Чароўны чамадан з пахам адрэналіну. Алесь Бычкоўскі

Чароўны чамадан з пахам адрэналіну. Алесь Бычкоўскі

Фантастычныя дэкарацыі Алеся Бычкоўскага

Апошнім часам многія празаікі спрабуюць сябе не толькі ў традыцыйных жанрах, але і ў фэнтэзі, якое, па сведчанні даследчыкаў, уяўляе сабой «спалучэнне фантастычных дэкарацый і рэальнага свету».

Адным з такіх сучасных аўтараў з’яўляецца Алесь Бычкоўскі з горада Беразіно, што на Міншчыне. Ён заявіў пра сябе як аўтар некалькіх твораў у жанры фэнтэзі. Дарэчы, яго перадапошняя кніга “Ацалелы або вясёлыя хаўтуры” (2022) – трагікамічны дэтэктыў, зразумела, з элементамі містыкі. Бо хіба можна «прачнуцца ў труне…» і часова стаць… «могілкавым вартаўніком»?

У гэтым годзе Аляксандр Аляксандравіч выдаў новую кнігу, у якую ўвайшлі аповесці і апавяданні. Трэба адзначыць, што выйшла яна ў новай серыі выдавецтва «Беларусь», якая мае гучную назву «Век прозы».

Спачатку прыцягнула ўвагу назва – «Чароўны чамадан э пахам адрэналіну». Падумалася, штосьці дэтэктыўна-гістарычнае. Прачытаўшы зборнік, стала разважаць, у якім жанры напісаны творы: фантастыка, фэнтэзі ці казкі. Прыйшла да высновы, што аповесці і апавяданні Алеся Бычкоўскага не аднясеш да аднаго жанру. Тут змяшанне некалькіх. Агульнае тое, што амаль усе апісаныя аўтарам падзеі знаходзяцца за межамі сапраўднага, хоць і маюць непасрэднае сутыкненне з рэальнасцю праз сваіх герояў.

Калі браць за аснову, што фантастыка больш абапіраецца на гіпатэтычную навуку, фэнтэзі – на магічныя звышнатуральныя сілы, а казкі – на народныя паданні, то, канешне, умоўна можна правесці нейкі падзел. Напрыклад, аповесць «Чароўны чамадан з пахам адрэналіну» паспрабуем аднесці да фантастыкі: там гаворка ідзе пра «мадэль малекулярна-сінтэтычнага арганайзера», які выконвае жаданні. Фабула твора – «мадэль» у выглядзе чамадана выпадкова аказалася на Зямлі і была выкарыстана ў асабістых мэтах, што забаронена.

У аповесці «Замарочча» больш містыкі (сучасны святар апынуўся ў прыгонніцкім мінулым, дзе яму прыйшлося сустрэцца не толькі з лютым панам, але і са зданню ў выглядзе маўклівай дзяўчынкі), а ў «Вясковых легендах» пераважаюць народныя паданні, у якіх камянеюць людзі і чуецца царкоўны звон з дна возера. «Трэцяе жаданне» навеяна сусветна вядомым зборнікам «Тысяча і адна ноч», толькі казкі Бычкоўскага – на сучасны лад, са сваёй адметнасцю апісання незвычайных сітуацый.

Але яшчэ раз паўтаруся, што гэты падзел умоўны. У адным творы могуць выкарыстоўвацца і містычныя моманты, і казачныя гісторыі, і народныя паданні. А, напрыклад,  асновай апавядання «За тысячу гадоў да канца свету» стала прытча аб гарлачы з чароўнай гліны. Хочацца прывесці наступны ўрывак:

«Пустэльнік прамовіў:

– За доўгія гады я ўпэўніўся, што спаўняюцца жаданні толькі асоб, падобных танцорцы Руце. 3 іншым гарлач не спрацоўвае і не мае сэнсу. Тым, у чыіх галовах адно грошы і ўлада, літасць не дапаможа…»

Рута прапанавала палову ўласна га жыцця, каб Спрадвечны дапамог мужу, які «ўжо адной нагой на  тым свеце быў». Яе жаданне споўнілася.

Адчуваецца, што аўтар нават не спрабаваў прытрымлівацца нейкіх канонаў. Ён упэўнена ішоў за прыдуманым сюжэтам. выкарыстоўваючы тую рэальную фактуру, якую набыў з розных крыніц, і свой шматгадовы вопыт журналіста і пісьменніка. I ў яго нядрэнна атрымалася! Хоць трэба адзначыць, што некаторыя ўедлівыя чытачы могуць заўважыць запазычанасць тэм.

Аповесці Алеся Бычкоўскага чытаюцца лёгка, без натугі, з цікавасцю. Мяркую, што гэтаму спрыяюць іранічны гумар, яскравыя вобразы і параўнанні, псіхалагічнае абгрунтаванне ўчынкаў герояў, нечаканыя павароты сюжэта.

Нэлі Мельнічэнка, ЛіМ.


Гэта кніга, як сведчыць анатацыя, пачынае серыю «Век прозы», заснаваную выдавецтвам “Беларусь”. Мяркуючы па апісанні, у серыі будзе выдавацца найлепшае, што створана ў наш час у беларускай мастацкай літаратуры.

Задума не проста добрая – выдатная. І трошкі, чаго тут хаваць, казыча зайздрасць, дый нават не зайздрасць, а разуменне немагчымасці ў тую серыю патрапіць. Тут ніц не паробіш, пачакаем другую ды трэцюю кнігі серыі – наколькі выдавец будзе прытрымлівацца як знешняга афармлення (традыцыйна-класічнага), так і выбару твораў і аўтараў. Аднаго не хацелася б пабачыць – зборнікаў апавяданняў ды кароткіх аповесцяў розных аўтараў, тых самых “брацкіх магіл”.

Але – да кнігі.

За творчасцю Алеся Бычкоўскага сачу даўно і з цікавасцю. Ягоная іранічнасць у творах мне пасавала, як і неабавязковасць прытрымлівацца пэўнага канону ў сваіх сюжэтах. Напісана ім не так мала – аўтар мае некалькі выдадзеных кніг. Ды толькі, лічу, кніга “Ацалелы або Вясёлыя хаўтуры” нарэшце вывела аўтара ў ягонае асабістае рэчышча бачання таго, пра што ён хоча пісаць і як хоча. У гэтым творы ўжо запачаткоўваюцца рысы таго, што цалкам раскрываецца ў кнізе “Чароўны чамадан…” – іранічная наіўнасць.

Наіўнае мастацтва само па сабе існуе даўно, як у жывапісе, так і ў літаратуры. Наіўнае – недасканалае, прымітыўнае, самаробнае… Але і ў выяўленчым мастацтве яно хутка пазбавілася скептычных адносінаў, калі зрабілася асаблівай формай выражэння задумак майстроў, і ў літаратуры займела права на сур’ёзныя да сябе адносіны, калі таленавітыя аўтары скарыстоўвалі той самы наіў як сродак. Сярод самых вядомых твораў сусветнай літаратуры з выкарыстаннем гэтага сродку – “Прыгоды зухаватага ваякі Швейка”.

Мяркую, Алесь Бычкоўскі не спецыяльна выбіраў – пэўныя пакліканні і набыты вопыт недзе падсвядома трансфармаваліся ўрэшце менавіта ў такую форму і такі стыль:  наіў, іронія, лёгкі гумар.

Гэта ў пэўным сэнсе дазваляе развязаць рукі – аўтар без аніякага-якага скарыстоўвае ў адной кнізе і казачную гісторыю, і вясковую містыку, і амаль навуковую фантастыку. Прызнацца, напачатку гэта ўсё трохі і раздражняе – ужо занадта вольна Алесь абыходзіцца з сюжэтам, фактурай, псіхалагічным абгрунтаваннем учынкаў герояў. Але ўрэшце ўсё атрымліваецца досыць цэльна – і пасля прачытання застаецца той самы паслясмак, які і цэніш найбольш у кнігах.

Не магу сказаць, што ўсе творы ў кнізе падаліся мне дасканалымі. Заўваг у мяне – мяшок і малая торбачка, але пра гэта пазней. Напачатку б адзначыў здольнасць аўтара да ненавязлівага гумару, умення уставіць яскравае азначэнне. Прыкладам:

Хаця і не хлопец зусім. За трыццаць гадоў, самастойны мужчына, узрост Ісуса Хрыста, самая пара або сям’ю займець, або пра манастыр падумаць, ну ці здзейсніць подзвіг дзеля радзімы.

Добрая аповесць “Вясковыя легенды” – з-за пэўнай загадкавай атмасферы, таямнічасці, недагаворанасці. Як мне, дык прыўнясенне ў твор сюжэту з прыгод біблейскага Лота падалося напачатку занадта ўжо прымітыўным запазычаннем, але ж вось пагугліў-паўспамінаў: у беларусаў нямала матываў, дзе камянеюць людзі, чым часам і тлумачыцца з’яўленне нейкіх валуноў. То хай будзе.

Увогуле ж, гісторыя кранае.

Да іранічнага наіву не варта адносіцца з прафесарскай сур’ёзнасцю. Тым больш тады, калі стыль аўтара – вывераны і устояны. Для нас, чытачоў, лічу, важна іншае: маем нешта адметнае і адрознае ад усяго масіву літаратуры. І таму цікава пабачыць: што будзе далей, ці здзюжыць аўтар ўтрымацца ў сваім рэчышчы і стварыць хай не Швейка, дык нешта падобнае да яго.

А цяпер пра мяшок і торбу заўваг.

Мабыць, абыдуся без пералічэнняў, бо яны зоймуць шмат месца. А напачатку аб галоўным: аб тым, што першыя адзінкавыя выпадкі сталі, на жаль, тэндэнцыяй, а цяпер і тэндэнцыя стала нормай. Я пра адсутнасць рэдагавання мастацкай прозы.

Не, кніга ў плане стылістыкі, пісьменнасці – на наш час амаль узорная. Адрэдагаваная і вычытаная. Прыемна чытаць, не сустракаючы элементарных памылак, якімі поўняцца цяпер некаторыя выданні. Я пра іншую рэдактуру – пра тую, калі аўтара нехта паважаны для яго бярэ за карак і бы тое кацяня тыкае ў старонкі: а вось тут што?

На жаль, ёсць куды тыкаць аўтара. Колькасць раяляў з кустоў і багоў з машыны непрыемна ўражвае. Іншым разам героі не самі дзейнічаюць, а аўтар іх цягне сілком. Недзе (асабліва ў гісторыі з джыніяй) нямала ўжо не наіўных, але недапушчальных дапушчэнняў. Усё ж, якой бы ні была наіўная іранічная проза, логіку дзеяў і псіхалогію ўчынкаў ніхто не адмяняў. А калі іх адмяніць – што і здараецца месцамі ў першай аповесці – атрымліваем не казку, не містыку, не наіў, а звычайную недапрацоўку аўтара, якому ніхто не паказаў на элементарныя ляпы.

Аксіёма: лепш відаць збоку. Сам аўтар не толькі чытае свой тэкст – для яго ўся дзея ўжо існуе ў галаве. Для мяне ж, як чытача, гэты свет якраз толькі нараджаецца з прачытанага. І таму тое, што аўтару падавалася існуючым без нагадвання, мне – адсутнасць тлумачэння. Колькі ўжо даводзілася чытаць рукапісы – у кожным былі тыя грахі, які аўтары самі не заўважалі, і за што пасля дзякавалі. І сам быў такім аўтарам, і мяне, бы тое кацяня, тыцкалі пыскай у тэкст, і я сам дзівіўся з сябе: як жа я такое мог прапусціць, як мог напісаць, як мог не пабачыць…

Тым не менш, першую кнігу серыі я б не лічыў першым блінцом з прымаўкі. У кожным разе, маем прозу сталага аўтара, да ўсяго – новы жанр у сучаснай беларускай літаратуры. То ў добры шлях.

В. Г.

 

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме