Кніга, якую я даўно чакала, як чакаю любую сучасную беларускую дзіцячую кнігу. І нават больш! Бо яна – аўтарства Дар’і Мандзік @dar_mndzk, таленавітай ілюстатаркі і проста цудоўнай дзяўчыны.
🦊 У гэтай кнізе незвычайная і вельмі яркая (ва ўсіх сэнсах!) гераіня – ліса-кілбаса. Яна цікаўная, адважная, моцная, з добрым сэрцам і вынаходлівым розумам, рэфлексіўная і адказная, а яшчэ – цудоўная сяброўка. Але пры гэтым ліса-кілбаса і сумняваецца, і часам адчайваецца, і не заўсёды дзейнічае аптымальна. Карацей, ліса-кілбаса – класная і жывая.
🏰 І яна трапляе ў зачараваны замак. Ён на карцінках вельмі нават сапраўдны замак, але гэта і метафара (дарослыя, якія будуць чытаць кнігу дзецям, мне падаецца, абавязкова гэта адчуюць). Тое ж тычыцца ўсіх тых розных жыхароў замка, з якімі ліса-кілбаса пазнаёміцца і будзе ўзаемадзейнічаць.
✨ Для мяне гэта гісторыя з флёрам “Чараўніка краіны Оз”, я рэгулярна лавіла сябе на ўспамінах пра тое, як два гады таму мы з Захарам чыталі кнігу Баўма і як файна гэта было. Тут таксама гераіня трапляе ў новыя асяродкі, новыя сістэмы, да якіх даводзіцца адаптавацца і выжываць.
👌🏻 Ёсць у кнізе тое, што называюць “фішачкі”, якія добра працуюць з дзецьмі. Найперш я маю на ўвазе старонкі, дзе ліса-кілбаса спрабуе ўзгадаць, хто яна такая. У яе шмат-шмат розных версій, і да кожнай ёсць маленькая ілюстрацыя. А версіі чым далей, тым дзівосней. І гэта вельмі смешна.
❤️ Але ўсё скончыцца добра: ліса ўсё прыгадае, усім дапаможа і – выйдзе нарэшце з зачараванага замка! (памятайма пра метафару 🤗).
✏️ Кніга рэкамендаваная для чытання дарослымі дзецям, але ў ёй выдатны буйны шрыфт, таму яна дакладна пасуе і для першага самастойнага чытання. А шмат якія ілюстрацыі можна расфарбаваць самастойна. Дар’я кажа, што першапачаткова яна не планавала такое, але выглядае, быццам планавала! 🙂

