Сусветнае літаратуразнаўства любіць кантраверсійных паэтаў – са складанымі, драматычнымі лёсамі, з хуліганскімі вершамі, з неадназначнымі поглядамі і няпростымі характарамі. Прычым, складаецца ўражанне, што такіх на Парнасе большасць. І кожная нацыянальная літаратура імкнецца на гэты Парнас дэлегаваць свайго прадстаўніка.
Акрамя беларускай літаратуры. Беларуская літаратура працягвае трымацца закладзенай яшчэ ў савецкім часе парадыгмы ідэалагічнай адпаведнасці. І паэтаў, якія не ўкладаюцца ў пракруставы стандарт, адбракоўваюць і проста пакідаюць на ўзбочыне. І дзіўна, што падобнага дыскурсу трымаецца і беларускае літаратуразнаўства ў замежжы.
Але гэтыя «забракаваныя» паэты прабіваюцца, як трава праз асфальт.
Калі казаць пра беларускі літаратурны андэграўнд (а андэграўнд патрабуе ўсё ж такі нейкай, няхай сабе і падпольнай, структуры – выдавецкіх ініцыятыў, сваёй супольнасці, сваіх маркераў і ідэалагемаў), то Юры Гумянюк, можна сказаць, класічны прадстаўнік беларускага андэграўнду. Усе яго арыгінальныя кнігі выйшлі ў андэграўндным выдавецтве «Полацкае ляда», то бок ён рэалізаваўся як паэт без удзелу якой-небудзь легальнай літаратурнай структуры. Быў адным са стваральнікаў Таварыства вольных літаратараў і ўпарта трымаўся свайго права на свабоду творчасці (пра гэта можна прачытаць у яго артыкулах).
Для тых, хто ведае творчасць Юрыя Гуменюка, хто быў на літаратурных імпрэзах, дзе ён чытаў свае вершы, гэты зборнік выбранага – як машына часу, якая перанясе іх у разняволеныя 90-ыя. Некаторыя з гэтых вершаў сталі песнямі, як, напрыклад, «Ёкагама» (гарадзенскі рок-гурт «Айша»), або «Элітарная дзяўчынка» (наваполцкі рок-гурт «Грынвальд»). Прыхільнік сілабатанічнага верша, Юры Гумянюк ствараў у сваіх творах фантастычныя вобразы (ружавокі дракон, леапардавая скура), захапляўся эстэтыкай Старажытнага Егіпта (другі ягоны зборнік так і называецца «Твар Тутанхамона»), здзекаваўся над кар’ерыстамі і прыстасаванцамі.
Яшчэ пры жыцці паэта, а ён трагічна загінуў у 2013 годзе, называлі дэкадэнтам. Праўда, як мы сёння бачым, ягонае дэкадэнства было нейкім светлым, пракудлівым і жыццярадасным. Паэт па-дзіцячаму захапляўся светам, ягонымі колерамі, гарадамі, мітамі і цудамі. Лёгка пераносіў чытача з Гародні ў Нью-Ёрк, з Нью-Ёрка ў Ёкагаму а пасля – у Бабілон. Усё гэта стварае нейкую ягоную сусьветную прыналежнасць.
Такім чынам, маем свайго кандыдата на Парнас, ля брамы якога Бахус сустракае з бакалам з трункам з амброзіі.
АА

