Падзеі рамана, які летась атрымаў 3 месца Прэміі Гедройця, разгортваюцца ў Оршы 20-х гадоў мінулага стагоддзя. І цяжка падабраць больш адпаведную лакацыю для гэтай гісторыі. Пясецкі ў «Мінскай трылогіі» апісвае прыкладна тыя ж часы ў Мінску, дзе збіраюцца розныя бандзюганы. Але ў мяне, шчыра кажучы, крымінал у Беларусі асацыюецца з Оршай. Аршанскія, no offence 🤭
Паводле сюжэту ў нас ёсць два паралельныя сусветы, але не ў містычным плане, а свет дзяцей і свет дарослых. І яны нечаканым чынам пераплятаюцца. Невядомы злачынца забівае старога князя Друцкага, каб завалодаць яго каштоўнасцямі. Але ён дакладна не ўпэўнены, дзе іх шукаць, затое абсалютна выпадкова іх знаходзіць малы Дзям’янка. Усе каштоўнасці былі схаваныя ў прэс-пап’е ў форме жабкі, якое хлопчык забраў сабе для прыгажосці, сімвалічна — бо іхняя дзіцячая арганізацыя мае абрэвіятуру КВА.
За справу забойства князя бярэцца малады чэкіст Раман Васільчук. А дапамогі ён просіць у былога следчага і свайго настаўніка Паўла Дадэркі.
Гістарычны фон кнігі — грамадскія зрухі пачатку 20-х гадоў, пераход да савецкіх рэалій, рабочыя паўстанні, сялянскія бунты. Гістарычная канва ў творы прапісаная вельмі добра, таму чытаецца кніга не толькі як дэтэктыў, але і як сапраўдны гістарычны раман. Бо заснаваны ён на сапраўдных гістарычных рэаліях.
Як расказвае сам аўтар у пасляслоўі, ідэя напісаць раман прыйшла да яго пасля таго, як ён прачытаў невялікую газетную нататку «Мінулае піанэр-руху» ў часопісе «Аршанскі маладняк», які выдаваўся сто гадоў таму. Там расказвалася пра аршанскіх дзяцей, якія стварылі сваё каралеўства з сацыяльнай, вайсковай і нават фінансавай сістэмай. І нібыта гэтае каралеўства стала своеасаблівым пачаткам піянерскага руху ў горадзе.
Калі б не пэўная колькасць эратычных сцэн, гэты рэтра-дэтэктыў мог бы ў прынцыпе быць дзіцячай падлеткавай чытанкай. Такім олдскульным дэтэктыўна-прыгодніцкім раманам. Бо персанажы дзеці тут дзейнічаюць нароўні з персанажамі дарослымі.
«Чорная песня здрады»
Гістарычны крымінал «Гульні Цырцэі» — беларускі нуар. У ім няма высакародных герояў у белых плашчах. Затое ёсць таемныя бардэлі, польскія шпіёны, сялянскія паўстанні і чэкісты, якія не маюць літасці ні да каго. А яшчэ ёсць дзіцячая імперыя, якая жыве сваім жыццём узбоч дарослага свету.
Беларускай літаратуры і беларускім чытачам пашанцавала, што ў нас быў Уладзімір Караткевіч. Ён не толькі «пайшоў – і адзін нарадзіў Беларусь, // І для першага разу някепска ўдалося» (паводле вызначэння Антона Рудака). Ён яшчэ і стаў заснавальнікам жанра гістарычнага дэтэктыву ў нашай літаратуры.
Беларускім пісьменнікам — не пашанцавала, што ў нас быў Уладзімір Караткевіч. Не толькі таму, што ўсю гістарычную прозу (а пагатоў з дэтэктыўным сюжэтам) сталі мераць па гэтай высокай мерцы. Не пашанцавала яшчэ таму, што Караткевіч стварыў шаблон беларускага гістарычнага дэтэктыву ў нягнуткай, закасцянелай рамцы ўласна дэтэктыву. І пайшлі гуляць па старонках твораў рамантычныя высакародныя героі без страху і дакору, якім супрацьстаяць зламысныя падступныя амаральныя персанажы без гонару і сумлення.
Імя ім — легіён.
Рэтра-крымінал «Гульні Цырцэі» Змітра Дзядзенкі (падзеі твора адбываюцца ў 1920 годзе) спрабуе выйсці па-за межы гэтага зачараванага кола. І, здаецца, робіць гэта аж з празмернай рашучасцю. У рамане не знойдзеш аніводнага высакароднага бледнага юнака, які гатовы аддаць жыццё ані за гонар і годнасць паненкі, ані за шчасце народнае.
Ды што там высакародныя юнакі! Няма ў творы ўвогуле ніводнага персанажа, якога можна было б без ваганняў назваць станоўчым. У каго ні тыкні пальцам — ці садыст, ці прайдзісвет, ці шантажыст. Адзін таемна здымае на фота гарадское начальства ў бардэлі, каб шантажаваць яго. Другі гатовы кінуць заданне камандавання, якое паслала яго з разведвальнай місіяй, і заняцца пошукамі забойцы свайго дзядзькі. Трэці гатовы кулакамі выбіваць «царыцу доказаў» — прызнанне абвінавачанага… І гэта толькі тыя персанажы, якія не трапілі ў абазначаную аўтарам «банду Віславуха», якую таксама складаюць далёка не анёлы.
А галоўны герой — малады чэкіст Раман Васільчук яшчэ і здраджвае цягам усяго рамана. Здраджвае сваёй каханцы (а потым раўнуе за тое, што яна яго кідае). Здраджвае свайму настаўніку Паўлу Дадэрку, калі таго арыштоўваюць.
Зрэшты, здрайцам у рамане выступае не ён адзін. Бадай ці не ўсе асноўныя персанажы «Гульняў Цырцэі» замазаныя гэтай чорнай фарбай. Адзін здраджвае сваім продкам і Бацькаўшчыне, другі — сябрам, трэці пераступае праз нормы маралі і закону.
На выхадзе атрымліваецца гэткі «беларускі нуар» — раман з дэтэктыўнай завязкай без выразных пазітыўных герояў. Звычайна ў нуары дзейнічаюць прадажныя копы і бязлітасныя злымыснікі, у ім — куплены секс і алкаголь ракой, у ім — кулак важыць болей, чым закон.
У «Гульнях Цырцэі», як належыць жанру нуар, ёсць месца і сексу, і жорсткасці. Прычым яны не толькі служаць для характарыстыкі персанажаў, але і рухаюць наперад дзеянне.
Увогуле, цынізм і жорсткасць напаўняюць старонкі рамана, нібы тая атрута, якой сляпы Хорхе ў «Імені ружы» насыціў старонкі забароненага твору Арыстотэля. І гэта пакідае даволі спецыфічны посмак ад чытання: разумееш, чаму чалавек з рэвальверам і «корачкай» чэкіста пачуваецца ўсеўладным і беспакараным.
На фоне гэтай лютасці эпізоды сентыментальнасці звяртаюць на сябе ўвагу. «Пры ўсёй жорсткасці байцоў ЧК, як маладых, так і старэйшых, нечакана бачым іх чалавечае стаўленне да гібелі аднаго хлопчыка і знікнення другога. У нейкі момант нават не верыцца», — піша Валер Гапееў. А потым сам тлумачыць, што гэта, маўляў, праяўляецца нявыкараненая яшчэ чалавечнасць.
А можа, усё не так? Можа, гэта тая самая крымінальніцкая сентыментальнасць і пяшчота да «матулі», якую зручна выказваць у песнях, бо яна нічога не каштуе? А вось рэальную маці можна і пабіць, калі грошы не аддае. Так і тут — лёгка шкадаваць ужо забітага…
Дарэчы, пра дзяцей. Асобнай сюжэтнай лініяй у «Гульнях Цырцэі» праходзіць гісторыя «дзіцячай імперыі». Там ёсць сваё войска і свае грошы, свае скарбы і нават свае калоніі.
Але калі хтосьці чакае ад гэтай часткі гісторыі лёгкасці, адпачынку і дзіцячай непасрэднасці, дык ён жорстка абламаецца. Бо дзіцячы свет не менш бязлітасны, чым свет дарослых, а часам — нават і больш. Тут ёсць свае здрады, падступнасць, злосць і лютасць. І ўзнікаюць яны не ад сутыкнення са светам дарослых, а прарастаюць, як пустазелле, з саміх дзіцячых душаў.
Аўтар піша не «Валадара мух», вядома ж, але і не глядзіць на дзіцячы свет наіўна-шчырым позіркам. Нуар, паненкі і панове! Нікуды ад яго не падзецца.
Парушае аўтар «Гульняў Цырцэі» і яшчэ адну кананічную рысу беларускага гістарычнага дэтэктыву.
Ад часоў Караткевіча ў творах гэтага жанру Беларуссю і яе гісторыяй прынята ганарыцца. У рэтра-крымінале Дзядзенкі дзейнічае прадстаўнік беларускага нацыянальнага руху, якога так і хочацца назваць Настаўнік-Недарэка. З’яўляецца ён у рамане ў некалькіх эпізодах і вялікай сімпатыі не выклікае. Бачна, што і сам аўтар ставіцца да яго з вялікім скепсісам, бо гэты персанаж па сваім духоўным развіцці мала адрозніваецца ад шэрай масы гараджан, падзяляючы большасць іхных аблудаў і забабонаў. А ягоная беларушчына выглядае хутчэй на дзівацтва і наіўнае летуценне, што нагадвае хіба што аналагічных персанажаў-студэнтаў з «Дзвюх душаў» Максіма Гарэцкага.
Зрэшты, гэтакі змрочны і бязлітасны («нуарны») погляд на беларушчыну выглядае з боку аўтара невялікім какецтвам. Іначай навошта было б пісаць свой раман па-беларуску?
Багдана Касцеша.
Зайздрошчу тым аўтарам, якія свядома абіраюць для сябе нейкае месца для, скажам так, глабальнай яго распрацоўкі. Нехта піша пра Полацк, нехта пра Ліду, ну а Зміцер Дзядзенка – пра Оршу – гэта не першая кніга аўтара, дзе месцам дзеяння абраны гэты горад. Як хадзілі ў нас чуткі – самы бандыцкі горад за савецкім часам, дзе вечарам было рэальна небяспечна выходзіць па хлеб.
Не сказаў бы, што добра сканструяваны анонс, у якім акцэнт робіцца на дзіцячую дзяржаву, бо ад той дзяржавы колькі старонак у кнізе. А вось пра будні ЧК і фарміраванне будучага яе адданага байца – так будзе правільней.
Гэта кніга – добры адпачынак ад літаратуры філасофскай, дакументальнай і ўсякай іншай “сур’ёзнай”. Рэтра-крымінал? Мажліва. Але не забаўляльная. Як рухаючы канфлікт у цэнтры – медзяная жабка, для чытача загадка яе даволі празрыстая. Што праўда, прыкрасці ад тупасці герояў, якія ніяк не могуць здагадацца, што пачым, не ўзнікае, бо ўсё ў свой час…
Як бы сказалі раней, перад намі – палатно грамадскага жыцця адразу пасля рэвалюцыі. Аўтар імкнецца ахапіць ці не ўсе сферы, таму герояў у кнізе дастаткова многа. Але вось аб’ём – замалы для такой задачы. Таму “няма дзе разгарнуцца” – і не ўсе героі атрымаліся дастаткова выразнымі і запамінальнымі. Хоць кароткімі штрыхамі, дыялогамі Дзядзенка раскрывае іх мысленне ў пэўнай меры. Падазраю, што для многіх цяперашніх чытачоў маладзейшага пакалення што-нішто падасца адкрыццём.
З-за малога аб’ёму кнігі (аўтар – гультай, так я вырашыў для сябе) трансфармацыя галоўнага героя, досыць шчырага на першым часе юнака, у “сапраўднага чэкіста” не заўсёды псіхалагічна абумоўлена як след. Мне, прынамсі, не хапіла нейкіх штрыхоў, глыбіні пераўвасаблення. Але фінал спадабаўся, калі можна так сказаць пра расстрэл дэманстрацыі і мэтаскіраванае забойства падчас яго палюбоўніка сваёй былой дзяўчыны. Тут ужо маем “загартаванага байца”…
Увогуле ж, папярэджу, чытанне не абяцае весялосці, хоць што-нішто і выклікае ўсмешку. Кніга настоеная на болю, якога тут поўна. Тут жорсткасць і яе бязмежжа. І бязмежжа ўлады “чалавека з ружжом”. Правільней, з рэвальверам і пасведчаннем чэкіста.
Разам з тым, кніга не прэтэндуе на нейкае адкрыццё – гэта тая літаратура, якая ствараецца аўтарам менавіта для чытання, для адпачынку з кнігай колькі вольных вечароў. (Але ж пішам мы таму, што пішацца, без ніякай пэўнай мэты…). Адпаведна, кожны знойдзе ў ёй сваё. Нехта сюжэт і прыгоды, нехта – цікавосткі з мінулага, нехта ж мо зірне глыбей і пабачыць той міцэлій, з якога пасля прараслі грыбочкі…
Ёсць у кнізе досыць сімвалічны, як для мяне, момант. Пры ўсёй жорсткасці байцоў ЧК, як маладых, так і старэйшых, нечакана бачым іх чалавечае стаўленне да гібелі аднаго хлопчыка і знікнення другога. У нейкі момант нават не верыцца. Але прыходзіць разуменне: з аднаго боку, тут прадыктаваная праграма дзеяння, з другога – гэта апошнія праяўленні гуманізму учарашніх “простых” гараджан, сённяшніх чэкістаў, у якіх не дарэшты сумленне і розум замяніліся на дырэктывы і загады. Але тое яшчэ наперадзе…
Па сённяшнім часе роля беларускай літаратуры заўважна пачала акрэслівацца з двух бакоў. З аднаго, там дзе літаратуру бачаць як агітатара і палітінфарматара, – больш выпукла, бо гавораць уголас. А з другога – ускосна, але не менш настойліва, дзе раяць пісаць на “запатрабаваныя часам” тэмы і іх вітаюць. Ды ж каму як не беларускай літаратуры ведаць, што ўсякае кіраванне ёй прыводзіць да яе ж дэградацыі, прымітывізму, аднабокасці, як і ўсякая кан’юнктура. Не адзін раз выказваў думку, што сапраўдная літаратура павінна быць дзікім лесам, дзе кожнаму дрэўцу – месца, і хай сам цягнецца да сонца. А не вырабленым паркам ці дагледжанымі прысадамі. Таму – больш кніг, розных і ўсякіх. Галоўнае, каб цікавых. І яшчэ каб граматных. Згадаю пра сто разоў пісанае: кожнай кнізе рэдактар патрэбны заўсёды. “Гульні Цырцэі” – не выключэнне, на жаль, бо дзе-нідзе рука цягнецца па аловак.
…Якасць кнігі для мяне вызначаецца “паслясмакам”. Прачытаў тры дні таму, а героі помняцца, помніцца атмасфера, нейкія думкі палошчацца ў свядомасці – кніга атрымалася. Не дарэмна прачытаў.
Яшчэ б хацелася адзначыць адзін момант, які мяне напачатку трохі збянтэжыў, а пасля крануў. Пралог і эпілог. Якія быццам ніяк і не звязаныя з агульным тэкстам. (Ды сувязь ёсць.) Пададзеныя гэтак жыва і натуральна, што запамінаецца і Жорык, і Светка. І іхнія жыццёвыя трагедыі. Што праўда, у кожнага – свая, і свая мерка трагедыйнасці. Зрэшты, як ва ўсіх нас…
В. Г.
І замест пастскрыптума. Цырцэя нікуды не падзелася. І гульні яе працягваюцца па сёння.


