Джа. Легенда аб забраным сэрцы. Эліяш Барт

Ото мала нам было Камілы Цень…

Знаёмцеся – яшчэ інкогніта ў беларускай літаратуры: Эліяш Барт. У выніку дваццаці хвілін журналісцкага капання, магу сказаць, што аўтар любіць капацца ў зямлі, шукаць акамянеласці. У яго двое дзетак. Дзяўчынка і хлопчык. Мужчына нармалёвага целаскладу, на фотках прымалёўвае сабе галаву і хвост дыназаўра.

Працоўная версія: гэта муж Камілы Цень. Ці брат. А можа, гэта адно і тое ж.

У любым выпадку, гэта першая прыкрасць пры чытанні кнігі пра дыназаўра Джа.

Прыкрасць другая. Мне вельмі цяжка было вызначыцца, да якой катэгорыі аднесці кнігу. Фэнтазі? Дзіцячая? Аднёс да кніг для падлеткаў. Бо легенда – не фантастыка. І гэта не дзіцячы твор…

Прыкрасць трэцяя. Тэхнічна-выдавецкая. Нямала ў кнізе зносак, і яны патрэбныя. Але, сустракаючы зорачку, лезу ў канец старонкі, чакаю там тлумачэння. А яно, аказваецца, у канцы асобным слоўнікам. І пранумаравана. Але ж зноскі ў такім выпадку гэтаксама трэба нумараваць. І нашмат зручней было б паставіць той слоўнічак спераду. А сама правільна – тлумачыць усё ж словы ў канцы старонкі.

Гэта ўсе мае прыкрасці.

Кніга атрымалася цудоўная. І малюнкі, выкананыя чорна-белым, вельмі ж пасуюць да тэксту.

Кніга перамагла ў конкурсе Шуфлядка. І я адчуваю ўдзячнасць да сяброў журы Шуфлядкі – гэта насамрэч вельмі моцны тэкст, і як добра, што яго расчыталі. Чытаў урывак, суадносіў з іншымі, але цалкам уражанне склалася вось толькі цяпер, пры поўным прачытанні.

Яшчэ падумалася. Дыназаўры мільёны гадоў жылі на планеце. Ну хіба ж эвалюцыя застыла на месцы? Канешне ж, нешта там рухалася. Ці дайшло жа сапраўднага розуму? А чаму не? Мы не можам адмаўляць наяўнасць розуму ў сабак, дэльфінаў, варон…  А таму сабаку гадоў, дарэчы, куды менш, чым апошняму дыназаўру.

Гэта я пра тое, што для мяне разумныя страшныя яшчары не падаліся нечым немагчымым. Тым больш, што іх цывілізацыя падаецца не тэхналагічнай, а зусім іншай.

Пра што легенда – усе чыталі анатацыю.

У гэтай гісторыі поўна алюзій. І тут столькі знаёмых рысаў, столькі паралеляў, так востра пастаўлены некаторыя пытанні, што міжволі сціскаешся. Гэта не проста легенда, гэта прытча, алегорыя.

Пытанні спадчыннасці і гістарычнай памяці, самаахвярнасці і асэнсаваннем галоўнага ў жыцці – тут, у гэтых дзясятках старонак.

Пра фінал трэба сказаць асобна, не буду спойлерыць, але, мяркую, не аднаго мяне паласне тугой і па так ужо аголеных нервах літаральна адзіны сказ.

Можна напісаць многа тоўстых кніг, пра тое што было, што ёсць. А можна вынесці з сэрца ўсім на вочы адну легенду. І яна раскажа нават больш.

Некаторыя рэчы нашым дзецям і падлеткам складана патлумачыць праз наяўныя рэчы. А вось з дапамогай гэтай гісторыі нешта можа і стаць куды больш зразумелым. І блізкім.

…Яшчэ раз вярнуся да дыназаўраў сапраўдных і іх магчымага розуму. Уявім, што чалавецтва на зямлі праіснуе яшчэ мільён гадоў. Уяўляеце, якімі дыназаўрамі будзем выглядаць мы перад тымі людзьмі? Хто ведае, можа як мы сёння (ці наш таямнічы аўтар) шукаем акамянеласці і зуб якога яшчара захоўваем як самы дарагі артэфакт, так наш далёкі прашчур будзе захоўваць пад шклом з выкананнем усіх належных кліматычных умоў цудам знойдзеную цудам ацалелую кнігу на беларускай мове…

Пакінуць адказ