Гэтая кніга наглядна дэманструе, прынамсі мне асабіста, як мы істотна змяніліся за мінулы, досыць кароткі, перыяд гісторыі. Літаратуразнаўца, прафесар Андрэй Масквін на працягу чатырох гадоў, з 2009 па 2012, рабіў для літаратурнага часопіса «Дзеяслоў» размовы з паэтамі. Пад вокладку кнігі ён сабраў 17 інтэрв’ю, як з класікамі, напрыклад, з Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Генадзем Бураўкіным, так і, на той час, з зусім маладымі паэтамі – Вікай Трэнас, Марыяй Мартысевіч.
Чытаеш і дзівішся, якімі наіўнымі былі нават нашыя масцітыя творцы. Іх развагі пра Беларусь і беларусаў, пра беларускую мову, пра літаратурную і культурніцкую працу сёння выглядаюць проста рамантычнымі. Хаця я і сам некалі так думаў, так разважаў і быў абсалютна ўпэўнены ў гэтых меркаваннях. І вось – многае навокал пераіначылася, многае набыла іншую опцыю, інтэрпрэтацыю, тлумачэнне. І сёння падобная кніга гучала б, хіба што, зусім інакш.
Іншая справа калі інтэрв’юер расказвае не пра свае думкі, меркаваньні і прагнозы, а ўласна пра самога сябе. Вось гэта сапраўды цікава. Бо 90-ыя і 00-ыя былі надзвычай багатымі на адметныя і нават лёсаносныя падзеі. А беларускія пісьменнікі, як правіла, заўсёды апынаюцца побач, або ў самым эпіцэнтры. Ці то сведкамі, ці то ўдзельнікамі.
У некаторых размовах нават гучаць спавядальныя ноткі. Аднак мушу прызнаць, часам гучаць і прадказанні, нават вельмі трапныя.
Але ўсё ж пра кнігу. Яна досыць адметная, дакладней не яна, а форма інтэрв“ю, якія рабіў аўтар. Ён выбіраў нейкі, на яго думку, важны верш у творчасці паэта, і размаўляў пра яго, але і закранаў іншыя, «гарачыя» для суразмоўца, тэмы. Тут і пра гісторыю, і пра палітыку, і пра мову, і пра культуру, і пра шмат чаго іншага. Атрымаўся такі калектыўны літпартрэт на пачатку ХХІ стагоддзя. Мне ён нагадвае калектыўныя партрэты літаратурных аб“яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», якія звычайна змяшчаюць у беларускіх энцыклапедыях. Хочацца разглядзець кожны твар.
Вось і гэтыя паэты нібыта ў адной раме, у якую іх змясціў аўтар кнігі, але кожнага можна разглядаць асобна. Для беларускага літаратуразнаўцы гэта выдатная, каштоўная магчымасць.
А. А.

