Гутаркі з паэтамі на пачатку ХХІ стагоддзя. Андрэй Масквін

Гутаркі з паэтамі на пачатку ХХІ стагоддзя. Андрэй МасквінГэтая кніга наглядна дэманструе, прынамсі мне асабіста, як мы істотна змяніліся за мінулы, досыць кароткі, перыяд гісторыі. Літаратуразнаўца, прафесар Андрэй Масквін на працягу чатырох гадоў, з 2009 па 2012, рабіў для літаратурнага часопіса «Дзеяслоў» размовы з паэтамі. Пад вокладку кнігі ён сабраў 17 інтэрв’ю, як з класікамі, напрыклад, з Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Генадзем Бураўкіным, так і, на той час, з зусім маладымі паэтамі – Вікай Трэнас, Марыяй Мартысевіч.

Чытаеш і дзівішся, якімі наіўнымі былі нават нашыя масцітыя творцы. Іх развагі пра Беларусь і беларусаў, пра беларускую мову, пра літаратурную і культурніцкую працу сёння выглядаюць проста рамантычнымі. Хаця я і сам некалі так думаў, так разважаў і быў абсалютна ўпэўнены ў гэтых меркаваннях. І вось – многае навокал пераіначылася, многае набыла іншую опцыю, інтэрпрэтацыю, тлумачэнне. І сёння падобная кніга гучала б, хіба што, зусім інакш.

Іншая справа калі інтэрв’юер расказвае не пра свае думкі, меркаваньні і прагнозы, а ўласна пра самога сябе. Вось гэта сапраўды цікава. Бо 90-ыя і 00-ыя былі надзвычай багатымі на адметныя і нават лёсаносныя падзеі. А беларускія пісьменнікі, як правіла, заўсёды апынаюцца побач, або ў самым эпіцэнтры. Ці то сведкамі, ці то ўдзельнікамі.

У некаторых размовах нават гучаць спавядальныя ноткі. Аднак мушу прызнаць, часам гучаць і прадказанні, нават вельмі трапныя.

Але ўсё ж пра кнігу. Яна досыць адметная, дакладней не яна, а форма інтэрв“ю, якія рабіў аўтар. Ён выбіраў нейкі, на яго думку, важны верш у творчасці паэта, і размаўляў пра яго, але і закранаў іншыя, «гарачыя» для суразмоўца, тэмы. Тут і пра гісторыю, і пра палітыку, і пра мову, і пра культуру, і пра шмат чаго іншага. Атрымаўся такі калектыўны літпартрэт на пачатку ХХІ стагоддзя. Мне ён нагадвае калектыўныя партрэты літаратурных аб“яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», якія звычайна змяшчаюць у беларускіх энцыклапедыях. Хочацца разглядзець кожны твар.

Вось і гэтыя паэты нібыта ў адной раме, у якую іх змясціў аўтар кнігі, але кожнага можна разглядаць асобна. Для беларускага літаратуразнаўцы гэта выдатная, каштоўная магчымасць.

А. А.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме