
8 гадоў таму Анка Упала выдала кнігу прозы «На заснежаны востраў», і можна сказаць, што гэтая кніга стала яе лагічным працягам. Але разам з тым можна чытаць гэтую кнігу як цалкам асобны твор.
У ліпені Алена атрымала магчымасць пажыць у кватэры сяброўкі Маргарэты ў Стакгольме. Таму яна вяртаецца ў Швецыю, і перад чытачом паўстаюць знаёмыя па папярэдняй кнізе персанажы. Напрыклад, Тунці, суданская аднагрупніца з класа шведскай мовы, якая ў гэтай кнізе будзе ледзь не галоўным персанажам, нароўні з Аленай. Іх камунікацыя ў папярэдняй кнізе завяршылася не найлепшым чынам: Тунці пайшла з вучобы і заблакавала Алену. Але ўжо ў новай кнізе, атрымаўшы паведамленне на электронную пошту, адгукнулася і вырашыла сустрэцца.
Іх адносінам будзе прысвечана ладная частка кнігі. Гэта вельмі цікавыя і заблытаныя адносіны, сяброўства на мяжы з чымсьці большым. І развагі галоўнай гераіні на гэтую тэму акуратныя і далікатныя. Кніга вельмі пяшчотна кранае тэму іх адносін.
Адносіны з гаспадыняй кватэры Маргарэтай — таксама тое, за чым у кнізе цікава назіраць. Пад канец кнігі іх адносіны псуюцца, што толькі падкрэслівае не проста розніцу характараў ці розніцу ва ўзросце, але ў першую чаргу розніцу менталітэтаў.
У гэтай кнізе менш персанажаў, чым у папярэдняй, але яшчэ больш дэталяў чалавечай камунікацыі. Пра ўзаемаадносіны, уменне слухаць і чуць, уменне гаварыць. Гэта аўтафікшн, які перакідвае чытача з Цнянкі ў гарачы летні Стакгольм і ваколіцы, потым зноў у Мінск, зялёны луг і Магілёў, краіну напярэдадні рэвалюцыі 20-га.
Вельмі камерная і асабістая гісторыя, разам з тым кожны ў ёй можа знайсці сябе.
А больш падрабязна пра кнігу расказвала ў 158 выпуску падкаста.
Ці чыталі вы кнігу Анкі Упалы “На заснежаны востраў”? Бо гэтая кніга – працяг той гісторыі. Але не пераймайцеся: яе можна чытаць і проста так. Усё крытычна важнае аўтарка патлумачыць.
☀️ Гэтым разам беларуска Алена едзе ў Швецыю ўлетку. Будзе ліпень, спёка, кватэра сяброўкі Маргрэты, што на 30 гадоў старэйшая за гераіню. Будзе сустрэча з адной з галоўных гераінь папярэдняй кнігі – Тунці. Стасункі з ёй тады неяк раптоўна і бязглузда абарваліся, але цяпер яна гатовая сустрэцца. І сустрэцца зноў. І яшчэ раз.
🌑 Назву кнігі дала з’ява, якую Алена з Тунці так і не пабачаць: раз на 25 тысяч гадоў адбываецца поўнае месячнае зацьменне. Акурат у той час, калі Алена жыве ў Стакгольме.
👩🏽🏫 Бліжэй да канца кнігі Алена пабачыцца з тымі, з кім раней вывучала шведскую мову ў адмысловай школе. Яна вярнулася ў Беларусь, а ейныя аднагрупніцы і аднагрупнікі з Судану, Самалі, Сірыі, Ірана, Турцыі працягваюць будаваць сваё новае жыццё ў Стакгольме. Цяпер пра гэта чытаеш па-іншаму 💔
✨ Гэта вельмі прыемны тэкст. Ён добра чытаецца, ён іранічны (і гэта тая іронія, якую я люблю і цаню). У ім шмат рэфлексіі. А яшчэ ён паэтычны. Мне надзвычай спадабаліся фрагменты, дзе аўтарка апісвае прыроду, лес ці назірае за жыццём горада. Дарэчы, ёсць у тэксце і беларускія фрагменты: сцэны на пляжы на Цнянцы, менскі шпіталь, паездка ў Магілёў, дзе аўтарка будзе даглядаць бабулю і пляменніка.
⚡ Адзін з канфліктаў гісторыі – стасункі Алены з Маргрэтай, якія паступова, пакуль беларуска жыве ў Стакгольме, а яе старэйшая шведская сяброўка – на лецішчы, абвастраюцца. Аўтарка паказвае розніцу ў менталітэце і ў пэўных момантах – стаўленне да сябе як да дзівакаватай асобы з Усходняй Еўропы. Другі канфлікт – гэта стасункі з Тунці, ад якіх Алена чакала аднаго, а Тунці… Такое адчуванне, што не чакала нічога. Аднак па ейным прыгожым суданскім покерфэйсе зазвычай нічога не магчыма зразумець, пакуль… Але пра гэта вы ўжо самі прачытаеце 😉
Пад канец году ўсе мы чакаем сюрпрызаў, цудаў, зацішкаў, а калі зусім шчыра, перамогі. І такія сюрпрызы і, праўда, толькі невялікія перамогі надараюцца, варта толькі паглядзець, якія вычыны робяць беларускі і беларусы, што засталіся на радзіме і тыя, якія шчыруюць ва ўмовах выгнаньня. Перамогай і цудам варта лічыць перліны літаратуры, мастацтва, якія ствараюцца беларус-к-амі ў выгнаньні.
Амаль пад самы канец году — літаральна ўчора — мяне шармавала, уразіла, насьмяшыла, засмуціла і так смачна, кранальна зьдзівіла новая аповесьць Анкі Ўпалы — «Раз на дваццаць пяць тысячаў гадоў». Такія тэксты, сапраўды, трапляюцца рэдка. Я праглынуў яе вачыма за пару гадзінаў, прыгэтым ня мог, проста баяўся адарвацца, ускалынуцца, спалохаць гэты чароўны момант, які цяпер здараецца з намі так рэдка. Здаўна я не чытаў нічога падобнага ані ў беларускай, ані ў замежнай літаратуры: псыхалягічны тэкст з надзвычай трапнымі, цікавымі назіраньнямі за беларускім і яшчэ швэдзкім жыцьцём, нечаканыя беларуска-швэдзкія паралелі, а на тле разьвіваецца прыяцельства паміж маладой беларускай і немалодой швэдкай, а яшчэ раптам і сяброўства на мяжы з каханьнем паміж той самай маладой беларускай і колішняй суданскай аднагрупніцай-сяброўкай па клясе швэдзкай мовы.
Дарэчы, тэма сяброўства на мяжы з каханьням заслугоўвае асобнай ухвалы і ўвагі. У сусьветнай літаратуры гэтай далікатнай тэме прысьвечана шмат тэкстаў, а вось у беларускай такіх тэкстаў адзінкі. Анка Ўпала ўпэўнена ўводзіць нас у свой сьвет прыяцельства і сяброўства, а потым раптам асьцярожнічае і мы ўжо апыньваемся ў сьвеце, дзе мяжа сяброўства-каханьне размываецца, зьнікае і варта шукаць патрэбныя словы, якія так цяжка спаўзаюць да вуснаў. Трапна геройка аповесьці разважае:
Падбіраць словы для іншых нашмат лягчэй, чым рабіць гэта для сябе.
І ўсё ж геройка знаходзіць адвагу і прамаўляе словы, якія хутчэй па ўсім спаляць масты да сяброўства, а ці пабудуюць новы мост да каханьня? У чаканьні адказу на гэтае пытаньне вы мімаволі і самі ўзгадваеце падобныя гісторыі сяброўства, якія нечакана перакідваліся каханьнем…
Крыштальны і дыхтоўны інтымна-публічны тэкст, своеасаблівы філязофскі дзёньнік, які стаўся нятоўстым у сучаснай францускай традыцыі раманам, але ж вызначаны, згодна зь беларускім канонам, як аповесьць. Гісторыя жыцьця ці дакладней кавалак з жыцьця беларускі, якая вандруе па Эўропе, завязвае беларуска-эўрапейскія жыцьцёвыя вузлы і вяртаецца дамоў у той самы час, калі Беларусь выбухае 2020-м годам. Твор інтрыгоўны, захапляльны, гісторыя перакідвае нас то з расейскамоўнай, часта мацюгальнай і расейскаарыентаванай Беларусі ў шкварную летнюю Швэдыю, у Стакгольм, дзе «на дахах гаспадарыць не Карлсан, а рабочыя-рамонтнікі», то зноў назад у Менск, у Зялёны Луг. Аповесьць да ўсяго часта служыць своеасаблівым крытычным гідам па Швэдыі і Беларусі…
Дарэчы, эстэтычную вокладку кнігі зрабіла вядомая беларуская дызайнэрка Ала Пігальская.
Аповесьць зьяўляецца залацінкай эўрапейскай псыхалягічнай прозы і, ня будзе лішнім дадаць, беларускай квір-літаратуры. Новая кніга Анкі Ўпалы сталася непаўторным калядным падарункам, а таксама, няма сумневу, гэтая кніга яшчэ грамыхне ў наступным годзе. Вернемся да гэтай тэмы роўна праз год, калі чытацтва зразумее, што мае на ўвазе аўтарка пад гэтай рамантычнай і натхняльнай назвай «Раз на дваццаць пяць тысячаў гадоў». А для мяне гэтая кніга ўжо сталася лепшай кнігай году.
Уладзіслаў Гарбацкі.

