Там, дзе буяла жыта. Алена Ніякоўская

Там, дзе буяла жыта. Алена НіякоўскаяЧас не спыняецца. Вось ужо мінула дзесяць гадоў з дня выхаду кнігі беларускай філосафкі, педагагіні, літаратуразнаўцы і даследчыцы гісторыі культуры, палачанкі Алены Ніякоўскай «Там, дзе буяла жыта».

Усё сваё сталае жыццё Алена Паўлаўна была звязаная з гуманітарнай сферай. Яна выкладала гуманітарныя дысцыпліны, пісала самыя розныя тэксты — ад навуковых дакладаў і літаратуразнаўчых артыкулаў да вершаў і белетрыстыкі. Нейкі час была сяброўкай полацкага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне», ліставалася з Уладзімірам Караткевічам і Янкам Брылём. Абодва славутыя пісьменнікі раілі ёй цалкам прысвяціць сябе літаратуры, бо бачылі яе несумненны талент.

Дарэчы, Янка Брыль у апавяданні «Чатыры сустрэчы з Сафіяй» згадвае, як яны разам з Караткевічам прыехалі ў Полацк выступаць перад чытачамі і пазнаёміліся там з маладой настаўніцай Аленай Ніякоўскай. Гэтае знаёмства не было выпадковым эпізодам: паміж імі завязалася сяброўства, якое працягвалася ў лістах і размовах пра літаратуру.

Аднак Алена Паўлаўна не адважылася радыкальна змяніць жыццё і пакінуць выкладчыцкую працу. Магчыма, пазней яна пра гэта шкадавала, бо добра разумела: з яе магла атрымацца сапраўдная пісьменніца, а можа, нават класік беларускай літаратуры.

Затое яна стала старэйшай сяброўкай і дарадцай для ўдзельнікаў Таварыства Вольных Літаратараў. Разам з імі брала ўдзел у круглых сталах, дыскусіях і кніжных прэзентацыях, пісала рэцэнзіі на іх выданні. Але, мабыць, яшчэ большае значэнне мелі шматлікія размовы і абмеркаванні, падчас якіх яна шчодра дзялілася сваімі ведамі і разуменнем беларускай культуры.
І, вядома, тэвээлаўцы не маглі пакінуць Алену Паўлаўну без уласнай кнігі.

«Там, дзе буяла жыта» аб’яднала найлепшае з напісанага Аленай Ніякоўскай: вершы, мастацкія пераклады з польскай і нямецкай моў, культуралагічныя і літаратуразнаўчыя даследаванні, артыкулы, рэцэнзіі, а таксама лісты Уладзіміра Караткевіча і Янкі Брыля.

На першы погляд, перад намі вельмі разнастайны збор тэкстаў. Аднак нечакана ўсё гэта склалася ў цэльную кнігу — своеасаблівы трактат пра Беларусь, беларускую культуру і беларускую нацыянальную ідэю. Асобныя артыкулы тут не проста суседнічаюць, а дапаўняюць адзін аднаго, ствараючы шырокую інтэлектуальную панараму.

Дастаткова назваць толькі некаторыя літаратуразнаўчыя працы: «Максім Багдановіч і славянскі мадэрнізм», «“Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага і беларуская нацыянальная ідэя», «Да архетыпічнага ладу паэмаў “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча і “Новая зямля” Якуба Коласа».
Гэта не проста артыкулы, прымеркаваныя да асобных аўтараў або твораў. Гэта падставовыя тэксты для беларускага літаратуразнаўства і культуралогіі. Каб напісаць іх, недастаткова добра ведаць нацыянальную літаратуру. Трэба валодаць шырокім еўрапейскім культурным кантэкстам, бачыць Беларусь не ізалявана, а як арганічную частку агульнаеўрапейскай інтэлектуальнай прасторы.

Магчыма, менавіта таму кніга «Там, дзе буяла жыта» і праз дзесяць гадоў застаецца па-сапраўднаму не прачытанай. Яна яшчэ чакае сваіх уважлівых чытачоў, даследчыкаў і інтэрпрэтатараў. Чакае часу, калі творы Алены Ніякоўскай будуць успрымацца не як дадатак да гісторыі полацкага літаратурнага асяроддзя, а як самастойная і важная з’ява беларускай гуманітарнай думкі.

Дзесяць гадоў для такой кнігі — не завяршэнне яе гісторыі. Хутчэй, толькі пачатак.

АА.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме