“Вучань можа і так і гэтак. Майстар можа толькі так”, – напісаў Ігар Бабкоў у кнізе “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб”.
Варта прызнаць, што аўтар, сапраўды, выдатна спраўляецца з акрэсленым для сябе ТАК.
І гэта не толькі фірмовы стыль, але ўласнаруч выштукаваны сусвет, населены аўтарскімі вобразамі і тропамі, якія перацякаюць з кнігі ў кнігу. Зборнікі накладаюцца адзін на другі, суседнічаюць і ўзаемадзейнічаюць з раманамі, нітуюцца скразнымі рэальнымі і прыдуманымі героямі, утвараюць тапалагічнае адзінства. Прастору, якая прырастае з кожнай новай кнігай, захоўваючы свае адметнасці і правілы гульні.
Каб патрапіць у яго, трэба завітаць у кавярню і замовіць круасан і каву ў барысты Луі. Але ж як цяжка зрабіць гэтую простую дзею, калі твая свядомасць сфарміраваная ў галерэі ўніверсама “Цэнтральны”.
Табе прапануюць падарожжа ў Вялікае Княства Аблокаў, а ты глядзіш на свае старыя кеды і не ведаеш, куды паставіць нагу, каб не запаскудзіць чысціню пакоя, альбо як няёмкім рухам не зачапіць заварнік для кітайскай чайнай цырымоніі.
Разам з тым сам Ігар Бабкоў максімальна арганічны ва ўсё гэтай даліктанай раздражняючай гаспадарцы. Бо, здаецца, і крыкнуў бы… хопіць займацца эскапізмам. Якое, б…, княства аблокаў, вы бачыце што ўвогуле творыцца? Але справа ў тым, што гэты сусвет уладкоўваецца ўжо не адно дзесяцігоддзе. Разбураліся імперыі, змяняліся філасоўскія плыні, грымелі тэхналагічныя рэвалюцыі… толькі якое дачыненне яны маюць да метафізічнай прасторы, у якой разгортваюцца тэксты аўтара?.. Зрэдчас мільгане цень на сцяне, што выпадкам заблукае з нізкага свету.
Усё вышэй сказанае датычна і новай кнігі Ігара Бабкова “Сляза і камень” з той невялікай папраўкай, што ў пачатку, на прывычных аблоках і ў заўсёдных сненнях атмасфера заўважна трывожней. Словы маркеры добра чытаюцца ў стэрыльнай прасторы – “чырвань часу”, “адчай пурпуровы”, “крывёю расквеціць”, звініць адчуванне скрайнасці, … але аўтар не адмаўляецца ад шэпту і паступова вяртаецца да звычнай інтанацыі і фарбаў. З асабліва прыкметнымі на гэтым фоне выключэннямі, там дзе прарываюцца традыцыйныя тутэйшыя матывы:
***
Жалейка мая, свірысцёлачка
Сястра мая, маё шчасце
Твае гукі чыстыя
Тоны незамутнёныя
Са мной, праз сны і аблокі
Са мной, у жыцці і ў смерці
У халодным чэрвені
І ў трывожным лістападзе
Грай, не спыняйся!
Альбо:
***
Самота і самасць, разлучаныя сястрычкі
Парэпаныя каптуркі, стаптаныя чаравічкі
Ходзяць сярод ночы, збіраюць пазыкі:
Забытыя твары, кінутыя музыкі
Танчаць сарабанду, рассаджваюць госці
Чакаюць да ранку знакаў Ягамосці…
Адчыні ваканіцы, разнасцеж фіранкі
Пакладзі на талеркі жалезныя абаранкі
Час згрызе памяць, разгладзіць пагоркі
Будуць свяціць люду далёкія зоркі!
Але лірычны герой так і застаецца самотным паэтам у “гаючым паўзмроку”, які чытае “верш пра тое, што лепш не бачыць Як час за вокнамі глытае пыл чалавечы”.
Ігар Бабкоў пачаў метадычна прышчапляць кітайскую паэтыку на беларускай ніве яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. У гэтай кнізе прадстаўлена выдатная нізка пра валацугу Лю Фэна (ён жа Адам Клакоцкі). Адзін з вершаў прадстаўлю вашай увазе:
“ВАЛАЦУГА ЛЮ ФЭН УГЛЯДАЕЦЦА Ў СВАЁ СЭРЦА”
1.
Вядомы падарожнік па мянушцы Лю Фэн, дасканалы ў блуканні
Не выходзіць з дому апошнія пяць стагоддзяў
Гартае на дасвецці старыя забытыя кнігі
І ведае ўсё, што будзе – да самых дробных драбніцаў
Любіць размаўляць з журавамі пра веснавыя танцы
Даглядае на гародзіку гарбузы і рэпкі
Часам строіць гучанне свірысцёлачкам і жалейкам
Але збольшага цікавіцца майстраваннем сэрца
2.
Мудрае сэрца падобнае крыху да флейты
Грае пяшчотна, калі ў душы вецер
І крыху да куфра – бо ўсё, што ні ёсць пад небам
Можа схавацца і будзе там у бяспецы
3.
Малое сэрца рыхтык як птушанятка
Корпаецца ў найбліжэйшым, сочыць за кожным гукам
Цешыцца сярод дробязяў, але з вялікаю верай
У цеплыню і міласць, і ў дасканаласць свету
4.
Вернае сэрца тоіцца ў бязмежным
У золаце надвячорка, сярод белапенных хваляў
Гоіць і суцяшае, верыць і спадзяецца
У кожным тваім імгненні, у цёплым
Тваім дыханні
Агулам, сталы чытач паэта Ігара Бабкова сустрэне знаёмага аўтара, які піша ТАК, а не ГЭТАК. Ці будзе зборнік блізкім для ўсіх – наўрад ці. Ці знойдуць гурманы ў ёй спажыву – напэўна. Аўтар намацаў сваю інтанацыю і ўладкоўвае/апісвае (уладкоўвае апісваючы) прастору на свой капыл.
Але вылучыць хацелася б якраз такія вершы, якія крыху выбіваюцца з яго традыцыйнай паэтыкі, нехарактэрнай традыцыйнасцю, як прыведзеныя вышэй “беларускія” вершы, альбо ГЭТАКІ:
***
Як спадзяванне на жыццё
Зярнятка на руцэ
Ды немаведама адкуль
Слязінка на шчацэ
Мой часе, мой сляпы вазнік
Мой сябра залаты
Усё, што бачу ў свеце я
Вымаеш з цемры ты
І раскладаеш на кану
Сярод самотных зор
Любоў і радасць, і віну
І ветлівы дакор
Мой часе, за тваім вяслом
Пустыя гарады
На зацярушаных шляхах
Замецены сляды…
Куды ў гэтай цішыні
Імкнемся ты і я?
Куды наперадзе бяжыць
Сляпая каляя?
У цішыні самотных сноў
Блукаем, я і ты
Мой неадлучны вартавы
Мой сябра залаты
Варта падкрэсліць, што кніга арыгінальная, і ў ёй гэтым разам не прадстаўлены вершы з ранейшых выданняў, як тое рабілася ў мінулым. Таму, усім хто засумаваў па новых вершах Ігара Бабкова, раю звярнуць увагу. Ёсць у “Акадэмкнізе”. Лёгка знайсці па спецыфічнай вокладцы.
З.Ы.
Зборнік «Сляза і камень» (Мінск, 2026) выдавецтва «Сувіг» дапоўнены раздзелам «Poietike(I)”. Гэта лірычнае эсэ пра паэзію, якое складаецца з мікраэсэ. Падобную кампазіцыю аўтар выкарыстоўваў і ў кнізе «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб» дапасаваўшы да вершаў раздзелы «Мейсцы паэзіі» і «Жыцьцё словаў: эпіфаніі». Магчымасць выйсці з свету мрояў і медытацыі ў свет мыслення, хаця і тут мяжа такая ж няпэўная. Нібы сапраўды размаўляеш седзячы на аблоках.
*
«Ёсць паэзія, што вяртае нас у цішыню рэчаў, вучыць сціпласці, сцішанасці.
Ёсць іншыя традыцыі. Іншая музыка.
Ёсць паэты звар’яцела натхнёныя, што дораць радасцю ўжо на ўваходзе.
Ёсць тонкія – тыя, што свецяцца з глыбіні сваіх сховаў, загадкава недачутыя ў сваёй эпосе.
Паэты, якія дапамагаюць заснуць, заблытацца ў аблоках, знайсці там забыты дом.
Застацца там назаўсёды: у сутонні сэрца, сярод цьмянага шаманства словаў, на святой зямлі».
*
«Вершы – маленькія машыны жаданняў. Жаданняў незвычайных.
Паэтычнае пачуццё застывае ў слове, як жамяра ў бурштыне.
Няважна, як яно туды патрапіла і колькі часу чакала.
Але, калі мы патрапляем у тон, у правільную інтанацыю, яно ажывае і варушыцца і трапеча.
Можа быць ліхтаром, правадніком і дарогай»*
«Няма сэнсу несці за сабой плыт, пасля таго як ты пераправіўся!»
Шчаслівы верш пазнаецца па лёгкасці хады і ціхім дыханні!
Сляды ў паветры – вось што пакідаюць паэты!»

