Як прыклад зачаравальнай лёгкасці мастацкай задумы
Паэзія… Чаму ж у наш час так шмат вершатворчасці, якая выдаецца за паэзію… Магчыма, яна патрэбна толькі для таго, каб мы маглі адрозніваць сапраўднае мастацтва ад падробкі, балбатні лжэпрапаведнікаў. На фоне гучнага, зусім не вартага ўвагі шуму модных «прарокаў» творчасць Уладзіміра Мазго вылучаецца вытанчанасцю і празрыстасцю аўтарскага самавыяўлення. Яго найлепшыя вершы — эсэнцыя непасрэднасці чалавека, вітраж з незлічонай колькасці рознакаляровых шкельцаў, кожнае з якіх уздзейнічае на памяць і ўяўленні чытача.
Мы не можам шмат гаварыць пра гэтую кнігу — інакш ёсць верагоднасць, што прадметам абмеркавання стане не зборнік вершаў, а нашы ўражанні ад яго. Аднак ёсць адзін нюанс, які хацелася б пазначыць выключна з павагі да аўтара. Гаворка ідзе пра тэматычна шматгранную паэзію, сродкі выразнасці якой, здаецца, немагчыма вычарпаць. Часам, чытаючы вершы Уладзіміра Мазго, мы задумваемся: ці ёсць пытанні, якія яго фантазія не здольная вырашыць? Ці ёсць тэхнічныя шурпатасці, што парушаюць плаўную гарманічную плынь аўтарскага стылю? Ці існуе нейкая загана ў гэтых поўных звонкай шчырасці радках, якія адлюстроўваюць увесь шматколерны і шматмерны свет паэта? Услухоўваючыся ў вершы Уладзіміра Мазго, мы гаворым самі сабе: гэта сапраўды паэзія, яна жыве паводле ўласных законаў, яна, вырваўшыся з-пад пяра нашага героя, ператвараецца ў чыстую музыку сэрца. Часам музыка здаецца сумнай і жалобнай, іншым разам — вясёлай і нават захопленай; часам яна прыводзіць наш розум у стан глыбокай задуменнасці, але бывае, што ўзбадзёрвае і акрыляе, словам, вырывае з гібельнага здранцвення штодзённасці. Вялікая сіла паэта Уладзіміра Мазго — у яго абыякавасці да рознага кшталту пропаведзяў і маралізатарства. Ён моцны не там, дзе трэба настаўляць, а там, дзе ёсць неабходнасць у дакладнай перадачы чалавечай эмоцыі.
Асэнсаванне пражытага ў зборніку «Золак залаты» — гэта меладычная рэфлексія, ціхі сум, які музычнымі імпульсамі ахутвае напружаныя нервы чытача. Але нас мала цікавяць філасофскія вы-сновы аўтара — перш за ўсё мы ідзём за ім, як за чараўніком, які ператварае ўнутранае хваляванне ў ісціну рэальнасці. Высякаючы іскру натхнення з грубага крэменю рэчаіснасці, Уладзімір Мазго ўсё ж далёкі ад стварэння сімвалаў, якія цяжка патлумачыць:
І няхай на дварэ ці зіма, ці адчайная восень,
І няхай залаты лістапад ці густы снегапад уначы —
Толькі нам паміж зімаў халодных і сонечных вёсен
Сніцца той летні рай, ад якога згубілі ключы.
(«Наша лета»)
Яшчэ адна відавочная перавага паэзіі Уладзіміра Мазго — яго крэатыўнасць, якая імкнецца ахапіць самыя разнастайныя тэмы жыццёвых абставін. Асобнай увагі заслугоўвае верш
«У дэльфінарыі» — па танальнасці ён нечым нагадвае бадлераўскага «Альбатроса»:
За служэнне — спагаду і рыбу
З рук прымаюць заўсёды людскіх.
Дэльфінарыя вязні да хрыпу
Нема прагнуць прастораў марскіх.
Наколькі ж грацыёзна Уладзімір Мазго працуе са словам! Але па маім шчырым перакананні, за гэтай лёгкасцю і нязмушанасцю хаваецца ўпартая праца мастака, які адточвае сваё майстэрства. Памылкова лічыць, што талент паэта не патрабуе намаганняў творчай волі. Безумоўна, патрабуе, бо вобразнасць сама сабой не апранецца ў бліскучае, стракатае ўбранне з адзіна правільна падабраных слоў. Праца і цярпенне — нязменная ўмова існавання паэтычнай натуры, таму сапраўдныя вершы нараджаюцца альбо дзякуючы боскаму прадвызначэнню (што гэтак жа рэдка, як і цуды на гэтай планеце), альбо ў выніку тытанічнай настойлівасці творцы. Вялікім паэт становіцца тады, калі пераадольвае нядбайнасць уласных радкоў, даводзячы іх да дасканаласці. Уладзімір Мазго, відавочна, належыць да той рэдкай кагорты, якая нястомна працуе над завершанасцю сваіх кампазіцый.
Так, паэзія Уладзіміра Мазго ўражвае сваёй непадробнай шчырасцю і бясконцай энергіяй творчага розуму, які няспынна шукае новыя тэмы і вобразы. Безумоўна, і ў яго вершах знойдуцца вядомыя агульныя месцы і банальныя ісціны, добра знаёмыя кожнаму чалавеку. Мы можам і павінны крытыкаваць аўтара за такія хібы, але пры гэтым не варта забываць, што ў велізарнай разнастайнасці мастацкай спадчыны паэта ёсць дастаткова ўзорных твораў, якія ярка ззяюць на небасхіле беларускай паэзіі. Хто ведае, магчыма, менавіта яны стануць паваротнымі ў гісторыі найноўшай айчыннай літаратуры.

