Круг. Раман-біяграфія. Алесь Пашкевіч

Круг. Раман-біяграфія. Алесь ПашкевічДаўнавата ўжо, яшчэ да ўсіх войнаў, занеслі мяне жыццёвыя дарогі ажно ў Паленава над Акой (адносна непадалёку было лецішча непаседлівага Аляксея Каўкі, які і тым разам арганізоўваў нейкую літсустрэчу). А ў тым Паленаве – мемарыяльная сядзіба вядомага мастака, краявіды – толькі перанось на палатно. Я спытаўся ў музейнай работніцы, а што ёсць пачытаць пра Паленава, можа аповесць ці раман які існуе. Аказалася – пакуль не напісаныя. І работніца з жалем канстатавала: “Няма ў нас свайго Віктара Карамазава, які гэтак хораша піша аповесці пра беларускіх мастакоў”.

Дома я перадаў гэтыя словы Віктару Філімонавічу, і ён быў, як мне падалося, усцешаны… На шчасце, жанр гэты – дакументальна-мастацкі – у Беларусі не застаўся занядбаным. Кнігі Алеся Пашкевіча пра Уладзіміра Дубоўку і Алеся Гаруна – “Круг” і “Цясляр волі” – проста ўзор (як для мяне) белетрызаваных біяграфій. Сціслыя, чытэльныя, напісаныя з выдатным веданнем багатага фактаграфічнага матэрыялу. “Круг” выйшаў ужо другім выданнем, але пры сённяшніх ледзь не скарынаўскіх накладах варта паспяшацца з набыццём.

Міхась Скобла.


Адразу вінюся – тут далей не звычны водгук, дый не надта каб водгук…

Цешча пазваніла. Мне. А калі мне – значыць, праблема сур’ёзная. Так і ёсць: у калодзежы не хапае вады, каб уключыць пральную машыну (у хаце стаіць помпа).

Раней летам, калі шмат вады ішло на грады, сапраўды вады не хапала, вычэрпвалі да дна, ды ж набягала за ноч. А цяпер не набягае. І ў іншых калодзежах тое ж. Пачалі шукаць выйсце, выявілася, што паўсюль так па раёне. Дый не па раёне – па ўсёй Беларусі. Мялеюць калодзежы…

За сваё жыццё якой толькі вады ні піў і з чаго ні піў. Найгоршы смак – з металічных каністраў, якія тры дні стаялі ў кунгу КШМ пры 40 градусах у ім. Піў ваду з сажалак і крыніц, піў з балацін, канаў і меліярацыйных сістэм. Запомнілася, як пілі з лужыны. Нарабіліся тады на калгасным полі, трактары з’ехалі, ішлі пешкі з гадзіну, сасмяглыя ў нітку. А тут лужына, вялікая. Дажджы ў той год праходзілі не частыя, але спорныя, лужына не перасыхала на гэтай дарозе ніколі. Вада быццам чыстая, ано парушынне рознае зверху. Здзьмулі, зачарпнулі ў далоні…

Жывая вада – у тым сэнсе, што чаго толькі ў ёй ні жыло. Нешта шавялілася, плавала, згіналіся-выгіналіся танюткія чырвоныя лічынкі. Набіралі па новай, каб хоць не так відовочна глытаць тых казурак. Надта ж хацелася піць…

Помню ваду з першага пабачанага мной жураўля. То было ў Хвойніку – вёскі ля лесу. Быццам і не надта піць хацелася, але як не паспрабаваць дастаць вады? Той журавель быў гэткі высокі, вялікі, а вядро – драўлянае.

Не скажу, што атрымалася адразу добра дастаць вады, але атрымалася. І мы пілі – нагбом, з вядра. Чысцюткую, прахалодную. І ніяк напіцца не маглі – так было смачна. Вось тады я першы раз адчуў смак вады. З тае пары дзе б ні піў, імкнуся расчуць яго…

Што такое літаратура – дэфініцый нямала. Мне найбольш спадабалася чутае ад аднаго пісьменніка: літаратура – гэта стыль. Вельмі дакладна, як па мне.

А для сябе асабіста я параўноўваю цяпер усякую кнігу з крыніцай вады і самой вадой. І дакладна гэта сфарміравалася, калі пасля чытання дзвюх кніг айчынных аўтараў мне трапіла ў рукі кніга Алеся Пашкевіча “Круг”.

Гэты тэкст – вось тая самая вада з жураўля. Якую чытаў-піў, не здзьмухваючы парушыне каструбаватых моўных канструкцый, не баючыся, што трапіць у рот моўная казурка-калека, не запяршыць у горле ад глынутых нягеглых сказаў і абзацаў. Чытанне “Круга” – піццё вады і насалоджванне ейным смакам, празрыстай чысцінёй і свежасцю.

Добрая кніга – гэта тая, якая не прымусіць разгублена ці з прыкрасцю лыпнуць вачыма над нейкім слоўцам ці абаротам, а прыемна здзівіць забытым табой і так мала цяпер дзе бачным смачным беларускім выразам. Вось як тут:

А пры развітанні паабяцаў, моцна ціснучы руку, паспрыяць у далейшай вучобе, абнечаканіў:

Абнечаканіў… Зразуметае на ўзроўні падсвядомасці, адчутае як блізкае і роднае, але забытае. І так радасна, што – згаданае тут, атрымала шанс на жыццё.

Ці яшчэ замест вядомага “адначасова”, ад якога так тхне калькай, пачытаеш: “уадначас”…

У добрай кнігі заўсёды ёсць месца для тваіх маленькіх адкрыццяў, нестандартных думак, цікавых высноў, асаблівых поглядаў на сто разоў бачанае. Прыкладам:

Аднак сталенне ягонае пачалося не з тых рыбарства ды касарства, а з першай закаханасці…

Быццам і паспрачацца хочацца, але ж задумайся, згадай сваё – і ты зразумееш, што тая першая закаханасць была толькі асабіста тваім горам ці шчасцем, менавіта тады ты адасобіў сябе ад усіх вакол і зразумеў сваю самасць.

Гэта што тычыцца мовы твора, якая зрабіла тэкст ужо літаратурай.

Што да самога рамана, дык было сказана не мной, то паўтару: Алесь Пашкевіч вывеў беларускую дакументальна-біяграфічную прозу на новы ўзровень. Сінтэз шыкоўных архіўных даных, дакладных фактаў, дакументаў і мастацкага увасаблення асобных эпізодаў з жыцця героя стварае неверагодна захапляльную, цікавую і – праўдзівую карціну. Проза, якая ад пачатку успрымалася ўсімі як дастаткова сумнае чытанне, у Пашкевіча раптам зайграла многімі гранямі захапляльнага жанру. Трагедыйнасць і лірычнасць момантаў аўтар выштукоўвае на аснове рэальных падзей, таму рэальнасць – тая самая дакументальная рэальнасць – перастае быць прэснай і сумнай.

Разам з бездакорнай і густоўнай мовай рамана мы маем на сёння сапраўдны ўзор дакументальна-мастацкай прозы, нейкі асаблівы жанр, створаны менавіта Алесем Пашкевічам. Згадаем ягоны раман “Цясляр волі”, дзе такі ж падыход дазволіў стварыць не проста адметнае, але і цалкам новае, дасканалае.

Гэта не проста цікава – гэта прыгожа. Гэта густ і стыль. Гэта літаратура.

Гэта тая самая вада з калодзежа-жураўля, смак якой будзеш шукаць пасля ў розных крыніцах.

Кніга выдадзена ў Мінску. Наклад – паўтары сотні асобнікаў.

У Беларусі перасыхаюць калодзежы.

В. Г.

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме