Генетычны алфавіт. Віктар Сазонаў

Генетычны алфавіт. Віктар Сазонаў  Гэта першы раман Віктара Сазонава. Раман унікальны, не мае аналагаў у беларускай літаратуры. З аднаго боку, гэта напісана ў гумарыстычным ключы, але пры гэтым аўтар уздымае вельмі сур’ёзныя праблемы, якія датычаць усяго свету.

Падзеі рамана Віктара Сазонава ахопліваюць значную тэрыторыю. Яны адбываюцца ў Вашынгтоне, Маскве, Лондане, Варшаве, у былой Чэхаславакіі і на далёкім Усходзе. Беларусь жа і геаграфічна, і духоўна займае цэнтральнае месца ў творы. У рамане не абышлося і без персанажа з Гродна. Ёсць нават рэальны эпізод, што адбываўся на адной з вуліц горада. Аўтар кажа, што ў кнізе паказаныя складанасці і раскіданасць лёсаў беларусаў, што адбываюцца не па іх волі. «Трагізм сітуацыі ў тым, што ў пэўны гістарычны адрэзак, звязаны з часовай стратай дзяржаўнасці, іншыя вырашалі за беларусаў, дзе ім быць і чые інтарэсы абараняць. Адсюль і высновы: адраджаць, захоўваць і бараніць сваё. Як сваё каханне, так і сваю зямлю. І тое, і другое непазбежна падвяргаецца нападкам», — рэзюмуе аўтар.

З анатацый.


«Генетычны алфавіт» — гэта незвычайныя лёсы звычайных беларусаў, гісторыя якіх распачынаецца на фоне халоднай вайны паміж Савецкім Саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Звычайная беларуская вёска, якая дваццаць пяць гадоў ад вайны памаленьку зажывае раны і дазваляе людзям цешыцца мірным жыццём і ейнымі правамі, хаця пад камунізмам, але ўжо без штодзённага голаду. І з дзецьмі, для якіх шчасце бачыць толькі ў горадзе.

Тут аднак выпадкова прыйдзецца патрапіць у эпіцэнтр палітычных інтрыг і змагання амерыканскай і савецкай разведак. Закладзеная інтрыга, якая здзяйсняецца на працягу дваццаці пяці гадоў, у поўнай красе паказвае беларускі менталітэт з яго традыцыяй, страхамі, легендамі і надзеямі.

Кніга, якая мае амаль 750 старонак, аздоблена мастацкімі фотаздымкамі Паўла Грэся.

З прэсы.


А і Я. Мая сям’я. Мой радавод. То наш народ. Генетычны алфавіт Чалавек, прырода, свабода. Для беларускай пісьменнасці такі трохкутнік стаў адным з важнейшых, мэтанакіраваных напрамкаў літаратурнага працэсу – у такой самой ступені як для паэтычнага, так і празаічнага ўяўлення.

Але без перажытага ў сабе адчування тых працэсаў не народзіцца і першая, самабытная, духоўная творчасць. На такім узаемапраніканні выбудоўваўся і свет першабытнай народнай міфалогіі, абраднасці, фальклорнай спадчыны, свет, поўны змагання дабра са злом, гераічных змагароў, што выступаюць супраць зямных уладароў. Свет казак, у якім на роўных правах існуюць, размаўляюць, сябруюць і ваююць звяры і людзі. Хатняя і прыродная стыхійнасць разам, або супраць сябе.

Без магічнага і містычнага не можа ісці жыццё сваім зямным ходам. Адвечна счэпленае з сабою без разрыву каханне і нянавісць, дабро і зло, сумнае і вясёлае.

Кругагляд жыцця і смерці. Свет, які стагоддзямі ў натуральнай стыхійнасці з пакалення ў пакаленне перадаваўся ў сялянскую спадчыну, якая чалавечаму роду даставіла столькі кашмарных, зямных выпрабаванняў. Падданства, паншчына, калгасная сістэма, голад, заразы, знішчальныя войны і ўсё найгоршае, што нават от так сабе не прыдумаеш, змушаны былі перажыць нашы продкі, перанесці эканамічны, сацыяльны, грамадскі, нацыянальны прыгнёт. Менавіта тая частка мінуўшчыны была прааналізавана і апісана ўжо гісторыкамі, сацыёлагамі, эканамістамі на аснове дакументаў, геапалітычных канфліктаў, мемуарных запісаў, вусных успамінаў.

Ад такога багажу дасведчанасці проста траўмаванасць чалавека як адзінкі і як часткі грамадскай супольнасці гарантавана, так як закон і запавет для бяздзейнасці і зняверлівасці ў асабістую і нацыянальную перамогу. Але на шчасце ў чалавечым і грамадскім жыцці не ўсё да канца ёсць прысуджанае на канчатковае знішчэнне. Назапашаная тысячагоддзямі чалавечая і прыродная прага да асабістага шчасця і свабоды кладзецца назаўсёды ўжо не толькі ў прызабыты фальклорны пераказ, але на векі вечныя пакладзена ў яго генетычны код – універсальны імунітэт не толькі біялагічны нашага роду, але і нацыянальны любога народа, праяўлены ў неспадзяваны час кожнаму з нас, каталізатарам успышкі якога можа стаць нават адно не забытае ці згаданае слова на роднай мове.

Такія вось думкі кладуцца мне на паперу ад прапанаванага Шаноўным Чытачам рамана Віктара Сазонава “Генетычны алфавіт”…

Яўген Вапа.


Сапраўднае каханне стварае гармонію, яно праходзіць праз усе жыццёвыя выпрабаванні і з цягам часу дапаўняецца новымі шляхетнымі пачуццямі, такімі як любоў да дзяцей, да бацькоў, да свайго роду, народу, радзімы. Вось тут і раскрываецца генетычны код нацыі, прычым не толькі біялагічны, але найперш духоўны. Ён утрымліваецца і ў нашай мове, у нашым фальклоры. А вось людзі, не здольныя на вялікае каханне, заўсёды супрацьстаяць закаханым. На маю думку, усе праявы зла ў цэлым свеце — гэта нападкі на праявы кахання і любові. Бо любоў ёсць дабро. А самая галоўная і спрадвечная бітва — гэта барацьба дабра і зла. У рамане ёсць і абсурдныя на першы погляд малюнкі рэчаіснасці, паказаныя праз прызму гумару.

Аўтар пра свой раман.

 

Пакінуць адказ