Я і не ведала, як мне была патрэбная гэта кніга, пакуль яна не выйшла.
📗 Гэта тэксты пра нас проста цяпер, у розных кропках – у Беларусі, у Літве, Украіне, Польшчы, Нямеччыне, Аргентыне. Эсэ напісаныя 18-цю вельмі рознымі аўтаркамі, але кожнае з іх – глыбокае, балючае, цёплае, важнае.
📑 Зборнік прысвечаны тэме суседства, і гэта вельмі розныя суседзі. Гэта людзі ў тых краінах, куды мы вымушаны былі пераехаць, гэта і такія ж, як мы, эмігранты. Суседзі ўнутры цяперашняй Беларусі і ў Беларусі ранейшай, умоўна – нашага дзяцінства.
🙏🏻 Я чытала і атрымоўвала адказы на шмат якія свае пытанні. Я дазнавалася пра іншы эмігранцкі досвед, і пра тое, што адчуваюць тыя, хто застаецца ў Беларусі. Тэксты, напісаныя ўнутры Беларусі, надрукаваны пад псеўданімамі, і я бязмежна ўдзячная аўтаркам за магчымасць іх прачытаць.
📌 У тэкстах пра ўкраінскі досвед балюча адгукалася чаканне пакарання за тое, што ты – беларуска. І гатоўнасць да яго, і жаданне, каб ужо хутчэй усё здарылася: каб хтосьці сказаў, выказаў, абвінаваціў.
📌 У тэкстах, напісаных у еўрапейскіх краінах, я пазнавала сваю ўласную няпэўнасць, немагчымасць патлумачыць тое, што нясу ў душы. Пабачыла свае рэфлексіі адносна будучыні і будучыні дзяцей. Тэкст Югасі Каляды, напісаны тут, у Вільні, – увогуле вельмі маё і пра мяне.
📌 Ганна Янкута расказвае пра сваё ўспрыманне Літвы ў дзяцінстве, у бок якой яна рэгулярна ехала, але так і не даязджала, бо проста ехала з Горадні на лецішча. Бо тое было ля самай мяжы. Гэта нагадала мне маё ўспрыманне Латвіі ў дзяцінстве: вёска, дзе вырас мой тата, стаіць на самай мяжы.
📌 Тэкст Зараславы Камінскай расказвае пра досвед суседства на іншым баку планеты. Але Аргентына, якая даўно мяне вабіць, праз тэкст Зараславы становіцца бліжэй.
❤️ Я напраўду лічу гэтую кнігу вельмі важнай, і ведаю, што буду вяртацца да яе. Дужа яе раю, бо гэта акурат тая сучасная, актуальная, глыбокая, эмпатычная літаратура, якая падтрымлівае і дае калі не адказы, то накірункі, дзе іх шукаць.
Да мяне даехалі аўтарскія асобнікі анталогіі эсэ пра суседзяў «Іду да вас, людзі», і яе адным махам прачытала. Вельмі цешуся, што кніга выйшла і ўдзячная за запрашэнне паўдзельнічаць. Гэта тэксты, напісаныя проста цяпер, рознымі аўтаркамі пра розную нашу сучаснасць. З рознымі акцэнтамі, рознымі гісторыямі – аднак кніга атрымалася цэльнай, бо сучаснасць у нас усё ж адна.
Я хвалявалася, што маё эсэ будзе выбівацца сярод іншых, аднак у выніку, здаецца, не выбіваецца. Я напісала пра нашу суседку Літву – і многія аўтаркі выбралі падобны падыход: расказалі пра нейкую краіну і свой досвед, звязаны з ёй. У выніку ў кнізе ёсць Польшча, Літва, Латвія, Украіна, Германія, Аўстрыя, Аргентына – і, вядома, Беларусь. Гэта цёплыя, прыгожыя, мудрыя, часам злосныя, часам балючыя тэксты. Дзякуй укладальніцы і рэдактарцы Алене Казловай і ўсёй камандзе праекта і выдавецтва, што прыдумалі такую ідэю і ўвасобілі яе. І віншую ўсіх аўтарак!
У сваім эсэ я расказваю пра тое, як фармаваліся (і працягваюць фармавацца) мае ўяўленні пра Літву, краіну, у якую я марыла трапіць у дзяцінстве, у якую часта ездзіла да 2020 года па сваіх беларускіх справах, у якой у выніку ніколі не жыла даўжэй за некалькі дзён (дзесяць, калі быць дакладнай) – і якая мае вялікае значэнне для Беларусі як суседка, з якой мы маем шмат агульнага ў гісторыі. А для мяне – як краіна, ля мяжы з якой я бывала ў дзяцінстве і не магла туды дабрацца.
Я ўсё яшчэ хвалююся, як гэты тэкст будзе ўспрыняты чытачкамі і чытачамі.
І вельмі-вельмі раю эсэ астатніх аўтарак – у гэтай кнізе мне падабаюцца ўсе тэксты, кожны з іх вельмі адметны. Напішу пра некалькі, якія з розных прычын аказаліся для мяне асабліва блізкімі. Эсэ Зараславы Камінскай «Пошукі будучыні» пра яе суседзяў у Аргентыне. Я вельмі добра ўяўляю тое, што яна апісала, бо не толькі была ў Аргентыне і не толькі сустракалася там з Зараславай і яе сям’ёй, але і была менавіта ў тых мясцінах, пра якія яна расказвае – у вёсцы Чападмаляль пад Мар дэль Плата, у самім горадзе Мар дэль Плата на беразе акіяна. Адчула сябе літаральна ў яе тэксце. Ёсць у гэтым нешта дзіўнае і чароўнае – як Аргентына зноў і зноў з’яўляецца ў беларускай літаратуры, быццам звязаная з нашай краінай нейкай сувяззю.
Эсэ Міланы Лявіцкай «Гэндальф» – паэтычны і мудры тэкст пра лагер уцекачоў у Германіі і пра крохкае і незвычайнае сяброўства людзей, якія з розных прычын аказаліся вельмі ўразлівымі. Вельмі хачу, каб гэтае эсэ з’явілася ў перакладзе на нямецкую. Не ведаю, як расказаць пра гэтую пяшчотную і сумную гісторыю, каб без спойлераў, але мне здаецца, што яна пераварочвае «мігранцкую гісторыю» як жанр (калі такі жанр існуе) з ног на галаву.
Тафіля Багач «На мяжы» – гісторыя пра беларускую вёску і бабулю (у нас апошнім часам выйшла колькі кранальных вясковых гісторый), але яе галоўная гераіня – складаная і супярэчлівая, «нязручная». Думаю, усе мы сустракалі такіх гераінь у рэальным жыцці (я дык дакладна – гэтым тэкст для мяне і важны). І нягледзячы на яе складаны характар і гісторыю (а можа, якраз за гэта?) аўтарка апісвае яе з мяккім гумарам і любоўю.
Гэтая кніга чымсьці падобная на паэтычную анталогію – яе хочацца перачытваць. Яна дакладна не на адзін раз. Шкадую толькі пра тое, што прачытала яе занадта хутка. І цяпер хачу яшчэ якую-небудзь анталогію 😉

