Кніга, якая сталася для мяне шэрагам розных адкрыццяў, маленькіх і вялікіх. З прыемных: аўтар – з Івацэвіцкага раёна. Некалі даўно, у тым жыцці, дзе я працаваў у раёнцы, мы, згадваючы вядомых землякоў, ўспаміналі і Генадзя Сагановіча, народжанага ў вёсцы Турная. Тады ніяк не думалася, што мне пашанцуе пачытаць ягоную (вось такую) кнігу ды яшчэ і пісаць на яе водгук. Сагановіч тады – навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН, а мы – простыя раённыя пісакі.
Зямля круглая і маленькая…
Як тут пісаць водгук на кнігу, якая амаль цалкам складаецца з дакументаў той эпохі – “адлігі” і пасля яе? Хіба пахваліць аўтара: от, дакладна прывёў цытату, прытрымаўся стэнаграмы…
Таму буду пісаць наўпрост: чытайце.
Чытайце, каб ведаць, у якіх пакутах нараджалася гістарычная праўда аб Беларусі і ВКЛ.
Чытайце, каб імёны вядомых на сёння у тым ліку і літаратараў атрымалі добры прыважак у сваёй характарыстыцы. Каб пабачыць у трошкі іншым ракурсе Мальдзіса і Глебку, каб дадаць фарбаў у характары Броўкі і Пестрака і яшчэ дзясяткі іншых. Каб, прыкладам, па-новаму зірнуць на такі вядомы псеўданім – Танк, і зразумець, што ён, па сутнасці, і быў тым танкам, які бараніў сваіх, прыкрываў і адстойваў.
Чытайце і жахайцеся, у якіх умовах знаходзілася родная мова на той час, чаго каштавала многім і многім сумленным людзям спроба бараніць яе.
Чытайце і разумейце, што ўсё ў фарміраванні беларускай нацыі рабілася не нейкім асобным бязлікім органам, але асобнымі таварышамі. І што інтэрпрэтаваліся розныя гістарычныя даныя ва ўгоду “генеральнай лініі” канкрэтнымі людзьмі, з імёнамі і прозвішчамі, і адстойвалася гістарычная праўда ў допісах, працах і з акадэмічных трыбун гэтаксама канкрэтнымі людзьмі. Якія пры ўсім вельмі добра разумелі, якой рызыкай для кожнага ёсць спроба навукова абгрунтаваць нацыянальную самастойнасць беларусаў гістарычнымі фактамі.
Што тычыцца кнігі як непасрэдна тэксту. Чытаецца, праўду кажу, як сапраўдны трылер. Завязка: малады вучоны публікуе ў “Полымі” артыкул, у якім, калі агулам, называе ВКЛ дзяржавай не літоўскіх феадалаў (як лічыць на гэты час афіцыйная акадэмічная навука), а літоўска-беларуска-украінскай. Ну яшчэ там кажа пра каталіцызм і унію, якія нешта ды беларусам далі, зусім не славіць праваслаўе, як носьбіт святла, і надта сумняваецца, што прыгнёт сялян у ВКЛ быў большы, чым у Масковіі…
Акадэміна-навуковы стыль аўтара пры ўсім захоўвае сапраўдную жывасць аповеду. Ніяк не думаў, што апісанне акадэмічнай дыскусіі будзе чытацца так захапляльна, бы старонкі прыгодніцкага рамана. Гэта – пра здольнасць аўтара перадаць дух і час. І яшчэ кажа пра ягоную асабістую зацікаўленасць як самім пытаннем, так і тымі людзьмі…
…Дыскусія акадэмічная. Запланавалі на дзень, а давялося весці яе два – там многа жадаючых было выступіць… NB! Вы можаце уявіць такую сітуацыю, каб на навуковую дыскусію з’язджаліся не толькі навукоўцы з усяго Мінску, але ўсе, каму балела за Беларусь? Хто выступаў і што казаў? Чытайце – без перабольшвання, тут будуць адкрыцці…
І тут асобна падкрэслю талент аўтара, які праявіўся ў здольнасці паказаць характар, імпрэсію кожнага з выступоўцаў. Бачна, як некаму балела за краіну, як нехта бараніў навуку і сябра, як несла ад іншых выступленняў знаёмым душком вернападданасці і ўгодніцтва, а ад іншых – жаданнем сілай не проста прымусіць замоўкнуць смелага, але вынішчыць само разуменне навуковай (і ўсякай іншай) самастойнасці.
Другая серыя трылеру: дыскусія завершана, пастанова з цяжкасцю прынятая. Але ж то не канец, бо цяпер у ролю уступае галоўны знаўца гістарычнай і любой іншай навукі – партыйная камісія. А пазней і ЦК партыі…
Пачуццё роспачы трымае за горла ўвесь час, як і пытанне подленькае: навошта вам, людзі? Пішыце свае артыкулы паводле генеральнай лініі, абараняйце доктарскія, збірайце спісы работ… Бо ж самі бачыце: памылкі па неразумнасці тут даруюць, але настойлівасць ці тым больш цвёрдалобства партыя і яе органы хуценька разгледзяць і паставяць кляймо нацыяналіста з усімі, як кажуць, наступствамі…
Гэта кніга не пра лёс аднаго чалавека, як можа здацца з вокладкі, але пра эпоху, пра думку і яе выспяванне, нараджэнне і пакутлівае стаўленне.
Гэта кніга не па гісторыі Беларусі. Гэта кніга пра тое, як стваралася гэта гісторыя – гісторыя не як дзея, а як акадэмічны тэкст. Як яна запісвалася, рэдагавалася, выпраўлялася і падпраўлялася. Гэта кніга пра час і людзей у часе, кніга пра выспяванне нацыянальнай самасвядомасці. Кніга пра Беларусь як нацыю і грамадства, зробленую ва ўгоду партыйным бонзам плацдармам па адпрацоўцы тактыкі і стратэгіі “будаўніцтва камунізма”.
І пытаешся ў вусцішы які ўжо раз: як жа выжыла ты, краіна, са сваёй мовай, гісторыяй, культурай?
Зрэшты – чытайце. Там адказ на гэта пытанне.
В. Г.

