Дзе мая доля, Ойча.  Зоя Капуста

Дзе мая доля, Ойча.  Зоя КапустаУсе дарогі вядуць дадому

Аповесць пачынаецца з інтрыгуючай, амаль містычнай і глыбока сімвалічнай сцэны. Сямейная пара выпраўляецца на машыне на Капыльшчыну — у лясныя, непраходныя мясціны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны базіраваўся партызанскі атрад. Спадзяючыся на віртуальнага павадыра, героі, якія ў прынцыпе ведаюць, куды ім рухацца, нечакана збіваюцца са шляху і доўга блукаюць у цемры наваколляў старажытнага, багатага на традыцыі Нясвіжа.

На мой погляд, гэты вобраз блукання ўпоцемках неверагодна глыбокі. Бо многія з нас блукаюць у гэтым жыцці, часам нават не ўсведамляючы гэтага. У нейкім сэнсе мы ўсе — згубленыя ў часе падарожнікі, якія шукаюць магчымасць прабіцца да святла, знайсці сапраўдны кірунак.

І дапамагае героям выбрацца — як гэта ні дзіўна і як потым прызнаецца адзін з іх — жывая істота, воўк. Чытаючы аповесць, разумееш, што гэта не проста выпадковы драпежнік, а сапраўдны сімвал гэтых мясцін, скразны вобраз усяго твора.

Гэтая паездка да сяброў, успаміны старога пра мінулую вайну і блуканне ўпоцемках, на мой погляд, якраз і сталі тымі трыгерамі і маркерамі, якія спарадзілі глыбокія ўнутраныя пытанні «Хто мы?», «Куды ідзём?» і прывялі да вечнага біблейскага асэнсавання: «І Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты ўзлюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».

Далей пачынаецца шлях не па навігатары, а па клічы душы. І гэтае адкрыццё выяўляецца ў аповесці праз пераемнасць пакаленняў: гераіня распавядае сваёй дачцэ пра іх род. І гэта вельмі правільна. Бо чалавек, як і дрэва, расце і кронай, і каранямі. І калі нашы карані губляюць сувязь з родавымі вытокамі, мы ператвараемся ў манкуртаў. Вось, уласна, пра што гэтая аповесць — пра вяртанне да сябе праз памяць, кліч душы і любоў.

Разам з тым гэта кніга пра драматычныя і велічныя лёсы жанчын, якія ахвярна ўзвалілі на свае плечы ўвесь цяжар гэтага суровага свету і пранеслі яго з годнасцю.

Твор у нейкім сэнсе валодае тэрапеўтычным эфектам, бо дапамагае чытачу знайсці ўнутраную апору і загаіць душэўныя раны праз асэнсаванне мінулага.

Калі казаць пра мастацкую форму твора, то гэтая аповесць моцная адразу ў трох аспектах:

Мастацка-стылістычным. Кніга напісана ў найлепшых традыцыях класічнага стылю, а яе склад захапляе з першых старонак.

Краязнаўчым. У кнізе, на мой погляд, шмат карыснай інфармацыі і найкаштоўнейшага факталагічнага матэрыялу, які, безумоўна, выкліча жывую цікавасць у даследчыкаў роднага краю.

Лінгвістычным. Мова аповесці неверагодна багатая, вобразная і самабытная — яна ўяўляе сабой сапраўднае неаранае поле для лінгвістаў.

Не буду спайлерыць і пераказваць сюжэт твора. Чытайце самі, заглыбляйцеся ў гэтую гісторыю, пражывайце разам з героямі іх не заўжды радасныя і шчаслівыя моманты. Атрымлівайце асалоду ад чытання вельмі якаснай і глыбокай прозы.

Алесь Паплаўскі.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме