«Той жа, толькі лепшы»
Цяпер кнігі выходзяць незаўважна. І так нават лепей. Для ўсіх без вынятку: для тых, хто піша, хто чытае, хто выдае, хто прадае. Такі час. Рэдкая кніга выйдзе цяпер гучна. Хіба пасмяротная ды юбілейная якая.
Трэцяя паэтычная кніга Анатоля Івашчанкі “Непрамо(ў)ленае” выйшла далёка і ціха. Прасачылася разам з лонданскім туманам і кандэнсавалася ў руках тых, хто валодае забытай навукай спыняць нябачную парнасць на кропцы расы.
Я не з такіх, мне проста пашанцавала быць шмат апошніх гадоў побач з аўтарам, — кнігу мне падарылі. Не буду пачынаць пра тое, што гэта наогул забытая цырымонія з мінулага стагоддзя, скажу толькі, што пабачыў на радках і паміж.
Пачну з таго, што на старонках вас сустрэне той самы добры і шчыры лірык, паэт, якому важныя і тэкст і падтэкст, які любіць слова і ведае яго, які сябруе з формай і спакойна дазваляе сабе эксперыментаваць з ёй, ні на імгненне не губляючы думкі.
Вы без цяжкасцяў і з прыемнасцю пазнаеце почырк аўтара – тут будуць і фірмовая гульня словаў (у якой Анатоль несумненна дасягнуў высокага ўзроўню), і пасхалачкі ды адсылачкі (што пераадрасуюць вас куды заўгодна – ад самога аўтара ў папярэдніх творах да Грабеншчыкова і Толкіена); тут будзе беларускі лайтовы будызм – з чакрамі, сутрамі (на гэты раз чорнымі) і тэматычная блізкасць сабе ранейшаму – сапраўды, чытаючы новыя вершы неяк раптам узгадваеш радкі ранейшых твораў. Працяг думкі? Адказ на пытанні, пастаўленыя самому сабе многія гады таму ці проста паслядоўнае думанне адных рэчаў? Дакладнага адказу ў мяне няма, але ці ён патрэбны?
Пра што новая кніга? Некаму падасца, што найперш пра нашае стромнае жыццё апошняе пяцігодкі з кавідамі, войнамі і стратамі, нехта скажа – пра рыбалку і сям’ю, нехта – што пра лёс паэта ў сучасным свеце з незапатрабаванасцю з аднаго боку і спакуслівымі лайкамі з іншага – усё так, рацыю будзе мець кожны. Але мне падалося, што яшчэ гэтая кніга вершаў пра горад – і тут Анатоль верны сабе, бо ад пачатку ён быў паэтам места найбольш з многіх тых, хто прыйшоў у паэзію у ягоным пакаленні. Лепшыя вершы якраз пра гэта:
Горад тоне ў мане
у быкаўскім тумане
ў кінгаўскім тумане
у тумане Манэ…
У зборніку немагчыма абмінуць гэтыя “гарадскія” вершы: трошкі парадаксальны і прыцягальны, як усё змрочнае – пра менскі гатэль “Мінск”, сумны і такі цёплы верш “Абвестка”, трывожны, як сірэна паветранай трывогі, верш “***мой горад – рэжымны аб’ект”…
Таксама гэтая кніга пра (прабачце за дзікі слэнг савецкіх падручнікаў) – месца і ролю творцы ў свеце: “ня той паэта” , “*** зь юнацтва абвешчаныя геніяльнымі” і іншыя, дзе аўтар, як і раней, задае нязручныя і важныя пытанні, якія, як і раней, важна прачытаць, каб зразумець нешта сваё.
Таксама скажу, што новая кніга найперш пра любоў. Менавіта так, “Пра любоў”, называецца, адзін з найбольш упадабаных мной вершаў. Ён трошкі смешны, сумны і цёплы адначасова. Як пер’е птушак, як цёплыя крошкі батона, як пара з адчыненай форткі, за якой стаіць паэт:
я кармлю праз акно галубоў
дробна пашаткаваным батонам
я кармлю не таму што любоў
больш няма пакрышыць на каго…
Пра любоў да жыцця, усяго добрага і дрэннага, што адбываецца з намі, пра любоў як мэту і сродак існавання.
Між іншым, пра любоў да сваёй мовы – без пафасу і патрыятычнага надрыву, але глыбака і важка: мова – мая ахова // мова мая – мой сцяг // мова мая – мой гонар // мова мая – мой шлях.
Любові ў гэтай кнізе хапае нават на смерць, якая “глядзіць у люстра задняга віду” і задзімае з дазволу аўтара свечкі на імянінным торце – тонкі і светлы верш “Сінявокая”.
Карацей, “Непрамо(ў)ленае” – гэта ўдалы і шмат у чым узорны зборнік-трыптых, складзены з трох частак з невялікай паслямовай аўтара, дзе ён тлумачыць паходжанне, храналогію і гісторыю стварэння і ўкладання кнігі сваіх “адабраных”, а я дадам “адобраных” вершаў.
Кнігу “Непрамо(ў)ленае” лёгка чытаць – яна пакідае веру ў тое, што добрая паэзія знаходзіць сілы з’яўляцца і ў цёмныя часы, а таксама яна дорыць тонкую нітачку надзеі на лепшае, трымацца якой – важна.
Усевалад Сцебурака
One thought on “Непрамо(ў)ленае. Анатоль Івашчанка”