Калі вы думаеце, што пераклады скандынаўскіх саг і балад, якія апошнім часам пачалі выходзіць па-беларуску, – не для вас, то раю паслухаць выпуск падкаста “Так склалася гістарычна” @tak.skl.histarychna з перакладчыкам Яўгенам Папакулем. Магчыма, з вамі здарыцца тое ж, што і са мной: захочацца абавязкова купіць і прачытаць усе гэтыя кнігі 🙂
📘 У гэтым прыгожым зборніку сабраныя скандынаўскія народныя балады. Пераклады зробленыя з дацкай, шведскай, фарэрскай, ісландскай, нарвежскай і мовы норн. Ужо адно гэтае гучыць для мяне як песня. Пра працу над перакладамі, мовы баладаў ды іншае Яўген Папакуль расказвае ва ўступным артыкуле. Кожны тэкст прадстаўлены ў арыгінале і беларускім перакладзе.
✨ Чытаюцца балады не складаней, чым зборнік народных казак. Некаторыя з іх іранічныя, некаторыя – трагічныя. Але паўсюль будуць двэргі (гномы), вадзянікі, ліндурмы (цмокі), ваўкалакі і нават жывыя мерцвякі. Ну а асноўныя тэмы пазначаны ў самой назве кнігі: каханне, смерць і пачвары.
🔥 Напэўна, самая вясёлая – гэта першая балада “Тор з Хаўзгарда”, у якой Тору давядзецца ўдаваць з сябе нявесту, каб забіць падступнага троля Тосэгрэвэ.
📌 “Тор з Хаўзгарда зацята
пачвараў малаціў –
і шэсцьдзесят пяць троляў
без літасці забіў.
Заторгалася ў Локе
ад смеху галава:
“Вяртаймася дадому,
нявестанька-ўдава”.
⚡ У некаторых баладах час расплаты прыходзіць да тых, хто чыніў ліха. У некаторых – нявінныя пакутуюць і не знаходзяць паратункку.
📌 “Да неба высокім твой мост можа быць,
ды толькі ад лёсу ніхто не збяжыць”.
🙍🏻♀️ Няпросты дзявочы лёс – таксама распаўсюджаны матыў.
📌 “Каня з каштоўнай збруяй
ты жонцы лепш аддай,
а мне, дзяўчыне беднай,
мой гонар захавай”.
🪰 Пра дзявочы гонар дбаюць, дарэчы, не толькі дзяўчаты, а нават і мушкі. Як, напрыклад, у апошняй баладзе зборніка, перакладзенай з фарэрскай мовы.
📌 “Тут мушку павук-сенакосец схапіў –
і з крэсла далоў за касу паваліў.
Мушка пад ім, сенакосец над ёй,
было там такое, што проста а-ёй.
Мушка ж устала, абтрэслася трошкі:
“Сорам табе за мяне, касіножка!”.
Гэта кніга з’яўляецца першым зборнікам скандынаўскіх народных баладаў у перакладзе на беларускую мову. Творы зборніка перакладзеныя з шасці моваў: шведскай, дацкай, нарвежскай, фарэрскай, ісландскай і норн – а таксама суправаджаюцца арыгінальнымі тэкстамі. Тэматыку ўсіх баладаў можна сцісла апісаць як “каханне, смерць, пачвары”.
Кніга прызначаецца ўсім аматарам суровай і таямнічай скандынавіі.
З анатацыі
Пахвалюся набыткам. Кніга “Каханне. Смерць. Пачвары. Скандынаўскія народныя балады” у перакладзе Яўгена Папакуля Yauhen Papakul.
У маім уяўленні хлопец, які перакладае са шведскай, дацкай, нарвежскай, фарэрскай, ісландскай і мёртвай мовы норн настолькі круты, што я, па праўдзе, думала — калі ў яго і ёсць праблемы, дык адно з тым, каб адбівацца ад чаргі з выдаўцоў.
Я думала прыблізна так: “Якія самародкі нараджаюцца ў нас! Гэта ж мець такі талент і такую хэнць — авалодаць не толькі скандынаўскімі мовамі, але і аджывіць для беларусаў фальклор скандынаваў!”
Але вось жа сённяшні допіс Marharyta Latyshkevich пра пошук выдаўца на кнігу нагадаў, што не ўсё так у жыцці проста. Самародкам ніколі дужа лёгка не жывецца. Бо тых, хто можа іх убачыць і ацаніць як належыць — таксама не шмат… Але ж, на наша чытацкае шчасце, усё адно ёсць! Перакладчык і выдавец урэшце сустрэліся, і мы маем унікальнае выданне.
Быў час, я чытала шмат не толькі скандынаўскай літаратуры, але і пра яе, імкнулася высветліць для сябе, да прыкладу, чаму ў нас такія папулярныя народныя казкі, а ў Швецыі — не. Цікавымі падаліся развагі даследчыцы з Піцера Л. Ю. Браўдэ ў кнізе “Сказочники Скандинавии” (издательство “Наука”, Ленинград, 1974). Адно з яе меркаванняў датычыць таленту збіральнікаў-пераказчыкаў. Мала сабраць, зафіксаваць. Пераказаць так, каб з цікавасцю слухалі, гэта асобны талент (адну старонку з кнігі сфатаграфавала і выкладаю дзеля нагляднасці).
Калісьці гутарыла з Янінай Арлов, даследчыцай і крытыкам шведскай дзіцячай літаратуры. Вось маленечкая вытрымка з інтэрв’ю з ёй:
– У нас па шэрагу прычынаў папулярная фальклорная літаратура – кнігі прыказак, прымавак, народных казак… А ў Швецыі?
– Фальклорныя творы ў нас таксама выдаюцца, але каб яны былі папулярнымі – не скажу. Хаця зазначу: шкада, бо гэта найцікавейшы пласт культуры…
А беларускі самародак Yauhen Papakul так пераказаў скандынаўскія народныя балады, што беларусы іх мала таго што лепш за саміх скандынаваў хутка ведаць будуць, дык яшчэ і закахаюцца да бяспамяцтва).
Кніга стылёвая, з выдатным дызайнам і ілюстрацыямі Ірыны Андрэевай. Асобныя балады бачацца мне кніжачкамі, праілюстраванымі для малодшых дзяцей (ёсць там парачка смешных без задужа страшнага). Уражвае частае падабенства сюжэтаў з беларускімі народнымі казкамі…
Я вельмі шкаую, што калекцыя перакладаў Яўгена Папакуля ў мяне не поўная — ранейшыя кнігі праміргала з розных нагодаў. Больш так вароніць не буду! Буду чакаць наступных — і перавыдання ранейшых.
Віншую стваральнікаў і нас, чытачоў.
Замовіць кнігу можна тут: https://knihi.by/kachannie-smierc-pacvary