Увогуле ў мяне ёсць цэлы пералік паэтаў сярэдняга пакалення, кнігі якіх я хацеў бы мець. Дакладней, зборнікі лепшага выбранага, бо з большага іх кнігі розных гадоў я маю. Практычна ўсе гэтыя паэты не выдаваліся ў кніжным фармаце ўжо 10-15-20 гадоў. І гэта паэты сярэдняга пакалення.
Зборнік выбранага Янкі Лайкова «Песьні зьбянтэжаных рэк», які сёлета выйшаў у паэтычнай серыі «Брукаванка», як раз з гэтага спісу. Калісьці, ці ў першай ці ў другой яго кнізе, я прачытаў верш «Вадзянік». Надзвычай сугучны з паэзіяй майго любімага Алега Мінкіна, я нават перачыў той верш некалькі разоў.
Аброслы раскаю і згорблены,
увесь пасрэбраны луской,
спавіты воднай прахалодаю,
нясьпешна ён ідзе ракой.
Сапраўдная філіграннасць і маляўнічасць слова, калі адчуваеш тую знаёмую «над заваддзю рачной» летнюю млявасць, і чуеш гукі, якія «дыхаюць сутоньнямі». Чароўны верш. І аўтар патрапіў у мае запаветныя спісы.
Дарэчы другая і перадапошняя кніга Лайкова «Вогнепаклоннік» выйшла ў «Мастацкай літаратуры» у 2003 годзе. Адбыўся сур“ёзны перапынак – амаль 23 гады. На шчасце, сапраўная паэзія як і сапраўднае віно з часам робіцца толькі лепшай.
Спадзяюся, што выхад гэтай кнігі абудзіць творчыя памкненні і амбіцыі паэта. А паэту што патрэбна, толькі ўвага і пачуццё нямарнасці сваёй творчасці. Таму чытаем беларускіх паэтаў і складаем свае запаветныя спісы.
А.А.

