Прызнаюся, пачынаў чытаць кнігу з доляй скептыцызму. Мо яшчэ і таму, што пачытаў рэцу, занадта ж ухвальную (яна тут ніжэй, і я яе нахабна скараціў, абрэзаўшы празмерныя хваласпевы).
Першыя апавяданні не надта ўразілі.
Са свайго вопыту ведаю, што напісаць апавяданне не так проста, як іншаму падасца. Гэта – канцэнтрацыя думак, выстрэльванне ідэі, фінал часцяком не проста нечаканы, а як успышка нечаканага ліхтара, святло якога кладзецца на карцінку пад зусім нечаканым вуглом.
І вось гэтай успышкі ў апавяданнях Алены Беланожкі няма ці яна занадта слабая, размытая лішнімі тлумачэннямі. Аўтарка павольна асвятляе словамі прастору, мы глядзім далей і глыбей, там новае і – на жаль, не нечаканае. Наадварот, фінал – бы апошні фрагмент пазлу, які амаль што нічога не дадае карцінцы – мы яе ўжо пабачылі раней, прачытаўшы трохі больш за плову.
І пры ўсім, прызнаюся шчыра, уражаны быў фантазіяй аўтаркі. Галоўнае што – мноства яе сусветаў цалкам новыя. Арыгінальныя. Непаўторныя. Не чытаў раней пра такое.
Да прыкладу, тое ж “Дзіця зямлі”. Спойлеру: на планеце тры віды людзей: непасрэдна людзі, летуны, якія маюць крылы, плывуны, якія могуць жыць у моры. Генетыка руліць, карацей.
Вось нейкая далёкая будучыня, вучоныя навучыліся лавіць тых самых істот з паралельнага сусвету, кшталту русалак, хатнікаў (Грэбень у скрыні). Да прыкладу:
Канешне, там Светачка Вярба ў кашміравай сарочцы ловіць лазенніка на голыя грудзі,
Навошта ловяць? Каб вывучаць. Шчыра – у захапленні ад такога павароту.
Але. Бесчалавечнасць вучоных – яшчэ куды ні ішло. А вось дэманізацыя істот, той жа русалкі, якая (зноў спойлеру) становіцца Фрэдзі Кругерам і забівае, забівае… Навошта?
І зноў фінал – як тармажэнне на спуску. Ты гатовы далей ляцець, чакаць той успышкі святла, а твой вагон раптоўна пачынае спыняцца.
Цікавая завязка ў “Белым доме”. І раскручваецца дзея досыць эфектна, але – зноў жа фінал… Ну, ніякі. Літаральна спісаны са штурму Зімняга 1917 года.
Вельмі цікавы па задуме і выкананні “Маладзік…”. Фінал – несапраўдны.
Як па мне, надзвычай моцнае апавяданне “Твары”. Накручана няблага, насамрэч, новы сусвет з ягонымі гендарнымі нормамі сапраўды новы. Раней не апісвалася. А ўжо публічны дом, куды ходзяць таемна мужчыны, каб пабыць сам-насам за размовамі з разумнымі, інтэлігентнымі жанчынамі з сапраўднымі тварамі ды атрымаць там зарад натхнення, а то і злавіць прасвятленне, ідэю за хвост – згадзіцеся, шыкоўна. І спадабалася гаспадыня. І тут нават фінал выйшаў сапраўдны, нечаканы, успыхнула святло з незвычайнага ракурсу. Але апошнія сказы нагналі суму… Яны проста лішнія.
Размытасць фіналу лішнімі абзацамі перашкаджае, залішняе тлумачэнне таму, што і так зразумела, выклікае прыкрасць, маўляў, што мне тлумачыць, хіба я дзіця? А калі і не да рэшты патлумачана – дык хай сам чытач дадумвае…
Да прыкладу, у апавяданні па кветкі варта б было спыніцца вось на гэтым абзацы. І больш ні слова:
Дарэчы, дай-ка мне букецік для маёй жоначкі… Толькі выключы яго, каб лішняе што не сказаў – мая Люсьена і без усялякай псіхалогіі ідэальная!
Але, нешта я тут надта раскрытыкаваўся. Што тычыцца вышэй памянёных “Вясновых кветак”, дык зноў жа – гэта новы цікавы свет з гіпербалізацыяй пэўнай ідэі.
Фантастыка Алены Беланожкі – сацыяльная. Яна не імкнецца ў навуку, яе не цікавяць тэхналагічныя прарывы. Яна выбудоўвае ў сваіх апавяданнях недзе постапакаліптычную, недзе неверагодна заціснутую ідэалогіяй будучыню, недзе сусвет аказваецца пад уладай асобных людзей з іх “завернутасцю” на асабістым – “Твары”. І сусветы цікавыя.
Шкада, што ў нашым беларускамоўным асяродку фантастыка – рэдкі жанр, а значыць, і добрых рэдактараў для гэткага чытва цяжка адшукаць. Ды калі чытач не такі прыдзірлівы, як я, а фантастыку любіць у любым яе жанры, то кніга прынясе колькі прыемнага часу.
І на завяршэнне. Не ведаю тэрмінаў напісання, але адчуваецца: пазнейшыя творы напісаны досыць добрай мовай, ёсць і вобразнасць, і настрой ў параўнанні з ранейшымі.
В. Г.
Сусвет твораў пісьменніцы Алёны Беланожка
«Дзіця Зямлі» раскрые цэлы сусвет, складзены з цаглінак — апавяданняў. І хоць героі ў іх розныя, і сюжэты адрозніваюцца, і дэкарацыі заўсёды іншыя, аднак разам апавяданні вымалёўваюць панарамны відарыс імавернай будучыні. У дадзеным выпадку навукова-фантастычныя творы ўтрымліваюць у сабе значны элемент «навуковасці», за што асаблівая ўдзячнасць стваральніцы такой цікавай кнігі.
Алёна Беланожка напісала шматсэнсоўную і шматпланавую кнігу. Кажучы сухой мовай, аўтар зрабіла спробу асэнсаваць імаверныя шляхі развіцця цывілізацыі. Спынюся на некалькіх апавяданнях, якія мяне найбольш уразілі.
Узорам сацыяльнай фантастыкі можна назваць апавяданне «Белы дом». …Людзі стварылі сабе месца, у якім можна стаць шчаслівым, праўда, насяляюць тое месца асобы, у якіх, па меркаванні грамадства, назіраюцца псіхічныя адхіленні — пісьменнікі, музыканты і гэтак далей. Жывуць яны дружна ў сваім запаветным месцы. Так званых «вар’ятаў» яднае любоў і дабрыня, яны не ўжываюць адкаголь, не кураць, не брыдкасловяць, адно займаюцца творчасцю, любімай справай. І ўвесь гэты свет рушыцца, калі да іх пранікае журналіст, каб напісаць, што ж там робіцца… У фінале ўзнікае важнае пытанне: хто ж на самай справе вар’яты — насельнікі Белага дома ці «здаровыя» людзі, якія з-за зайздрасці прыйшлі натоўпам прыгаданае месца знішчыць?
Узорам касмічнай оперы падаўся твор «Маладзік па небе ходзіць». Гісторыя «жывога» карабля «Маладзік» з разумнай Пеларгоніяй на борце выглядае як невялікі эпізод нейкай буйной эпічнай сагі, якая адчуваецца за кожным абзацам апавядання. Прытым эпіка тая — уся айчынная, без намёку на заходнія літаратурныя ўзоры.
З самага пачатку дваякія пачуцці ўзнікаюць, калі чытаеш апавяданне «Грэбень у скрыні». Уявіце свет, у якім раптам знікла хрысціянства, а замест яго пануе рэлігія ўніверсалізму. Людзі вывучаюць непадуладныя ім з’явы і палююць на русалак, лазнікаў ды іншых істот. Хочуць дакапацца да існасці ўсяго… І атрымліваецца ў выніку, што на самай справе хрысціянства нікуды не падзелася, і калі ў сэрцы галоўнага героя ўзнікае каханне, раптам вынікае, што толькі хрысціянства можа тое каханне ўратаваць.
Наогул жа, у фантастыцы ёсць тэмы, якія можа па-сапраўднаму раскрыць толькі пісьменніца-жанчына. У зборніку процьма падобных прыкладаў, і гэта вам не ружовыя соплі так званых «жаночых раманаў». Прыемна ўражваюць «Твары». Па-мастацку апісваецца свет, у якім жанчынам забаранілі вучыцца. Тут прызначэнне жанчыны адно: нараджаць і гадаваць дзяцей. І ўсе жонкі — прыгажуні, бо кожная абавязана зрабіць пластычную аперацыю, каб падабацца мужу. Гэта ўсё спрыяе дэмаграфіі і ўмацаванню інстытута сям’і, аднак зусім не адмяняе такую з’яву, як наяўнасць публічных дамоў. Толькі займаюцца ў іх не звычайным сексам (яго і дома хапае з жонкамі-прыгажунямі), а сексам інтэлектуальным: паразмаўляць з жанчынай пра творчасць Альбера Камю ці тэарэму Пуанкарэ — вось для чаго ідуць у «інтэлектуальны» бардэль мужчыны — бо дома з уласнымі жонкамі падобнае нельга! Ведаеце, з майго пункту гледжання, адно толькі гэтае апавяданне ўжо варта гучнай літаратурнай прэміі па фантастыцы.
Сацыяльна значная тэма ўзнімаецца і ў «Вясновых кветках». Уявіце сабе спецыяльную службу, якая займаецца выратаваннем сям’і. Агенты яе адсочваюць сем’і, у якіх нешта пайшло не так, распрацоўваюць цэлыя спецаперацыі, у выніку якіх мужоў матывуюць быць сапраўднымі мужчынамі, а жанчынам нагадваюць, што яны ўсе пяшчотныя прыгажуні. «Моцная сям’я — моцная дзяржава» — гэта ж актуальны лозунг сённяшняга дня! Фантастыка — толькі ў метадах рэалізацыі дадзенага лозунгу.
Фантастыка Алёны Беланожкі жыццёвая, вельмі сапраўдная, па-жаночаму прасякнута шчырымі пачуццямі. Хочацца павіншаваць аўтара і пажадаць далейшага плёну на гэтым няўдзячным і даволі пакручастым шляху літаратурнай фантастыкі, на якім выжыве толькі той, хто піша сэрцам.