Аўторак, 5 лістапада 2024

Шэпт. Сяргей Лескець

Прачытала “Шэпт” Сяргей Лескець. Не чакала, што мяне так захопіць гэтая кніга. Увогуле не надта збіралася яе чытаць. То бок насамрэч было шмат “за”: павага да творчасці фатографа, цікавасць да яго асобы (так склалася, што мы знаёмыя не тое каб завочна, нават па тэлефоне некалькі разоў размаўлялі, і здымкамі Сяргея былі праілюстраваныя пару маіх артыкулаў, але ўжывую так ніколі і не бачыліся). “Супраць” быў адзіны пункт, але важкі: мая нецікавасць да тэмы, каб не сказаць пагарда да ўсіх дзікунскіх, шаманскіх, ненавуковых метадаў лячэння. За ўсімі гэтымі “паходамі да бабак”, пра якія нават мне, народжанай у Мінску, даводзілася чуць з дзяцінства, для мяне стаяла гора, непісьменнасць, роспач, адрэзанасць беларускай вёскі ад цывілізацыі – адным словам, нешта цалкам адмоўнае, дрымучае, непрывабнае.

Таму я адзначыла для сябе выхад кнігі, парадавалася за аўтара, але жадання набыць ды прачытаць не адчула.

І вось некалькі месяцаў таму мне прынесла “Шэпт” – ужо другое выданне – сяброўка са словамі: “Мне пакуль няма калі чытаць, магу пакінуць табе”. Ну, калі гэта не знак лёсу, дык я ўжо не ведаю, што тады знак.

І перада мной адкрыўся свет нейкай касмічнай гармоніі, сплаў паганскіх і хрысціянскіх уяўленняў пра жыццё. Але нават не гэта мяне ўзрушыла, а тое, што ў выніку сваіх вандровак, расцягнутых у часе, не заўседы паспяховых, аўтар правёў выключнае этнаграфічнае даследванне, сабраў такі матэрыял, якім магла б ганарыцца экспедыцыя навуковага інстытута. І, у адпаведнасці з “падарожжам героя” Кэмпбела, вярнуўся са свайго падарожжа змененым, не такім, якім быў раней.

Гэта проста куфар са скарбамі, а не кніга. Для мяне гэта яшчэ тэкст пра адданасць сваёй (журналісцкай? даследчыцкай?) ідэі, якая штурхае цябе ў плечы і вядзе ў дарогу,   нягледзячы на зразумелыя жыццёвыя перашкоды.

“Ад самага пачатку я не меў ніякага фінансавання для працы над кнігай, таму спалучаў рэпарцёрскія заданні са сваім праектам. Я ехаў працаваць у пэўны рэгіён і на месцы распытваў людзей пра знахараў. Так знаходзіліся ўсё новыя звесткі і кантакты. На шчасце, у Беларусі танна каштуе грамадскі транспарт, і за малыя грошы можна адпрвіцца ў любы куток краіны. Гэта зручна, калі не маеш уласнай машыны”.

“Коса паглядаю на свой дыктафон, каб ён спраўна працаваў, і з асалодай працягваю размову. Стараюся не падаваць віду, але мяне проста распірае ад радасці. Я адчуваю, як з кожным словам станаўлюся багацейшым на веды. Быццам сярод пустэчы я знайшоў крыніцу вады, усё п’ю і не магу напіцца”.

“Вось так, ад вясёлага да сумнага, мы гаманілі болей за гадзіну, былі і слёзы, быў і смех. Паэзія міфа і проза жыцця. Для мяне час бы спыніўся, і я не пераставаў дзівіцца мудрасці і ведам суразмоўніцы. Быццам я сустрэў таго падарожнага Бога з казак, якія памятаў з дзяцінства”.

“Як яна трапна перадала душу беларуса, чалавека, які жыве на зломе цывілізацый і намагаецца заставацца сабой. Іначай бы і не захавалася гэта традыцыя, не перажыла тысячагоддзе гнёту. Праўду кажуць, што мы адно кажам, другое думаем, а трэцяе робім. Мо ў гэтым таямніца нашага характару?”

І яшчэ мяне бязмерна радуе думка, што калі Сяргей знайшоў свайго падарожнага Бога ў асобах гэтых немаладых жанчын, дык і яны атрымалі нарэшце – а нехта нават, можа, упершыню ў жыцці, – уважлівага неабыякавага слухача, які напраўду цікавіўся іх доўгім няпростым жыццём, а не проста выконваў даручэнне павіншаваць “учасніц вайны”. Кніга атрымалася не толькі пра шаптух, а пра Беларусь, якую мы ўсё яшчэ мусім для сябе адкрываць. Пакуль не стала позна, даруйце за банальнасць.

Шчыра рэкамендую кнігу ўдумлівым чытачам, зычу аўтару творчых поспехаў, а нам усім – болей такіх сапраўдных даследванняў беларускай душы і болей аўтараў, якія маюць час, сілы і душу на глыбокае пагружэнне ў тэму.

Liudmila Drick


 

Кніга ў маіх топах аж за два гады – за 2022 і 2023. Проста чытала доўга – гэта не тое, што адкрыеш і ў момант праглынеш.

Па-першае, тут няма аднаго галоўнага героя. Гэта кніга – келім, сатканы з партрэтаў жанчын. Агульнае ў іх – сіла лекавання і традыцыі, якія яны захоўваюць. Іх партрэты чорна-белыя, як і іх доля. Прачытаўшы адну гісторыю, часцей за ўсё на пэўны час хацелася адкласці кнігу, каб узор келіму не заблытваўся ў адзін клубок.

Па-другое, @s.leskiec дзевяць год ладзіў экспедзіцыі і знаёміўся са знахаркамі. Не самым лёгкім было даехаць у розныя куточкі Беларусі без сваёй машыны. А яшчэ цяжэй было разгаварыць бабуль, бо тэма гэтая заўсёды была таямнічай – не думаю, што ў кожнага б атрымалася.

Па-трэцяе, “Шэпт” напісаны на роднай мове, якую хочацца смакаваць. Але каштоўнасць кнігі яшчэ і ў тым, што тут аўтар захаваў мову гераінь натуральнай. І тут ужо чацвертая прычына, чаму я чытала павольна: каб прызвычаіцца да асаблівасцей гаворкі – мясцовых дыялектаў – патрэбна крыху больш часу. Але ж як гэта цікава!

Ну і пятае – мне заўсёды даводзілася спыняцца. То каб стыкер-закладку наляпіць, то каб павандраваць ва ўспамінах, бо белыя фіранкі і жалезны стары ложак у адной з жанчын дужа нагадаў мне дом маёй бабулі. Дзякуй богу, што туды яшчэ можна з’ездзіць і паесці самага смачнага ў свеце бабулінага супа.

Вельмі ўдзячная маёй дарагой сяброўцы @katekopysh за такі падарунак. “Шэпт” для мяне апынуўся сапраўдным скарбам. Чаму?

🌿Таму, што, як напісала мне Каця, “родная мова і слова лечыць”.
🌿Таму, што гэта кніга захоўвае традыцыі – тут столькі тэкстаў замоў! Я яшчэ ніколі не чытала падобнага.
🌿Таму, што “Шэпт” не для ўсіх і дазваляе не толькі адчуць сябе ў асаблівым людскім коле, але і падсвечвае глыбокіх людзей. Калі я хадзіла на выставу Сяргея Лескеця, то ў нейкі момант захапілася тым, што стала разглядаць твары цікаўных беларусаў.
🌿Ну і таму, што сама веру ў сілу загавораў і шэптаў. Але не ад кожнага чалавека, канешне… І тут у мяне і ў самой шмат гісторый ёсць. Можа, як будзе натхненне, і раскажу.

А вы верыце?

presnyakova_books


Пад канец году напішу пра кнігу, якую чытала вельмі доўга: пачала ў чэрвені і скончыла ў снежні.

📓 Яе можна было прачытаць адным глытком, бо яна засмоктвае ў сябе. Але калі я паспрабавала, гісторыі пачалі змешвацца, а шаптухі сталі нейкай адной сярэднестатыстычнай бабулькай-знахаркай. Мне гэта не спадабалася, і я стала чытаць пакрысе. Тэкст арганізаваны так, што гэта проста: раздзелы і раздзельчыкі, падзеленыя на абзацы, багата дыялогаў.

👵🏻 Неспрактыкаванаму чытачу можа быць складана чытаць простую мову бабцяў. Я часам стамлялася і шукала вачыма тлумачэнні/абагульненні аўтара, але яны не заўсёды ёсць. То часам сапраўды давядзецца ўчытвацца 😏 Але яно таго вартае. Гаворкі розныя: выразныя, сакавітыя, непаўторныя.

📷 У кнізе ёсць партрэты. Іх не так шмат, але (а можа і менавіта таму) на кожным спыняешся надоўга. Вочы. Рукі. Валасы, хусткі. Адзенне. Хочацца разгледзець кожную дробязь. Пакуль не адчуеш, што і яна глядзіць на цябе. І табе час перагортваць старонку.

✨ Гэта незвычайная і вельмі прыгожая кніга. Цяперашняй перадсвяточнай парою яна можа стаць добрай чытанкаю, бо гэта менавіта тая кніга, якую прыемна трымаць у руках, якую хочацца чытаць спакойна і ўважліва, не на бягу, а ў любімым фатэлі. Вядома, калі вы не баіцеся змешваць 😏 Але як што якое, то некаторыя гераіні падкрэсліваюць: іх шэпты – гэта малітвы. І маюць някепскія стасункі з мясцовымі святарамі.

🌱 Шэпты – гэта закрытая традыцыя, далёка не ўсе бабці гатовыя дзяліцца сваімі ведамі: хтосьці расказвае ўсяго патроху, пераважна – базавае, хтосьці недагаворвае. Бо прамоўленыя без справы шэпты губляюць сілу. Але напрыканцы кнігі чытача чакае сустрэча з цудоўнай бабай Кацяй, маёй цёзкай 🤗, якая весела і шчыра расказвае і расказвае, не робячы вялікай таямніцы са сваіх ведаў. А насамрэч тая баба Каця – з пакалення маіх цётак, старэйшых татавых стрыечных сясцёр, якія па ўзросце ўжо салідныя кабеты, але для мяне ўсё адно цёткі, а не бабкі 😁. Гэта ўжо іншае пакаленне, як мне падаецца. Маладзейшае. Вось такі натхняльны фінал. Традыцыя – жывая. Традыцыя – жыве.

kniznyja_razmovy


Ёсць такія кнігі – сапраўдныя скарбы.

Ты чытаеш іх, і ад кожнага сказа ідуць дрыжыкі па тваёй скуры, кожнае слова пульсуе ў тваіх скронях. Калі ты заплюшчваеш вочы, вобразы і дыялогі герояў кнігі так яскрава ўяўляюцца, што здаецца, што ты сам знаходзішся ў цэнтры падзей гэтай кнігі.

А ўявіце, што гэтыя пачуцці былі ў мяне ў 100 разоў мацней, бо я чытала не проста супер-кнігу, я чытала кнігу пра сваю … бабулю. Так! Так! Мая бабуля, маці майго таты, была шаптуха. Яна памерла ў 1992 годзе, і мае ўспаміны пра яе зусім дзіцячыя і такія далёкія-далёкія. Памяць амаль поўнасцю сцёрла амаль усе падрабязнасці. І тут такі цуд! Сапраўдны цуд! – я чытаю кнігу “Шэпт”, і з кожным радком у маёй памяці ўсплываюць усё новыя і новыя ўспаміны пра бабулю, пра тое, як яна шаптала, якія рухі рабіла, якія словы гаварыла, чым карысталася. Чым далей я чытала, тым больш мяне біла токам, мацней мяне трасло, слёзы градам сыпаліся з маіх вачэй. Госпадзі, дзякуй табе, што ты вярнуў мне маю памяць!!!

На жаль, кніга не мая, мне яе далі пачытаць. Але цяпер я абавязкова хачу набыць яе сабе, хачу яшчэ раз прачытаць без спеху і занатаваць асобныя моманты. Я больш НЕ МАЮ ПРАВА губляць свае ўспаміны, НЕ МАЮ ПРАВА забываць сваю гісторыю, НАШУ гісторыю.

Вялікі дзякуй Сяргею Лескецю за такую вялікую працу па стварэнню гэтай кнігі. Гэтыя нататкі не маюць кошту🤲. Дзякуй шчыры кампаніі @wilma.knihi за друк такой неверагоднай кнігі і вельмі чакаю дадатковага накладу.

NATALIA_MASLINKA

One thought on “Шэпт. Сяргей Лескець

Пакінуць адказ