Чароўны чамадан з пахам адрэналіну. Алесь Бычкоўскі

Чароўны чамадан з пахам адрэналіну. Алесь БычкоўскіГэта кніга, як сведчыць анатацыя, пачынае серыю «Век прозы», заснаваную выдавецтвам “Беларусь”. Мяркуючы па апісанні, у серыі будзе выдавацца найлепшае, што створана ў наш час у беларускай мастацкай літаратуры.

Задума не проста добрая – выдатная. І трошкі, чаго тут хаваць, казыча зайздрасць, дый нават не зайздрасць, а разуменне немагчымасці ў тую серыю патрапіць. Тут ніц не паробіш, пачакаем другую ды трэцюю кнігі серыі – наколькі выдавец будзе прытрымлівацца як знешняга афармлення (традыцыйна-класічнага), так і выбару твораў і аўтараў. Аднаго не хацелася б пабачыць – зборнікаў апавяданняў ды кароткіх аповесцяў розных аўтараў, тых самых “брацкіх магіл”.

Але – да кнігі.

За творчасцю Алеся Бычкоўскага сачу даўно і з цікавасцю. Ягоная іранічнасць у творах мне пасавала, як і неабавязковасць прытрымлівацца пэўнага канону ў сваіх сюжэтах. Напісана ім не так мала – аўтар мае некалькі выдадзеных кніг. Ды толькі, лічу, кніга “Ацалелы або Вясёлыя хаўтуры” нарэшце вывела аўтара ў ягонае асабістае рэчышча бачання таго, пра што ён хоча пісаць і як хоча. У гэтым творы ўжо запачаткоўваюцца рысы таго, што цалкам раскрываецца ў кнізе “Чароўны чамадан…” – іранічная наіўнасць.

Наіўнае мастацтва само па сабе існуе даўно, як у жывапісе, так і ў літаратуры. Наіўнае – недасканалае, прымітыўнае, самаробнае… Але і ў выяўленчым мастацтве яно хутка пазбавілася скептычных адносінаў, калі зрабілася асаблівай формай выражэння задумак майстроў, і ў літаратуры займела права на сур’ёзныя да сябе адносіны, калі таленавітыя аўтары скарыстоўвалі той самы наіў як сродак. Сярод самых вядомых твораў сусветнай літаратуры з выкарыстаннем гэтага сродку – “Прыгоды зухаватага ваякі Швейка”.

Мяркую, Алесь Бычкоўскі не спецыяльна выбіраў – пэўныя пакліканні і набыты вопыт недзе падсвядома трансфармаваліся ўрэшце менавіта ў такую форму і такі стыль:  наіў, іронія, лёгкі гумар.

Гэта ў пэўным сэнсе дазваляе развязаць рукі – аўтар без аніякага-якага скарыстоўвае ў адной кнізе і казачную гісторыю, і вясковую містыку, і амаль навуковую фантастыку. Прызнацца, напачатку гэта ўсё трохі і раздражняе – ужо занадта вольна Алесь абыходзіцца з сюжэтам, фактурай, псіхалагічным абгрунтаваннем учынкаў герояў. Але ўрэшце ўсё атрымліваецца досыць цэльна – і пасля прачытання застаецца той самы паслясмак, які і цэніш найбольш у кнігах.

Не магу сказаць, што ўсе творы ў кнізе падаліся мне дасканалымі. Заўваг у мяне – мяшок і малая торбачка, але пра гэта пазней. Напачатку б адзначыў здольнасць аўтара да ненавязлівага гумару, умення уставіць яскравае азначэнне. Прыкладам:

Хаця і не хлопец зусім. За трыццаць гадоў, самастойны мужчына, узрост Ісуса Хрыста, самая пара або сям’ю займець, або пра манастыр падумаць, ну ці здзейсніць подзвіг дзеля радзімы.

Добрая аповесць “Вясковыя легенды” – з-за пэўнай загадкавай атмасферы, таямнічасці, недагаворанасці. Як мне, дык прыўнясенне ў твор сюжэту з прыгод біблейскага Лота падалося напачатку занадта ўжо прымітыўным запазычаннем, але ж вось пагугліў-паўспамінаў: у беларусаў нямала матываў, дзе камянеюць людзі, чым часам і тлумачыцца з’яўленне нейкіх валуноў. То хай будзе.

Увогуле ж, гісторыя кранае.

Да іранічнага наіву не варта адносіцца з прафесарскай сур’ёзнасцю. Тым больш тады, калі стыль аўтара – вывераны і устояны. Для нас, чытачоў, лічу, важна іншае: маем нешта адметнае і адрознае ад усяго масіву літаратуры. І таму цікава пабачыць: што будзе далей, ці здзюжыць аўтар ўтрымацца ў сваім рэчышчы і стварыць хай не Швейка, дык нешта падобнае да яго.

А цяпер пра мяшок і торбу заўваг.

Мабыць, абыдуся без пералічэнняў, бо яны зоймуць шмат месца. А напачатку аб галоўным: аб тым, што першыя адзінкавыя выпадкі сталі, на жаль, тэндэнцыяй, а цяпер і тэндэнцыя стала нормай. Я пра адсутнасць рэдагавання мастацкай прозы.

Не, кніга ў плане стылістыкі, пісьменнасці – на наш час амаль узорная. Адрэдагаваная і вычытаная. Прыемна чытаць, не сустракаючы элементарных памылак, якімі поўняцца цяпер некаторыя выданні. Я пра іншую рэдактуру – пра тую, калі аўтара нехта паважаны для яго бярэ за карак і бы тое кацяня тыкае ў старонкі: а вось тут што?

На жаль, ёсць куды тыкаць аўтара. Колькасць раяляў з кустоў і багоў з машыны непрыемна ўражвае. Іншым разам героі не самі дзейнічаюць, а аўтар іх цягне сілком. Недзе (асабліва ў гісторыі з джыніяй) нямала ўжо не наіўных, але недапушчальных дапушчэнняў. Усё ж, якой бы ні была наіўная іранічная проза, логіку дзеяў і псіхалогію ўчынкаў ніхто не адмяняў. А калі іх адмяніць – што і здараецца месцамі ў першай аповесці – атрымліваем не казку, не містыку, не наіў, а звычайную недапрацоўку аўтара, якому ніхто не паказаў на элементарныя ляпы.

Аксіёма: лепш відаць збоку. Сам аўтар не толькі чытае свой тэкст – для яго ўся дзея ўжо існуе ў галаве. Для мяне ж, як чытача, гэты свет якраз толькі нараджаецца з прачытанага. І таму тое, што аўтару падавалася існуючым без нагадвання, мне – адсутнасць тлумачэння. Колькі ўжо даводзілася чытаць рукапісы – у кожным былі тыя грахі, які аўтары самі не заўважалі, і за што пасля дзякавалі. І сам быў такім аўтарам, і мяне, бы тое кацяня, тыцкалі пыскай у тэкст, і я сам дзівіўся з сябе: як жа я такое мог прапусціць, як мог напісаць, як мог не пабачыць…

Тым не менш, першую кнігу серыі я б не лічыў першым блінцом з прымаўкі. У кожным разе, маем прозу сталага аўтара, да ўсяго – новы жанр у сучаснай беларускай літаратуры. То ў добры шлях.

В. Г.

 

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме