Першы спеўнік для дзяцей, складзены з беларускіх народных песень, сабраных вядомым фалькларыстам Антонам Грыневічам у перыяд з 1905 па 1924 гг. у розных кутках Беларусі.
У спеўнік увайшлі 33 старанна падабраныя творы з мелодыямі – песні, прыпеўкі, калыханкі, забаўлянкі, акрамя таго укладальнік змясціў у зборніку не толькі прыклады фальклору для дзяцей, але і пазнаёміў з абрадавай і пазаабрадавай лірыкай, танцавальнымі творамі.
Сёння – амаль сто гадоў пасля першага выдання – зборнік атрымаў другое жыццё.
Гэта яскравае перавыданне ў новым графічным афармленні з каляровымі малюнкамі, тлумачэннямі, тэкстамі па беларуску, лацінкай і па ангельску.
Акрамя нот, ёсць і аўдыё дадатак, каб слухаць і вучыць мелодыі песень самастойна.
З паведамленняў прэсы
Скарысталася распродажам у кнігарні @hartajka і купіла “Дзіцячы спеўнік”, які надоечы выдала Tradycyja. Першае, што хочацца сказаць: гэта невераемна стылёвая кніжачка. Вокладка, ілюстрацыі, шрыфт – файна ўсё.
📙 Унутры – перавыданне беларускіх народных песень, сабраных Антонам Грыневічам у 1905-1924 гадах. Хто такі Антон Грыневіч і чым унікальная ягоная праца – расказвае ў прадмове кандыдатка філалагічных навук Яніна Грыневіч. Прадмова дублюецца па-англійску.
🧔🏻♂️Калі сцісла, то Антон Грыневіч (1877 – 1937) – збіральнік фальклору, кампазітар, педагог і выдавец. “Беларускі дзіцячы спеўнік” быў падрыхтаваны і выданы ў Вільні за кошт аўтара. Вокладку для таго выдання зрабіў мастак і графік Язэп Горыд. Фрагмент той ілюстрацыі выкарыстаны і ў цяперашнім выданні.
📝 У спеўніку 33 творы з нотамі. Па qr-кодзе можна паслухаць мелодыі песень. Шмат якія тэксты вы абавязкова пазнаеце: у тых ці іншых варыяцыях яны ўваходзяць у беларускія дзіцячыя чытанкі – як вершыкі. Гэта і “Ладу, ладу, ладкі…”, і “Кую, кую ножку…”, і “Кукараку, пятушок”, і “Ня йдзі, ня йдзі, дожджыку…”. Некаторыя тэксты прыводзяцца ў некалькіх варыянтах, усе – дублююцца беларускай лацінкай. Калі песня не народная пашыраная, то пазначаецца рэгіён і ад каго ўкладальнік яе запісаў.
🎨 У кнізе вельмі файныя малюнкі і бясконца прыемныя колеры. Карацей, прыўкрасна ўсё! Дужа раю займець для сямейнай бібліятэкі: нават калі не спяваць, можна чытаць як вершыкі і разглядаць ілюстрацыі.