
Кніга, якая пакінула супярэчлівыя ўражанні.
✔️ Па–першае, расчароўвае чорна-белае начынне і невысокая якасць паперы і фотаздымкаў. Хочацца, каб якасна, нават калі не ў колеры. А тут а-ля газета.
✔️ Па-другое, гэтыя вандроўныя нататкі былі калісьці артыкуламі ў газеце “Звязда”, і таму маюць адпаведную стылістыку. Мне, прызнаюся, хацелася б, каб яны былі адрэдагаваныя больш грунтоўна, і каб у кнігу не трапіла тое, што адпавядае духу “Звязды”, але без чаго ў кнізе дакладна можна абыйсціся. Разумею, што мясцовым жыхарам прыемна было б у газеце прачытаць узгадкі пра знаёмых мясцовых асоб, кшталту “…шыльда прысвечана гарою працы, даярцы Вользе Дзерваед, якая працавала на эксперыментальнай базе Межава, была ў 1960-х дэпутатам Вярхоўнага савета СССР”. Але мне гэта бачыць у кнізе было дзіўна.
📌 Рэгулярна трапляліся паўторы. Амаль пра кожныя руіны гаварылася, напрыклад, што замест даху/столі/купалу тут – неба.
✔️ Па-трэцяе, мне падабаецца канцэпцыя і маршруты/мясціны цікавыя, але часам станавілася вельмі нудна. Хацелася дынамікі! І спадарыня Рублеўская дакладна можа зрабіць дынамічна, але чамусьці тут не робіць.
👌🏼 Але нават калі вы шмат падарожнічаеце па Беларусі, мяркую, тое-сёе цікавае і вы для сябе знойдзеце. Спадабаліся гайды напрыканцы кнігі па мясцінах Быкава і Мележа, па лакацыях, якія трапілі ў творы беларускіх пісьменнікаў. Даволі цікавыя гайды і пра скульптуры, і пра млыны.
📙 Агулам жа я чакала значна большага ад кнігі, і ўсё яшчэ вагаюся, ці пакідаць яе ў хатняй бібліятэцы. З аднаго боку – любая кніга пра Беларусь (і з Беларусі) цяпер вялікая каштоўнасць, з іншага – я наўрад буду да яе вяртацца.
Вядомая пісьменніца Людміла Рублеўская — аўтар шматлікіх гістарычных раманаў, матэрыял і натхненне для якіх яна знаходзіць у вандроўках па Беларусі разам з сям’ёй. У яе кнігах адкрываюцца таямніцы беларускай гісторыі, прыгажосць і багацце роднай зямлі. Пісьменніцу цікавяць не толькі вядомыя турыстычныя аб’екты, накшталт Лідскага замка ці старажытнага Мсціслаўля, але і тыя мясціны, дзе не пралягаюць традыцыйныя маршруты. Яна адпраўляецца туды, дзе даводзіцца часам прабірацца праз лясны гушчар ці балота, каб паспець убачыць і занатаваць для нашчадкаў тыя каштоўныя сведчанні гісторыі, што могуць знікнуць назаўжды.
З анатацыі
Гэта кніга — сапраўдны скарб для аматараў падарожжаў па Беларусі. Яна адкрывае родны край з невядомых і таямнічых бакоў. Дарэчы, гэта выданне можна выкарыстоўваць як даведнік, дзякуючы адзначаным геалакацыям.
Паводле слоў кіраўніка УП «Выдавецтва «Беларусь» Аляксандра Карлюкевіча, па жанры гэта гістарычны краязнаўчы нарыс.
— Цікава, што некаторыя з гэтых матэрыялаў упершыню пабачылі свет са старонак газеты «Звязда». З цягам часу яны зацікавілі наша выдавецтва. І мы, наколькі ў нас хапіла сіл і разумення, усё самае лепшае ўклалі ў гэту кнігі, — адзначыў ён.
Сама пісьменніца падзялілася, што гэта кніга атрымалася, дзякуючы таму, што яна глядзіць на родную краіну вачыма ўлюбёнымі.
— Я шмат падарожнічала і да гэтай кнігі. Але гадоў 5 таму ў нас склалася адмысловая сямейная каманда: зяць, дачка і ўнук. Мы доўгія гады ездзілі штотыдзень па суботах і нядзелях. Зяць любіць рабіць сюрпрызы. Ён да апошняга не гаворыць, куды мы едзем. Пасля наведвання пэўных мясцін у мяне пачынаецца наступная фаза: я пачынаю даследаваць, дзе ж мы былі і што бачылі. Усплываюць неверагодныя факты, якія пасля пераходзяць у мае мастацкія творы.
Па словах пісьменніцы, асаблівая цікавасць праекта ў тым, што ён даступны ўсім.
— Кожная сям’я можа праехаць па нашых слядах. Галоўнае — каб вельмі хацелася, — заключыла яна.
Ну вось, вандравалі мы , вандравалі па роднай Беларусі, і вынік: выйшлі мае “Пісьменніцкія вандроўкі”! Расповед пра нашы сямейныя падарожжы і пра беларускую гісторыю) Вялікі дзякуй усім, хто далучыўся да з’яўлення такога шыкоўнага выдання! Выдатны дызайн, шмат фота, шмат сюжэтаў) Спадзяюся, пачытаеце, і кудысь захочацца з’ездзіць)

