Адна з тых кніг, якіх прагнуць бацькі, – кніга пра эмоцыі! Гэтым разам Надзея Ясмінска гаворыць пра крыўду, і зноўку – праз вобраз істоты, што жыве ўнутры нас. Ці памятаеце вы Кусь-Кусяндру? Яна была адказная за злосць. А вось Крыўсы – гэта пра крыўду.
🧒🏻 Сюжэт вельмі жыццёвы: браты паспрачаліся, малодшы закрыўдаваў на старэйшага. Але ў кожнага свая праўда, і калі паслухаць спачатку аднаго, а потым другога, то разумееш, што няма тут кагосьці адназначна вінаватага. Проста не паразумеліся, не дамовіліся, не патлумачылі адзін аднаму свае рашэнні і дзеянні.
📙 Але! Сюжэт не разгортваецца лінейна. Спачатку мы сустракаем малодшага брата, Стася, у кампаніі з ягоным Крыўсам. Разумеем: штосьці адбылося, але не ведаем, што. Пакрысе аўтарка дадае дэталяў, потым з’яўляецца старэйшы Ясь са сваім Крыўсам, і ўжо напрыканцы браты гавораць і пачынаюць разумець адзін аднаго.
🪁 Мы з маёй 4-гадовай дзяўчынкай ужо некалькі разоў чыталі кнігу. Ёй вельмі падабаецца, як размаўляюць Крыўсы, яна рагоча і просіць перачытваць гэтыя рэплікі па некалькі разоў. Але і тое, што браты мірацца і потым разам ідуць запускаць паветранага змея, які і стаў прычынай непаразумення, ёй таксама падабаецца. На ілюстрацыі змей лунае ў паветры ў кампаніі двух Крыўсаў, і гэта, бадай, найулюбёнейшыя ў дачкі старонкі.
🎨 Ілюстрацыі да кнігі намалявала Святлана Міхалап. Надзея са Святланай стварылі ўжо некалькі кніг разам: гэта і “Сподачак для Цмока”, і “Кусь-кусяндра”, і “Снегурумі”, і “Надзвычайны дзень народзінаў”. Усе кнігі так ці інакш закранаюць тэму эмоцый, дарэчы.
👌🏻 Кніга падыйдзе для сумеснага чытання гадоў з 3-4.

