Беларускі гістарычны і літаратурны анекдот. Сяргей Шапран

Вельмі цікавая кніга. Тут сабраныя цікавыя гісторыі з жыцця вядомах беларусах і ня толькі. Кніга дазваляе паглядзець на вядомых людзей з іншага боку, не афіцыінага, а з жыццёвага, пабытовага. Некаторыя дзеячы адкрываюцца з новых бакоў. Кніга будзе цікавая тым, хто захапляеца сучаснай беларускай гісторыяй, літаратурай, культурай.

Kanstantsin


Такія анекдоты – гэта своеасаблівыя побытавыя і гістарычныя хронікі, часам дакладныя, часам міфалагізаваныя. Без іх бытапісанне любой нацыі няпоўнае хоць бы таму, што персанажы тут – пераважна асобы, якія не маюць патрэбы ў прадстаўленні.

Размова пойдзе найперш пра песняроў Якуба Коласа і Янку Купалу, а таксама пра іх сучаснікаў: Змітрака Бядулю, Уладзіміра Дубоўку, Андрэя Александровіча, Сымона Баранавых, Петруся Броўку, Пятра Глебку, Кандрата Крапіву, Максіма Лужаніна.

З чаго жартавалі амаль стагоддзе таму і якія забаўныя (а часам і драматычныя) гісторыі захаваліся ў архівах гэтага, на першы погляд, несур’ёзнага жанру?

Сяргей Шапран ужо дваццаць гадоў калекцыянуе беларускія гістарычныя і літаратурныя анекдоты. Ён аўтар кнігі «Беларускі гістарычны анекдот», першага выдання ў жанры гістарычнага анекдота, дзе сабраны часам дакладныя, часам міфалагізаваныя камічныя і драматычныя гісторыі з жыцця вядомых беларускіх літаратараў і дзеячаў культуры.

Крыніца


Кніга з 500 гістарычнымі анекдотамі пра вядомых беларусаў выйшла ў Беларусі

Героі кнігі – знакавыя для беларускай культуры персоны, яны трапілі і на вокладку выдання ў карыкатурах Канстанціна Кукса.

“Беларускі гістарычны і літаратурны анекдот” – другая па ліку кніга ў гэтым жанры ад вядомага журналіста і літаратара Сяргея Шапрана. Першая кніга гістарычных анекдотаў была выдадзена пяць гадоў таму, і аўтар, паводле яго слоў, быў перакананы, што сабраў у ёй усё, што можна было сабраць.

– А ўжо на наступны дзень пасля выхаду кнігі ўспомніліся гісторыі з жыцця Рыгора Барадуліна, пра якія я зусім забыўся. З гэтага і пачала пісацца-збірацца новая кніга, – распавёў Шапран гісторыю з’яўлення другой кнігі.

Частку з іх Шапран запісаў непасрэдна за самімі героямі, напрыклад, гісторыю пра тое, як Рыгор Барадулін патэлефанаваў Васілю Быкаву і прапанаваў назваць кнігу пра яго “Васілёк у жыце Беларушчыны”. У адказ Васіль Уладзіміравіч заўважыў: “Калі б я малады памёр, дык было б рамантычна. А так лепей назваць «Куст асоту ў жыце Беларушчыны».

Або гісторыя пра тое, як аўтар усімі каханых «Белых рос» кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў, быўшы ў Балгарыі, сустрэўся інкогніта са знакамітай празорліцай Вангой. Яна тут жа спытала: “А што тут робіць гэты руснак?” І затым усё падрабязна расказала Дабралюбаву – і пра яго загінулага пад Сталінградам бацьку, і пра маці, і пра дзядулю з бабуляй. У адказ кінарэжысёр анямеў: ніхто, акрамя яго, не ведаў гэтых падрабязнасцяў.

Літаратурны і гістарычны анекдот – гэта не заўсёды смешна, але большасць гісторый усё ж выклікаюць усмешку. Напрыклад, такая: пасля таго, як Марыя Каменская і Канстанцін Міцкевіч ажаніліся, маладая знайшла запісную кніжку ў мужа з любоўнай лірыкай. “Што гэта?” – сурова спытала яна. «Гэта ж я табе прысвячаў!» – пачаў апраўдвацца Колас. «Я зразумела, што мне, але чаму тут пасля шлюбу нічога не дабавілася?»

Ці анекдот, запісаны за Янкам Брылём. Той казаў, што часам Караткевіч быў не зусім дакладны ў сваіх творах. Напрыклад, яго героі едуць ажно пяць дзён з Любчы да Навагрудка, дзе дарога ўсяго дваццаць два кіламетры. «Яму гаворыш, што там быць не можа, а ён рагача!» – успамінаў Брыль. І тут хтосьці з пісьменнікаў запярэчыў: “На гэтай дарозе чатыры карчмы – усё можа быць!”

Вера ЦВЯТКОВА

 

Пакінуць адказ