Празаікі-гісторыкі, якіх цікавіць мінулае, свае творы будуюць на аснове фактаў як даследаваных, так і народжаных інтуіцыяй. У гэтым ім дапамагае зварот да прыёму нарацыі, які некалі стаў першым і найбольш важным этапам у станаўленні беларускай прозы, што засведчыў вядомы пісьмовы дакумент «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Менавіта гэтым сёння часта карыстаецца Іван Саверчанка.
Элементы нарацыі відавочны і ў адным з апошніх па часе напісання яго твораў «Выклік, або Дзяржава князя Глеба» («Полымя», 2025, № 3). Гэтая аповесць прысвечана палітычнай барацьбе часоў, у якія жыў першы мінскі князь Глеб Усяславіч. Саверчанка-гісторык аказвае неацэнную паслугу Саверчанку-празаіку. Асабліва калі прыняць пад увагу тое, што канкрэтыкі ў пэўных падзеях мала. Але інтуіцыя дазваляе яму, адштурхоўваючыся ад звестак, якія захаваліся, перайсці да момантаў, што маглі быць у сапраўднасці. Словы «выклік» і «дзяржава», вынесеныя ў назву твора, набываюць у сувязі з рэаліямі сённяшніх дзён асаблівае значэнне. Глеб Менскі заўсёды даваў рашучы адпор тым, хто пасягаў на яго ўладанні. Гэта сапраўды быў выклік ворагам. Праўда, пра тое, што яго княства — гэта дзяржава, думаць не мог. Але дзяржава сапраўды была.
Нядаўна ў чытача з’явілася магчымасць зноў «сустрэцца» з Глебам Менскім. І не толькі з ім, а і з іншымі князямі, якія ў розныя часы былі ўладарамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пра іх новая кніга Івана Васільевіча (выдавецтва «Беларуская навука», у якім яна ўбачыла свет, падае яе жанр як гістарычны нарыс) «Райскі бераг: беларуская зямля ў І—ХV стст. Першы раздзел «Протабеларускія плямёны» — гэта пачатак этнічнай гісторыі беларусаў. Расказваецца, як рассяляліся гэтыя насельнікі, апавядаецца пра іх гарады і крэпасці. Ужо з гэтага раздзела відавочны падыход, якім кіраваўся Іван Саверчанка, беручыся за сваё даследаванне: даць сучаснаму чытачу як мага больш інфармацыі па розных аспектах тагачаснага жыцця. Таму заканамерна з’яўленне наступнага раздзела «Міфалогія і культура». З яго даведваешся, як звалі тыя плямёны, пра абшары рассялення. Называюцца святы, рытуалы, абрады, гаворкі, звернута ўвага на пісьменства, літаратуру. Можна даведацца, калі ўпершыню з’явілася назва Белая Русь. Ды і шмат пра што іншае, што будзе цікава дапытліваму чытачу, а ён, не сумняваюся, у першую чаргу і далучыцца да гэтай гаворкі пра час, што займае пятнаццаць стагоддзяў. Не сумняваюся і ў іншым: цікавасць да нашай гісторыі асабліва ўзрастае, калі пачынаюць вывучаць раздзел «Вытокі беларускай дзяржаўнасці». Бо ўсе мы, вобразна кажучы, родам з Полацкага княства. Полацк — не толькі прамаці беларускіх гарадоў. Ён і пачатак той гісторыі, якая пачалася з заснавання гэтага горада ў 862 г. і працягваецца па сённяшні дзень. Пасля была «Місія Навагрудскай зямлі», «Уз’яднанне княстваў» — так называюцца чарговыя раздзелы. Іншыя знакавыя падзеі і менш знакавыя, якія з гісторыі не выкінеш, Іван Саверчанка называе, пачынаючы з Усяслава Брачыславіча. Як і згадвае відных асветнікаў — на першым месцы, канешне, Еўфрасіння Полацкая.
Завяршаецца кніга «Райскі бераг…» перыядам, калі «заходнія суседзі, хоць і часова, але змірыліся з непазбежным аддаленнем Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы і выхадам беларускага ўрада з-пад польскага прыгнёту». Гэта адбылося ў час праўлення Аляксандра Казіміравіча. Валадаром Беларускай дзяржавы ён быў выбраны на сойме ў Вільні 20 ліпеня 1492 года. У параўнанні з папярэднімі перыядамі ў гісторыі ВКЛ, гэта найбольш плённы ў развіцці краіны. Канешне, цалкам не абышлося без канфліктаў і войнаў, былі паражэнні і перамогі, але было і тое, што не магло атрымацца без дальнабачнасці гэтага валадара, аб чым сведчыць і назва аднаго з падраздзела кнігі: «Захаванне цэласнасці краіны».
Відавочна, што ў дзейнасці сваёй ён шмат у чым апярэджваў час, а яшчэ імкнуўся да таго, каб зямля родная ў свеце ўспрымалася сапраўдным райскім берагам. Камусьці такі эпітэт можа падацца прыцягнутым. Толькі не тым, каго вабяць не чужыя землі, а свая, самая дарагая і любая.
Кніга «Райскі бераг…», безумоўна, разлічана на шырокае кола чытачоў. Несумненна, што гэтыя гістарычныя нарысы не застануцца незаўважанымі навукоўцамі. Ёсць у іх што ўзяць і гісторыкам, і літаратуразнаўцам. Ды і прадстаўнікам іншых навуковых прафесій, бо паказана роля вуснай народнай творчасці, пісьменства, той жа літаратуры не толькі на нашай зямлі, ідзе гаворка і аб тым, як яна садзейнічала духоўна-культурнаму збліжэнню народаў. Аднак «Райскі бераг…» прыцягне ўвагу кожнага, каму хочацца больш ведаць пра слаўнае мінулае нашай Бацькаўшчыны. Гэтаму паспрыяе тое, што Іван Васільевіч не толькі тэматычна разнастаіў матэрыл, але і выкарыстаў розныя жанры. На старонках кнігі сустрэнеш і невялікія нарысы, і артыкулы, і міні-артыкулы, і зацемкі. Шмат і ілюстрацый. Істотна і тое, што пры напісанні кнігі аўтар звяртаўся ажно да 157 крыніц. Тытанічная работа. І ўсё гэта зроблена дзеля таго, каб засведчыць, што Беларусь у Х—ХV «фарміравалася як самабытная краіна-цывілізацыя, з характэрнымі для яе культурнымі кодамі і асаблівай ментальнасцю народа, якую вызначаюць спагадлівасць і дабрыня, разважлівасць і стрыманасць, працавітасць і талерантнасць».
Змест кнігі:
Раздзел 1. ПРОТАБЕЛАРУСКІЯ ПЛЯМЁНЫ
1.1. Цывілізацыйная прыналежнасць
1.2. Пачатак этнічнай гісторыі
1.3. Абшары рассялення
1.4. Жыццё ў суладдзі з прыродай
1.5. Паселішчы, крэпасці і гарады
1.6. Рамёствы, промыслы і гандаль
Раздзел 2. МІФАЛОГІЯ І КУЛЬТУРА
2.1. Пантэон і культы
2.2. Святы, абрады і рытуалы
2.4. Замовы, шэпты і загаворы
2.5. Вусная народная творчасць
2.6. Мова: гаворкі і дыялекты
2.7. Пісьменства і літаратура
Раздзел 3. ВЫТОКІ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ
3.1. Полацкае княства
3.2. Усяслаў Брачыславіч
3.3. Княжанне Барыса і Давыда
3.4. Рагвалод-Васіль
3.5. Прадслава-Ефрасіння
3.6. Турава-Пінская зямля
3.7. Кірыла Тураўскі
3.8. Менскае княства
3.9. Мсціслаўскае княства
3.10. Гарадзенская зямля
3.11. «Слова пра князёў»
3.12. Пачатак барацьбы з крыжакамі
Раздзел 4. МІСІЯ НАВАГРУДСКАЙ ЗЯМЛІ
4.1. Ядро новай дзяржавы
4.2. Князь Міндоўг
4.3. Разгром мечаносцаў пры Саўле
4.4. Узяцце Драгічына-над-Бугам
4.5. Навагрудскі валадар
4.6. Сеча з мангола-татарамі на Акунёўцы
4.7. Бітва з крыжакамі пад Амбатэнам
4.8. Усходняя палітыка
4.9. Канфлікт з галіцка-валынскімі князямі
4.10. Пабоішча на Протве
4.11. Гераічны чын валадароў
4.12. Прыняцце каталіцтва
4.13. Абарона Бацькаўшчыны
4.14. Каранаванне Міндоўга
4.15. Кааліцыя супраць Залатой Арды
4.16. Заснаванне манастыра над Нёманам
4.17. Вяртанне Навагрудка Войшалкам
4.18. Разгром войска цемніка Бурундая
4.19. Знішчэнне крыжакоў ля возера Дурбэ
4.20. Рэйды пад Вендэн і Юр’еў
4.21. Помста палякам
4.22. Канфлікт з Даўмонтам
4.23. Апошняя сеча
4.24. Барацьба за ўладу
Раздзел 5. УЗ’ЯДНАННЕ КНЯСТВАЎ
5.1. Забыты князь
5.2. Нараджэнне героя
5.3. Дайноўскі і яцвяжскі валадар
5.4. Дапамога паморскім славянам і балтам
5.5. Далучэнне Нальшанаў, Полацка і Віцебска
5.6. Пасада вялікага князя
5.7. Умацаванне дзяржаўных меж
5.8. Канфлікт з галіцка-валынскімі князямі
5.9. Крывавыя сечы з Чынгізідамі
5.10. Супраціў германскаму наступу
5.11. Паход на Дынабург
5.12. Знішчэнне войска Машміна
5.13. Разгром лівонцаў і датчан пад Ашэрадэнам
5.14. Пакаранне палякаў і дапамога зямгалам
5.15. Узяцце Герцыке і вяртанне Дынабурга
Раздзел 6. АБАРОНА АЙЧЫНЫ
6.1. Праўленне Віценя
6.2. Раптоўны напад тэўтонцаў
6.3. Аднаўленне Гарадзенскай цвярдыні
6.4. Падрыхтоўка да вайны
6.5. Паходы на Польшчу
6.6. Узыходжанне на трон
6.7. Рэйд у Лівонію і Кульмскую зямлю
6.8. Усталяванне кантролю над Рыгай
6.9. Вызваленне Ноймюля і Каркуса
6.10. Разгром Лівонскага ордэна пад Турайдай
6.11. Рэйды супраць Тэўтонскага ордэна
6.12. Абарона Гародні і помста крыжакам
6.13. Мальбарк – новая сталіца Ордэна
6.14. Бітва за Навагрудак
6.15. Подзвігі Віценя
Раздзел 7. ГАСЦІННАЯ КРАІНА
7.1. Прызванне Гедзіміна
7.2. Паўночная лінія абароны
7.3. Віленская цвярдыня
7.4. Пачатак вялікага княжання
7.5. Утварэнне Праваслаўнай мітраполіі
7.6. Пагадненне з Цвярскім княствам
7.7. Альянс з заходнімі дзяржавамі
7.8. Дапамога Пскову
7.9. Крывавыя рэйды германцаў
7.10. Перамір’е з Польскім Каралеўствам
7.11. Дагавор з Вялікім Ноўгарадам і Лівонскім ордэнам
7.12. Перадача ўлады
Раздзел 8. ВЫЗВАЛЕННЕ СЛАВЯН
8.1. Віцебскі князь
8.2. Пашырэнне ўладанняў
8.3. Узыходжанне на трон
8.4. Бітва на Стрэве
8.5. Кантроль над Псковам і Цвер’ю
8.6. Канфлікты з Польшчай і Масквой
8.7. Усходняя палітыка
8.8. Разгром татар на Сіняй Вадзе
8.9. Рэйд на Тэўтонскі ордэн
8.10. Паходы на ўсход
8.11. Узнаўленне Беларускай мітраполіі
8.12. Змаганне з крыжакамі
8.13. Завяршэнне жыццёвага шляху.
8.14. Веліч асобы Альгерда
Раздзел 9. УЗВЫШЭННЕ І РОСКВІТ
9.1. Барацьба Вітаўта за ўладу
9.2. Вяртанне ўладанняў
9.3. Барацьба за трон вялікага князя
9.4. Альянс з Маскоўскім княствам
9.5. Умацаванне цэнтральнай улады
9.6. Падпарадкаванне Кіева, Падолля і Валыні
9.7. Кантроль над Смаленскам, Разанню і Вялікім Ноўгарадам
9.8. Паходы на Вялікую Арду
9.9. Пошук саюзнікаў і гуртаванне сілы
9.10. Грунвальдская бітва 1410 года
9.11. Гарадзельская палітычная унія
9.12. Падтрымка хрысціянства
9.13. Удзел у чэшскіх справах
9.14. Заходняя і ўсходняя палітыка
9.15. Падрыхтоўка да каранацыі
9.16. Веліч асобы Вітаўта
Раздзел 10. СПРАВЯДЛІВАСЦЬ І ГУМАНІЗМ
10.1. Узыходжанне на трон Казіміра Ягайлавіча
10.2. Пагадненні з Вялікім Ноўгарадам і Псковам
10.3. Беспарадкі ў Смаленску
10.4. Паразуменне з палітычнымі апанентамі
10.5. Адносіны з Валахіяй і памежнымі княствамі
10.6. Зараджэнне агульнадзяржаўнай ідэалогіі
10.7. Атрыманне польскай кароны
10.8. Прывілеі гарадам, шляхце і магнатам
10.9. Мірны дагавор з Масквой 1449 года
10.10. Канкурэнцыя з палякамі
10.11. Умацаванне Беларускай мітраполіі
10.12. Заканчэнне вайны з Тэўтонскім ордэнам
10.13. Прыняцце Судзебніка 1468 года
10.14. Падтрымка Вялікага Ноўгарада
10.15. Адносіны з Крымскім ханствам

