Libido. Ільля Сін

Libido. Ільля СінНядаўні водгук на другое выданне кнігі мяне не ўразіў надта, але зацікавіў. Урэшце, як кажуць, колькі людзей, столькі меркаванняў. І яшчэ: пра што б ні гаварыў чалавек, ён больш расказвае пра сябе, і асабліва гэта тычыцца літаратуры. Такім чынам, змяшчаю побач два водгукі на адну кнігу – цікава пабачыць, наколькі мы ўсе розныя ў сваім успрыманні літаратуры, дый не толькі яе…


Прабачце, але я ні разу не зразумела, што хацеў сказаць аўтар. Палезла шукаць рэцэнзіі і даведалася, што ў 2019 кніга атрымала прэмію Гедройця! За штоооо

Калі прэмію атрымліваюць такія творы, як “Па што ідзеш воўча”, то гэта дакладна адпавядае функцыі літаратуры. А гэта…

Кніга адпраўляецца да тых рэдкіх кніг на беларускай мове, якія я не пакіну на сваіх паліцах. А захоўваю я не толькі тое, што мне падабаецца. Бо разумею, што кнігавыданне на беларускай – з’ява нажаль вельмі няпэўная ў плане будучыні. Але калі гэта твор мастацтва, то для яго ёсць месца. А гэта – не паймі што 🙄

Сумна, бо быццам бы шмат вобразаў-намёкаў, ад якіх чакаеш, што яны вось-вось раскрыюцца далей – і…нічога не адбываецца. Як купа мяса без шкілету, прабачце.

P. S. Гэта трэцяя кніга з серыі “Акно ў прозу”, і я абавязкова прачытаю ўсю серыю.

✏️ Міжмоўе, калі вымушанае маўчаньне не прарастае словамі, захрасаючы ў роце…

✏️ Пагатоў, у кожнага ж ёсць свая ўласная гісторыя, і ніхто не захоча па сваёй волі ёю дзяліцца

✏️ Рэчы застаюцца, калі зьнікаюць пачуцці

✏️ Рэчы надзейныя і непарушныя, нават калі яны аддадзеныя пад уладу гніеньня. Людзі перастаюць быць значна хутчэй – спачатку адно для аднаго, а потым і для сябе саміх

✏️ Мне заўсёды здавалася, што каб спраўдзіць сваё існаваньне, ты павінен адлюстроўвацца ў вачах іншых людзей. Каб проста быць, ты мусіш няспынна быць для кагосьці. Гэта глупа, праўда, Марыя? Кожны з нас самадастатковы, ці ня так?

✏️ Смерць ставіць перад намі невырашальныя пытаньні, адкрывае неспасьцігальныя пэрспэктывы, прышчапляе страх, змушае крычэць у неабсяжнае, матывуе да руху ўглыб – бы морква на канцы палкі, што пастаянна матляецца перад асьлінымі вачыма

✏️ Гісторыя – гэта тэлесерыял, а мы толькі пэрсанажы аднаго зь яе сэзонаў

✏️ У кожным разе гэта будзе чужая гісторыя. У кожным разе наша гісторыя калісьці стане чужой. І гэта будзе гісторыя мёртвых людзей.

irina.burdenkova.


Як ёсць псіхадэлічная рок-музыка, так і ёсць псіхадэлічныя літаратурныя творы. Не абавязкова гэта какафонія і трэш. Як раз у кнізе Іллі Сіна “Libido” гучнага пcіхадэлічнага аповеду няма. Усё на паўтонах, як праз туман. Марыя, галоўная гераіня твора, нібыта глядзіць кіно пра саму сябе. Таму ўсе персанажы, якія трапляюцца на яе шляху, як быццам тэатральныя дэкарацыі, або партнёры на здымачнай пляцоўцы. Нікога сур’ёзна яна не ўспрымае, нікога не цэніць і не любіць. Чакае Іншага, якога вымысліла сабе. Але нават і гэты Іншы, які з’явіўся так нечакана, нібыта яго тэрмінова выклікаў рэжысёр, не ўразіў Марыю, і ў яе не з’явілася жаданне выратаваць яму жыццё, бо Іншы прыехаў або да Марыі, або на вайну. І толькі Марыя магла яго вызваліць ад вайны і смерці. Не вызваліла.

Марыя жыве ў звычайным постсавецкім горадзе, з яго звычайнымі жылымі дамамі-блізнятамі, якія так падобныя ў спальных раёнах ад Камчаткі да Брэста. На горад хвалямі накатваецца вайна. Спачатку толькі з паветра – абстрэламі з верталётаў і налётамі бамбавікоў. А неўзабаве кулі ўжо лётаюць паўсюдна і за баямі можна назіраць з уласнага вакна. Праўда, вайна абсалютна не хвалюе Марыю, яна не ведае, хто з кім ваюе, і яе гэта ўвогуле не абыходзіць. Нейкім дзіўным чынам кулі абмінаюць жанчыну, нібыта разумеючы, што гэтае нешта не трапляе ў зямны рацыянальны расклад. Марыя жыве ў жыццёвай прастрацыі, згубіўшыся паміж яваю і трызненнем. Гэтую прастрацыю можна назваць глыбокім сумам жыцця.

У анатацыі да кнігі напісана, што “Libido” – гэта першая кніга Іллі Сіна, якая мае героя і сюжэт. Наконт героя не паспрачаешся, Марыя і ёсць тот герой, пра якога згадваецца ў анатацыі. Але вось з сюжэтам складаней. У прынцыпе, на працягу кнігі амаль нічога істотнага не адбываецца. Гераіня ходзіць па вуліцах, займаецца сэксам з сужыцелямі, марыць пра Іншага, чакае, што вось-вось нешта адбудзецца. Але так нічога і не адбываецца. Бо вайна Марыю не датычыць абсалютна.

Твор уражвае перадусім сваім псіхалагізмам. Аўтар дзіўным чынам пранікае ў патаемнае сваёй гераіні і дзеліцца гэтым з чытачом, прычым апісвае яе бессэнсоўныя будні да самым дробных падрабязнасцяў, што адчуваеш гук яе крокаў, пахі смецця каля ракі, або ўсю жудасную фанаграму збіцця Іншым згаладнелага, ледзь жывога сабакі.

Заканчваецца кніга тэкстам адмысловай малітвы Марыі.Божа, будзь з тымі, хто шукае і не знаходзіць. Амін.

Torvald5

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме