Даўно не пісала на фэйсбуку, але зараз маю цудоўную нагоду. Хачу ўсім параіць дэбютны раман Яны Гульцяевай “Linea lateralis”. Яна Гульцяева
Нягледзячы на пяць гадоў на філфаку, чытыч з мяне трохі плябейскі, таму пачну з самага важнага для мяне: гэтая кніга захапляльная. Я не магла ад яе адарвацца, чытала начамі, хапалася за яе ў любую больш-менш вольную хвіліну. Прыемнае і, на жаль, трохі падзабытае пачуццё. Цяпер да больш сур’ёзных разважанняў.
Гэта кніга пра малую радзіму – родную, прыгожую, дарагую сэрцу і абсалютна беспрасветную, безнадзейную і занядбаную. Я нарадзілася ў Мінску і доўга нават не ўяўляла, як жывуць беларускія пасёлкі і вёскі, А калі даведалася (была такая магчымасць), то жахнулася і зразумела, што раней нічога не ведала пра Беларусь. Раман “Linea lateralis” якраз дазваляе паглядзець знутры на жыццё сучаснай вясковай Беларусі, таму вельмі, вельмі варта прачытаць тым, хто думае пра нашу краіну і яе будучыню.
Гэта раман пра сям’ю – разбураную, знішчаную алкагалізмам, псіхічнай хваробай, афганскім досведам. Тэма моцна звязаная з першай, адпаведна, вельмі варта прачытаць, калі мы, беларусы, хочам ведаць, праз што, магчыма, прайшлі людзі побач з намі.
Гэта раман пра юнацтва, сталенне, першы пацалунак, школу… З аднаго боку, я б не хацела, каб гэта прагучала, як апісанне падлеткавага рамана, бо кніга нашмат глыбейшая. З іншага боку, я б магла толькі зычыць падлеткам прачытаць такую кнігу і пабачыць наперадзе святло маяка. Зрэшты, добрымі кніжкамі зачытваюцца і дарослыя, і падлеткі.
Лагодна з’яўляецца тэма эміграцыі. Настолькі лагодна, каб быць і разам з тымі, “хто не змог і з’ ехаў”, і разам з тымі, “хто змог і застаўся”.
Рашуча і палітычна, а не сімвалічна і паэтычна акрэслена тэма мовы, так, як, на мой погляд, павінна быць у наш час і ў нашых умовах. І сама мова рамана – гэта мова майго пакалення. Мова тых, хто вучыў яе не ад бабуляў у вёсках, а на тых няшчасных двух-трох уроках мовы і літаратуры, з кніжак, з песень “Народнага альбома”. Беларуская мова не была нашай першай мовай, але мы свядома зрабілі яе роднай.
І калі, нарэшце, да яскравага рэалізму дадаецца трохі містыкі (ці, можа, шаленства?), вынік уражвае.
Раман дэбютны, таму, можа, дзесьці няроўны, але мяне асабіста гэта прымушае толькі з большай нецярплівасцю чакаць другой часткі, і спадзяюся, што чаканне не будзе занадта даўгім.

