Каханне. Смерць. Пачвары. Яўген Папакуль

Каханне. Смерць. Пачвары. Яўген ПапакульГэта кніга з’яўляецца першым зборнікам скандынаўскіх народных баладаў у перакладзе на беларускую мову. Творы зборніка перакладзеныя з шасці моваў: шведскай, дацкай, нарвежскай, фарэрскай, ісландскай і норн – а таксама суправаджаюцца арыгінальнымі тэкстамі. Тэматыку ўсіх баладаў можна сцісла апісаць як “каханне, смерць, пачвары”.

Кніга прызначаецца ўсім аматарам суровай і таямнічай скандынавіі.

З анатацыі


Пахвалюся набыткам. Кніга “Каханне. Смерць. Пачвары. Скандынаўскія народныя балады” у перакладзе Яўгена Папакуля Yauhen Papakul.

У маім уяўленні хлопец, які перакладае са шведскай, дацкай, нарвежскай, фарэрскай, ісландскай і мёртвай мовы норн настолькі круты, што я, па праўдзе, думала — калі ў яго і ёсць праблемы, дык адно з тым, каб адбівацца ад чаргі з выдаўцоў.

Я думала прыблізна так: “Якія самародкі нараджаюцца ў нас! Гэта ж мець такі талент і такую хэнць — авалодаць не толькі скандынаўскімі мовамі, але і аджывіць для беларусаў фальклор скандынаваў!”

Але вось жа сённяшні допіс  Marharyta Latyshkevich пра пошук выдаўца на кнігу нагадаў, што не ўсё так у жыцці проста. Самародкам ніколі дужа лёгка не жывецца. Бо тых, хто можа іх убачыць і ацаніць як належыць — таксама не шмат… Але ж, на наша чытацкае шчасце, усё адно ёсць! Перакладчык і выдавец урэшце сустрэліся, і мы маем унікальнае выданне.

Быў час, я чытала шмат не толькі скандынаўскай літаратуры, але і пра яе, імкнулася высветліць для сябе, да прыкладу, чаму ў нас такія папулярныя народныя казкі, а ў Швецыі — не. Цікавымі падаліся развагі даследчыцы з Піцера Л. Ю. Браўдэ ў кнізе “Сказочники Скандинавии” (издательство “Наука”, Ленинград, 1974). Адно з яе меркаванняў датычыць таленту збіральнікаў-пераказчыкаў. Мала сабраць, зафіксаваць. Пераказаць так, каб з цікавасцю слухалі, гэта асобны талент (адну старонку з кнігі сфатаграфавала і выкладаю дзеля нагляднасці).

Калісьці гутарыла з Янінай Арлов, даследчыцай і крытыкам шведскай дзіцячай літаратуры. Вось маленечкая вытрымка з інтэрв’ю з ёй:

– У нас па шэрагу прычынаў папулярная фальклорная літаратура – кнігі прыказак, прымавак, народных казак… А ў Швецыі?

– Фальклорныя творы ў нас таксама выдаюцца, але каб яны былі папулярнымі – не скажу. Хаця зазначу: шкада, бо гэта найцікавейшы пласт культуры…

А беларускі самародак Yauhen Papakul так пераказаў скандынаўскія народныя балады, што беларусы іх мала таго што лепш за саміх скандынаваў хутка ведаць будуць, дык яшчэ і закахаюцца да бяспамяцтва).

Кніга стылёвая, з выдатным дызайнам і ілюстрацыямі Ірыны Андрэевай. Асобныя балады бачацца мне кніжачкамі, праілюстраванымі для малодшых дзяцей (ёсць там парачка смешных без задужа страшнага). Уражвае частае падабенства сюжэтаў з беларускімі народнымі казкамі…

Я вельмі шкаую, што калекцыя перакладаў Яўгена Папакуля ў мяне не поўная — ранейшыя кнігі праміргала з розных нагодаў. Больш так вароніць не буду! Буду чакаць наступных — і перавыдання ранейшых.

Віншую стваральнікаў і нас, чытачоў.

Alena Masla

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *