Падары сабе цішыню. Віктар Сазонаў

Падары сабе цішыню. Віктар СазонаўБеларуская паэзія – вялікая краіна, тут шмат невядомага, неадкрытага і таямнічага. Ну вось хто думаў што славуты празаік, аўтар такіх культавых кніг як «Занатоўкі кантрабандыста» і «Генетычны алфавіт» (дарэчы, за якую ён атрымаў «Глінянага Вялеса»), ўсё дарослае жыццё піша вершы. І яшчэ якія!

У гэтым лёгка пераканацца, дастаткова прачытаць яго першы паэтычны зборнік «Падары сабе цішыню», што нядаўна выйшаў у кніжнай серыі «Брукаванка».

Увогуле і ў вершах можна пазнаць стылістыку Сазонава, ягоны гумар, які перамяжоўваецца з нейкай народнай мудрасцю, сфармуляваную ў трапныя афарызмы.

Старымі мы сталі рана,
А мудрымі вельмі позна.

Або

Кінь мітусьню, ня бойся прагадаць,
бо гэты сьвет ня створаны табою…

А бо вось такі пачатак верша. І гэта не для часопіса «Вожык». Бо «Вожык» такое ніколі б не надрукаваў.

Ноч, за вокнамі віхура
сьвішча як каршун.
Я пад шэпт клявіятуры
фэльетон пішу.

Сазонаў насамрэч можа і як традыцыйныя, класічныя беларускія паэты – патрыятычна, па-караткевічаўскі.

Тут часу бег неўтаймаваны
спыняе веліч таямніц…
Стаяць халодныя Гальшаны
сярод лясоў, палёў, крыніц.

Але самае нечаканае адкрыццё – гэта вершы Сазонава пра каханне. Гэта проста нейкі цуд. Не магу ўтрымацца, каб не працытаваць тут адзін верш цалкам.

Першы пацалунак

Ёсьць успаміны, нібы вершы,
што так падобныя на сны.
Юнак да пацалункаў першых,
рыхтуецца, як да вайны.

Прадумвае, але ня знае,
усё адбудзецца ня так,
а ён нічога не ўгадае,
бо ён зусім яшчэ юна

Што сплянаваў — усё забудзе.
Ня знае, што рабіць, яна…
Сусьвет заціх у гэтым цудзе,
і разарваўся, як струна.

І ўсьміхнешся тут, і пазнаеш сябе, і нейкае цяпло ў душы адчуеш.

Для мяне гэтая кніга знаходзіцца недзе паміж светам Мікалая Глазкова і паэзіяй гарадзенскага дэкадэнта Юрыя Гуменюка. Так, параўнанне нечаканае, але ў Сазонава ёсць тое, што родніць яго з Гуменюком: поўная незалежнасць ад літаратурных канонаў, абсалютная нефарматнасць і вельмі асабістая інтанацыя.

Жывеш у мроях, ці вандруеш босым,
ніяк не зразумееш гэты сьвет,
як ты паэт — то ўжо недафілёзаф,
калі ж філёзаф — то недапаэт.

АА.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме