Выгнаныя лёсам. Марыя Шабанец

Выгнаныя лёсам. Марыя Шабанец“Выгнаныя лёсам” сапраўды можна чытаць як самастойны твор, хоць гэта і працяг аповесці “Пасланцы цмока”. Яшчэ гэта той рэдкі выпадак, калі працяг адчувальна лепшы за арыгінал: больш прафесійны, больш глыбокі, складаны і драматычны. Чытаецца лёгка, мова даступная, аб тэкст не спатыкаешся. Гэта рэдкасць для жанра фэнтэзі, дзе цяжкае, пакутнае чытанне з’яўляецца нормай.

Гэта самабытны твор. Нават вельмі. Ён каласальна далёкі ад банальнай фэнтэзі-схемы: “Будучы Герой жыве ў вёсцы, сустракае Настаўніка і адпраўляецца ў падарожжа, каб знішчыць Чорнага Валадара”. Ні Настаўніка, ні Чорнага Валадара, ні нават Героя ў звыклым сэнсе тут няма, а ёсць жывыя персанажы – складаныя і шматгранныя. Гэта поўная дэканструкцыя класічнага фэнтэзі.

Твор сатканы выключна з беларускай міфалогіі. Вы не знойдзеце тут ні эльфаў, ні гномаў, ні Чорных Вершнікаў – і нікога, хто хаця б блізка на іх падобны. Гэта ўнікальны сетынг.

Ілюстрацыі вельмі густоўныя. Нягледзячы на падманную прастату, яны выглядаюць прафесійна і перадаюць чорна-белы, змрочны дух беларускай міфалогіі.

Папярэдняя кніга, “Пасланцы Цмока”, на маю думку, вартая адзнакі “вышэй за сярэдняе”. Але ёй бракуе саспенса. Першая палова чытаецца нуднавата, і інтрыга пачынаецца ў сярэдзіне, калі героі трапляюць у пастку. “Выгнаныя лёсам” чапляюць літаральна з першых старонак. Замест абстрактнай Хваробы тут жывая дзявочая драма.

Недахопы… Іх мала. Лінія Аярыны чытаецца лёгка і з асалодай, а вось на лініях Рыхташа, Люты і Уцея часам хочацца пазяхаць. Тут апісваюцца працоўныя будні, але можна было б насыціць іх інтрыгай. Напрыклад… Я не супраць крутых дзяўчат, але Люта дужа крутая з самага пачатку. Герой выклікае эмпатыю, калі доўга пакутуе ад няўдач. Было б цікавей, калі б Люта няўмела кіравала краінай, а двубой з ваяводам прайграла б і была б у роспачы. Але ёй дапамаглі б старанне і падтрымка сяброў: яна паволі навучылася быць мудрай княгіняй, а ў канцы кнігі перамагла Зура і прымусіла яго пайсці на перамовы з пушчавіком.

Уцей… Ён занадта правільны. Гэта частая рыса галоўнага героя. У яго няма супярэчнасцяў з бацькамі, ён не бунтуе, не губляе самакантроль, не праяўляе саманадзейнасць. Адносіны Зіхцінкі і Рыхташа, на мой погляд, дужа ідылічныя. А дарма… Канфлікт паміж гарэзлівым дзіцём і разважлівым старым – гэта вельмі багатая і плённая дыялектыка. Ну, і выпраўленне бабы Лідзі выглядае трошкі наіўна.

У цэлым аповесць аказалася вышэй за мае чаканні. Я не перабольшваю. Дзякуй вам, пані Марыя. Жадаю кнізе многіх перавыданняў. Але, калі ласка, падкарэктуйце ў наступным выданні лінію Люты.

Вёлунд.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме