Linea lateralis. Яна Гульцяева

Linea lateralis. Яна ГульцяеваДаўно не пісала на фэйсбуку, але зараз маю цудоўную нагоду. Хачу ўсім параіць дэбютны раман Яны Гульцяевай “Linea lateralis”. Яна Гульцяева

Нягледзячы на пяць гадоў на філфаку, чытыч з мяне трохі плябейскі, таму пачну з самага важнага для мяне: гэтая кніга захапляльная. Я не магла ад яе адарвацца, чытала начамі, хапалася за яе ў любую больш-менш вольную хвіліну. Прыемнае і, на жаль, трохі падзабытае пачуццё. Цяпер да больш сур’ёзных разважанняў.

Гэта кніга пра малую радзіму – родную, прыгожую, дарагую сэрцу і абсалютна беспрасветную, безнадзейную і занядбаную. Я нарадзілася ў Мінску і доўга нават не ўяўляла, як жывуць беларускія пасёлкі і вёскі, А калі даведалася (была такая магчымасць), то жахнулася і зразумела, што раней нічога не ведала пра Беларусь. Раман “Linea lateralis” якраз дазваляе паглядзець знутры на жыццё сучаснай вясковай Беларусі, таму вельмі, вельмі варта прачытаць тым, хто думае пра нашу краіну і яе будучыню.

Гэта раман пра сям’ю – разбураную, знішчаную  алкагалізмам, псіхічнай хваробай, афганскім досведам. Тэма моцна звязаная з першай, адпаведна, вельмі варта прачытаць, калі мы, беларусы, хочам ведаць, праз што, магчыма, прайшлі людзі побач з намі.

Гэта раман пра юнацтва, сталенне, першы пацалунак, школу… З аднаго боку, я б не хацела, каб гэта прагучала, як апісанне падлеткавага рамана, бо кніга нашмат глыбейшая. З іншага боку, я б магла толькі зычыць падлеткам прачытаць такую кнігу і пабачыць наперадзе святло маяка. Зрэшты, добрымі кніжкамі зачытваюцца і дарослыя, і падлеткі.

Лагодна з’яўляецца тэма эміграцыі. Настолькі лагодна, каб быць і разам з тымі, “хто не змог і з’ ехаў”, і разам з тымі, “хто змог і застаўся”.

Рашуча і палітычна, а не сімвалічна і паэтычна акрэслена тэма мовы, так, як, на мой погляд, павінна быць у наш час і ў нашых умовах. І сама мова рамана – гэта мова майго пакалення. Мова тых, хто вучыў яе не ад бабуляў у вёсках, а на тых няшчасных двух-трох уроках мовы і літаратуры, з кніжак, з песень “Народнага альбома”. Беларуская мова не была нашай першай мовай, але мы свядома зрабілі яе роднай.

І калі, нарэшце, да яскравага рэалізму дадаецца трохі містыкі (ці, можа, шаленства?), вынік уражвае.

Раман дэбютны, таму, можа, дзесьці няроўны, але мяне асабіста гэта прымушае толькі з большай нецярплівасцю чакаць другой часткі, і спадзяюся, што чаканне не будзе занадта даўгім.

Agata Rakava.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме