Свінні. Аляксандр Чарнуха

У “Свіннях” усё вельмі пазнавальна: і чыноўнікі, і завадчане, і вёска. Настолькі пазнавальна, што я не магла смяяцца – толькі горка ўсміхацца. Плакаць, як хтосьці пісаў на goodreads, таксама не хацелася.

📕 Сюжэт: у райцэнтры Груздзева надзвычайная сітуацыя – у адной з вёсак, дзе месціўся свінакомплекс, памерла ўсё пагалоўе. Людзі ў роспачы, бо свініна была асноваю рацыёна груздзеўца. Кіраўніцтва раёна пачынае ўсе тыповыя маніпуляцыі: замоўчваць, крытыкаваць, ціснуць, караць нязгодных.

🐽 Аляксандр Чарнуха стварыў з дзясяткі два яркіх персанажаў. Яны ўсе даволі брыдкія. Альбо нягеглыя і вартыя жалю (але жалю мне на іх шкада). І прозвішчы ў іх адпаведныя. Кіраўнік раёна – Невідзьмо, яго ніколі няма на месцы, бо ён ці то па справах, ці то ў санаторыі на аздараўленні… Мясцовая міліцыя – усе з прозвішчамі Кавалёў, але не сваякі. Прыкладна з сярэдзіны кнігі яны пачынаюць насіць балаклавы і ўжо самі не ведаюць, дзе які Кавалёў. А яшчэ ёсць мясцовыя журналісты (Кіпелаў, Круцкіх), дырэктарка школы, кіраўніца дома культуры і завадчане, што працуюць на прадпрыемстве па вырабе ўтулак для камбайнаў, якія ўжо знялі з вытворчасці. І гэтак далей, і гэтак далей.

📝 Тое, што мяне ўразіла – сакавітасць і дакладнасць трасянкі. Прынамсі, менавіта так размаўляюсь у нас у вёсцы на пошце, у краме ды сельсавеце. Гэта вялікая і карпатлівая праца, зробленая, на мой погляд, бліскуча. Дарэчы, кніга першапачаткова напісаная па-расейску, на беларускую пераклаў Алесь Плотка.

✔️“Свінні” – гэта канцэнтрат беларускай рэачаіснасці. Не ўпэўненая, ці цяперашняй, бо сама ўжо амаль год не ў Беларусі.

📕 Ці раю чытаць? Так, раю. Напрыклад, каб крыху прыцішыць тугу па радзіме, альбо каб крыху асвяжыць успаміны (гэта горкая іронія, як што). Унутры Беларусі я б, напэўна, чытаць кнігу не стала.

kniznyja_razmovy


“Дажыначны постапакаліпсіс”, “Оруэл з-пад Шчучыншчыны”, “Дэманічная батлейка” — стылістычна гэта нейкая сумесь сюррэальных фельетонаў Мастаўшчыкова і хтоні ранняга Елізарава плюс Сарокінскі, вядома ж, фінал. Калі б гэты тэкст выйшаў у 2005, ён быў бы роўна такім жа надзённым і актуальным: ён вельмі моцна вяртае ў пекла правінцыйных нулявых. Усё гэта жахліва смешна і нават стамляешся смяяцца, але гэта менавіта батлейка і вар’яцтва.

Таццяна Заміроўская


У часы чалавечых трагедый слёзы не ратуюць. Таму Аляксандр Чарнуха паспрабаваў засмяяцца. З’едлівай, саркастычнай усмешкай, але ўсміхнуўся. І аказалася, што на час, у якім выпала нам шчасце жыць, скрозь смех глядзець страшней, чым скрозь слёзы.

Уладзімір Някляеў


Выпускайце грыб! Аўтар удала пераклаў падзеі ў Беларусі на класіку антыўтопій. Па форме і стылі тэкст бедненькі. Першыя раздзелы мільгаюць дакучлівымі эпітэтамі – немагчыма чытаць, але трэба перацярпець. Таму што ўвесь жах і адкрыццё адбываюцца ў працэсе ўсведамлення і пазнання лёгка вядомых вобразаў. Табе смешна і тут жа становіцца не па сабе ад думкі, што ты перажываеш сюжэт “Скотнага двара” Оруэла. Аляксандр Чарнуха па-майстэрску з гэтым спраўляецца, да прычынення злавеснага паслясмаку па чытанні.

Кирилл Протасения


Свіная фантасмагорыя ў маштабах раённага цэнтра і яго наваколля. Усе персанажы выдуманыя, але супадзенняў шмат, настолькі, што занадта падазраеш аўтара ў знаёмстве з натурамі, ужо вельмі аб’ёмна і смачна выпісаны характары і звычкі гэтых фантастычных стварэнняў.

Мы часта бачылі гэтаае «Свята Ўраджаю ў Палацы працы», сутыкаліся з паказухай, патухлымі вачыма ідэолагаў і свінымі шчокамі выканкамаўскіх работнікаў, дык чаму б не пайсці далей і не выказаць здагадку, што ў адзін цудоўны дзень гэта ўсё скончыцца… Як? Чытайце

Пепсичка

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *