Silva Rerum II. Крысціна Сабаляўскайце (Сяргей Шупа)

Silva Rerum II. Крысціна Сабаляўскайце (Сяргей Шупа)Я абяцала, што пра кожны том тэтралогіі Крысціны Сабаляўскайце буду пісаць асобна, таму што яны таго вартыя. Таму – працягваю 🤗

✨ Тое, што Крысціна Сабаляўскайце дакладна ўмее – гэта трымаць увагу і круціць чытачом і так, і сяк, робячы яго то шчаслівым, то няшчасным 😅 Першы том скончыўся на вельмі цікавым і шматабяцальным моманце, і другі том я брала ў рукі, амаль цалкам перакананая, што даведаюся, як там далей былі справы ў Біронта з Уршуляй.

🤷🏻‍♀️ Але не! Аўтарка пачынае расказваць пра нейкіх іншых людзей з такімі ж прозвішчамі. І ты  думаеш: хто гэтыя людзі?! Вярніце мне Ўршулю! Але праз пару старонак пра гэтых новых людзей таксама становіцца цікава чытаць, і ты ўжо не так злуеш на спадарыню Крысціну.

📔 Патроху становіцца зразумела, у якіх стасунках гэтыя новыя героі з папярэднімі. А вось гісторыю Біронта і Ўршулі Сабаляўскайце раскажа ледзь не ў самым канцы другой часткі. Але ўсё ж раскажа, белыя плямы перастануць быць белымі.

👌🏻 Гэтым прыёмам – расказваць не храналагічна, а тады, калі гэта найярчэй і найглыбей раскрые характар і матывацыі герояў, – аўтарка карыстаецца не раз і не два. І вось акурат тут я адчуваю, як мной круцяць і так, і сяк, але не маю нічога супраць. Бо робіцца гэта напраўду па-майстэрску.

👁️ Яшчэ адно, што выдатна робіць аўтарка, – гэта глядзіць на адны і тыя ж падзеі вачыма розных герояў. Тут мы будзем глядзець і праз вочы габрэйскага таленавітага лекара, і праз вочы шведскага афіцэра, і праз вочы расейскага палкоўніка.

❄️ У гэтай частцы “Silva Rerum” большасць падзей адбываецца ў Мільконтах, што месцяцца ў жамойцкай глыбінцы. Там жонка чарговага Нарвойша, Ганна Кацярына, па рашэнні мужа мусіла перачакаць чарговую вайну. Але менавіта туды прыходзіць з тузін шведаў, што адбіліся ад войска і шукаюць зімоўку. Пра няпростыя стасункі Ганны Кацярыны і ўсяго мільконцкага двара са шведамі – ладная частка кнігі. А напрыканцы на арэну выйдзе такі тая самая незабыўная Ўршуля з Нарвойшаў Біронтава, якую фізічна разбурае хвароба, але дух якой зламаць немагчыма.

❤️ Вельмі раю. І чытаю далей.

kniznyja_razmovy.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме