Silva Reгum-IV, Крысціна Сабаляўскайце. (Сяргей Шупа)

Silva Reгum-IV, Крысціна Сабаляўскайце. (Сяргей Шупа)Апошняя часта вялікай віленскай сагі – done. І з гэтае нагоды мне крыху сумна. Акрамя таго, што апошні том сам па сабе меланхалічна-тужлівы, мне проста сумна, што я дачытала і гэтая прыгода – скончаная.

📚 Я рабіла паўзы паміж кнігамі, чытала павольна, бо разумела, што такое чытанне са мной можа яшчэ не хутка здарыцца. Стыль, сюжэт, безліч цікавых дэталяў, яркія і супярэчлівыя героі, бліскучы пераклад, Вільня, у якой я цяпер жыву, – дзе яшчэ гэта ўсё ўзяць, каб у адной кнізе?

📗 Чацвёртая кніга аказалася самай “маёй”. Тут няма жарснага, надрыўнага кахання (ад якога мне бывае крышачку няёмка), галоўны герой – адукаваны, шырокіх поглядаў, воляю лёсу іезуіт, ксёндз, а па пакліканні – матэматык і філосаф. І глядзець праз яго вочы на Вільню, на сям’ю Нарвойшаў, на палітычную сітуацыю ў Рэчы Паспалітай, на тагачасную Еўропу, па якой ён багата падарожнічаў, было вельмі цікава. Нават захапляльна, я б сказала. Пры гэтым тэмп аповеду тут самы павольны. Вельмі шмат апісанняў, назіранняў, разважанняў.

👤 Францішак Ксаверы Нарвойш – ідэальны герой для мяне. Магчыма, нават крышачку зашмат ідэальны, і такога ў рэальнасці быць не магло. Але быццам толькі такі як ён і мог расказаць пра апошнія гады Рэчы Паспалітай, пра прагрэс і затуханне, пра адрозненні паміж нідэрландцамі, французамі, англічанамі, палякамі і літвінамі. Ён быццам бы рэінкарнацыя Казіміра Нарвойша з першай часткі, але больш сучасная версія, і адначасова яго жыццё добра ўраўнаважвае той феерверк эмоцый і жарсці Ўшулі і Біронта, якімі сага пачыналася.

❤️ Калі вы яшчэ думаеце, ці чытаць Silva Reгum, то я вам адназначна скажу: чытайце! Ёсць, вядома, невялічкая верагоднасць, што вам не спадабаецца і вы не знойдзеце ў гэтай кнізе нічога для сябе. Але кніга вартая таго, каб гэта праверыць.

kniznyja_razmovy.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме