцам пад сонцамі, –
мне хоць месца пад соснамі,
пад вярбой ці ялінаю
на сівым камяні.
Дзе пад роснымі кроснамі
у світанкі дзівосныя
залатыя і вечныя
лашчаць мох прамяні…

*

Цяперака кожны сам за сябе,
кожны ратуе свой сьцяг брыгады.
Мы як мурашы ў бурштыновай смале –
цікуюць чужыя і сочаць свае –
не думай паказваць, што ты не рады.
Прыслухайся трохі – чуваць галасы,
фрагменты фразаў, аскепкі смеху
экспертаў нейтральнае паласы…
А можа проста вакол лясы
і гэта – рэха?
А, можа, проста мы ўсе звяры
ў каўчэгу Ноя,
і ад таго, што цвержы няма
у нас параноя?
А можа, гэта ўсяго зіма
і доўгі студзень?
А мо, як добра тут не было,
то й горш ня будзе?
А можа, узыдзе
на небасхіл
зорка спагады?
І пакрысе
мы данясем
свой сцяг брыгады…

Міхал Бараноўскі


Не магу і не ўмею ацэньваць вершы вышэй за местачковы ўзровень, дзе аўтары і не імкнуцца выйсці за ўтульныя і знаёмыя межы раёна, а жыццё іх люструе стэнд у раённай бібліятэцы “Нашы паэты”.

Усевалад Сцебурака даўно вырас са штаноў райцэнтраўскага пашыву, дый не ведаю, ці насіў такія ўвогуле. Для мяне ж вершы цяпер падзяляюцца ўмоўна на некалькі катэгорый: “вельмі падабаецца”, “падабаецца”, “не разумею”, “хай будзе”, “не вершы”. Колькі чытаў Сцебураку, ягоныя вершы траплялі ў першыя дзве катэгорыі.

Для мяне самым важным у кожным новым вершы – новы вобраз, новае бачанне. У Сцебуракі гэта ёсць. Ніжэй будзе прыведзены верш, на які звярнуў увагу шаноўны Пятро Садоўскі. Колькі ўжо напісана было і цяпер пішацца пра закінутасць, адрынутасць, бязлюддзе нашых месцаў? Як тут сваё ўплішчыць?

Не ўплішчыў. Сказаў так, што іншыя рассунуліся. Бо вобраз. Новы. Нечаканы. І чаканы адначасова, бо ж недзе і ты так думаў, нейкія свае думкі віліся, ды ў словы не складваліся. А тут пачытаў – і легла на душу. Ты так адчуваў.

В.Г.


 

У КОЖНАГА СВАЁ НЕБА …

ТРАХЕЙ ЦІ ЯМБ? Канцы слоў у радках, чаргаванне націскных/ненаціскных складоў …

Трахей ці ямб – “у полі не зжатым” / “у полі нязжатым”?

Усевалад Сцебурака “Беларускія зоркі”. Як рэцытаваць? Ці трэба акцэнтаваць асобна напісаную часцінку НЕ?

Учора сачыў за стральцоўскім паэтычным фэстам.  Фантастычна прыгожы верш Усевалада Сцебуракі. Усцешыўся. Потым зашавяліўся маленькі дыскамфорт. Акустычнай памехай стала “Несжатая полоса” са злітым напісаннем НЕ.  Здаецца, гэта Някрасаў. Стаіць увушшу з расійскамоўнага юнацтва.

Вельмі асабістая памеха прыйшла з ранняга дзяцінства.

Успомніліся словы маці з ейным “”ахухцінацямненькі!” (узгадваў Вінцук у суполцы “Толькі пра мову”) і прымаўкай “КРУЦІСЯ, ЯК МАЛЫ КОНЬ КАЛЯ КАЛА” = сярдаваць на цяжкі лёс, на стомленасць ад жыцця.  Так мама тлумачыла этымалогію. (Малы) Конь = Воз = Малая мядзведзіца. Кол= Гвозд= Палярная зорка … Усё вакол яе бегае, як жарабя на шворцы каля кала.

КРУЦІЦЦА, ЯК МАЛАЯ МЯДЗВЕДЗІЦА ВАКОЛ ПАЛЯРНАЙ ЗОРКІ. Яна так бачыла неба.

У чым дыскамфорт для мяне асабіста?

Усевалад СПЫНІЎ ІМГНЕННЕ, спусціў перпендыкуляры нябеснай любові на родныя хаты і стрэхі… Робіць, як большасць паэтаў і філосафаў: Кант, Багдановіч (Зорка Венэра), Крыстыян Моргэнштэрн, Курт Тухольскі (у яго нават кабарэтная прастытутка глядзіць на зорнае неба)…

А я лячу да зорак, ЯКІЯ РУХАЮЦЦА (як тое нерыфмавана думаў Багдановіч) і, як занудлівы букваед, думаю пра рысунак зорнага неба і правапіс адмоўя НЕ ў прыметніках і дзеепрыметніках  без паясняльнага слова …

Нідзе
так
Не стаіць Воз
Як над закінутай хатай.
Нідзе
так
Не сумуе Серп
Як над полем не зжатым.
Нідзе
так
не гарыць Маладзік
Як у дзедавым садзе.
Нідзе
лепшага месца няма
зорцы, калі яна ўпадзе.
Паўсюль на гэтай адвечнай зямлі
на ручніках сузор’і
і ў полымі, кроплях, слядах на ральлі,
ў марозным ачэзлым голлі.
Ціша стаіць ці б’юць званы
праз балаты ці ўзгоркі
на гэтым краем стаяць яны –
Беларускія зоркі.

Пётра Садоўскі.



Прыводзім яшчэ тут частку інтэрв’ю, якое Усевалад Сцебурака даваў 12 гадоў назад.

Варта пачытаць думкі паэта.

Усевалад Сцебурака — песімістычны паэт з пакалення LAST, беларускамоўны тамада і згублены ў часе гісторык. У інтэрв’ю Generation.bY «Кім я стану, калі вырасту» Усевалад распавядае, навошта паэту трэба быць лайдаком, чаму школьнікам адзіны з пяці школ гораду не пайшоў у піянеры, чаму нарадзіўся на 10 год пазней…

 

Усё хутка скончыцца, і трэба будзе ісці дадому

У дзяцінстве, калі ўсе дзеткі ішлі катацца на карусельках, яны ўсе ішлі вясёлыя, а я ледзь не плакаў. Бацькі пыталіся, можа што баліць, а я адказваў, што плачу бо, «гэта ўсё хутка скончыцца, і потым трэба будзе дадому ісці». Праз дзве гадзіны, калі нас малых забіралі з каруселек, іншыя дзеткі ішлі і плакалі, а я вяртаўся ўжо вясёлы, бо я ўжо парумзаў перад гэтым. І вось гэты нейкі сум незваротнасці таго, што міне, заўсёды са мной. Нават напярэдадні вандроўкі я збіраюся і сумую, што буду вяртацца праз пяць дзён.

Нашае пакаленне згубілася ў часе

Нейкага акрэсленага жадання быць кімсьці ў мяне чамусьці не прасочвалася. Вось раней сапраўды казалі: «хачу капітанам быць», ці «хачу мараком». У мяне такіх мараў не было, як і не было іх у большасці тых, каго я добра ведаю. Мае аднагодкі абышліся неяк без шчырых палкіх камсамольскіх захапленняў, але мы яшчэ і не ведалі і капіталістычных каштоўнасцяў. І так атрымалася, што маё пакаленне згубілася ў часе. Мы захапілі ў дзяцінстве рэшткі адной эпохі, а мусілі ісці сталець у іншую. Шмат што даводзілася пакідаць, бо яно заўчасна станавілася непатрэбным. Нават «Цой жывы» я на сценках не пісаў, хаця «Кіно» мне падабалася.

Не хадзіць у статку

Мне штосьці заўсёды не дазваляла хадзіць у статку. Разумею, што статак — шырокі панятак. Да прыкладу, у чацвёртым класе я свядома не ішоў у піянеры. Мой чацвёрты клас — гэта быў апошні год, калі прымалі ў шэрагі гэтай арганізацыі, і я быў адзіны са школьнікаў пяці школ Вілейкі, хто свядома адмовіўся ўступаць у піянеры. Спалоханая школьная адміністрацыя выклікала бацькоў, а яны сказалі: «Хай ён сам вырашае». А не пайшоў я з таго, што не любіў гэты статак і да таго ж меў ужо мінімальныя веды пра савецкую сістэму, Леніна і чырвоны сцяг.

Каб быць паэтам, трэба быць лайдаком

Нельга паэту стаяць каля станка і пісаць вершы. Каб быць паэтам, трэба быць лайдаком. Трэба быць вольным. Вершы — гэта час, калі ты сам-насам… Наконт фінансавага аспекту — зарабляць на творчасці ў Беларусі могуць адзінкі, і гэта праз тое, што кола, якое цікавіцца беларускамоўнай літаратурай, вельмі вузкае. Значна большая колькасць людзей шчыра і апантана цікавіцца ўсялякай ахінеяй кшталту ёгі і г.д.

Калі ўсе кажуць, што гэта крута, то напэўна гэта крута

Ёсць творцы, якія патрапілі ў плынь, былі вельмі папулярныя ў пэўны час. Яны з’явіліся і зніклі. Нехта апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час, таму займеў такую шалёную папулярнасць. А ёсць людзі, якія элітарныя былі ва ўсе часы. Іх разумеюць адзінкі, а астатнія паціскаюць плячыма і кажуць «ну калі ўсе кажуць, што гэта крута, то напэўна гэта крута», але ў чым гэта круцізна — няясна.

Я нарадзіўся на год 10 пазней

Мне наогул падаецца, што я нарадзіўся на год 10 пазней, чым трэба. Вось калі б мне было цяпер 40 — гэта б лепей адпавядала майму ўнутранаму стану. У мяне заўсёды былі старэйшыя сябры на пяць-дзесяць гадоў. Мне было лягчэй паразумецца з сябрамі бацькоў, чым з аднагодкамі. Гэта не праз тое, што я быў вундэркіндам, а мне проста не падабаліся рэчы, якімі захаплялася маё пакаленне.

Час на сёння — гэта вялікая раскоша

Самая вялікая праблема дарослых, што яны мусяць жыць хутка: наперад-наперад, і няма часу на сёння. Час на сёння — гэта вялікая раскоша. Мы звычайна прачынаемся і адразу думаем пра заўтра. Мы не заўважаем, як мы жывём: ад даты да даты: ад дня нараджэння да новага году, ад выходных да заробку і г.д. Што паміж гэтымі датамі мы не бачым.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *