Кніга прыемная, але хацелася б пачаць водгук с просьбы. Спадарыня Маргарыта, калі ласка, пішыце аповесці ад асобы аднаго з персанажаў. У вас гэта выдатна атрымліваецца. “Вершнікі на дарозе” – цудоўны, сакавіты твор з бліскучым эфектам пагружэння, і ў ім няма праблемы, якая вельмі замінае пры чытанні іншых аповесцяў, асабліва “Першай песні” – непралазнага шматслоўя. Мова “Вершнікаў” зручная, жывая і лёгкая для ўспрыняцця, а ў “Песні” бясконца спатыкаешся аб усё новыя сказы, а вастрыня ўспрыняцця моцна прытупляецца. У “Вершніках” аповед вёў не-чалавек, а ў “Песні” можна было б раскрыць сусвет вачыма Алелькі. Напрыклад:
“І – хочаце верце, хочаце не, – бачу я: сядзіць перада мной чалавек. Сам зусім малады, можа гадоў на пару за мяне старэйшы, але глядзіць зусім як дарослы, а можа і як стары. З роду такога не бачыў. Апрануты раскошна, дзівосна, а ў руках у яго нейкая штука са струнамі. Ні разу я пра такія штукі не чуў, адно здагадаўся: на ёй трэба граць, як на гуслях. Карацей, нейкая музычная штука…”
Аповесць “Над Вугерай дождж” цудоўна гучала б ужо ад асобы Йурая. Мімаволі прыгадваюцца пісьменнікі Умберта Эка і Кен Кізі: яны самі адчулі, наколькі жывейшым робіцца твор, калі аўтар аддае права голасу аднаму з персанажаў. Уявіце “Востраў скарбаў” Стывенсана не ад асобы Джыма. Або “Над прорвай у жыце”, якое расказваў бы не сам Холдэн Колфілд, а ўсяведны голас аўтара. Гэта былі б зусім іншыя кнігі, і, магчыма, ні адна з іх не стала б класікай.
“Вугерскі цыкл” Маргатыры Латышкевіч я магу без перабольшвання назваць самым прадуманным сетынгам у беларускім фэнтэзі. Напрыклад, “Пасланцы Цмока” Марыі Шабанец – добрая аповесць, і ўсё ж сусвет не настолькі развіты: аўтарка расказвае нам толькі тое, што неабходна для сюжэта, і не болей. Вугера – атмасферны, чарадзейны, у меру змрочны, і ўсё ж незвычайна прывабны сусвет, у якім хочацца пабыць.
Праўда, на маю думку, міфічныя вобразы “Кнігі песень” усё ж недастаткова адаптаваныя да беларускай культуры. Йурая можна было б узброіць не лютняй, а жалейкай. Таксама мілагучная “штука”, але ўжо з родным каларытам. Акрамя таго, беларускі святы Юр’я – пастух, і драўляная жалейка была б яму “да твару”. А курганы, у якіх жылі не-людзі, можна замяніць на Шкляныя Горы. Бо “эльфавых пагоркаў”, як у Англіі або Ірландыі, у нашай міфалогіі не было. А вось Шкляныя горы ёсць у аднаіменнай казцы, і ў іх жыве… Кашч Неўміручы. Словам, для “Вершнікаў на дарозе” яны пасавалі б ідэальна. А замест верасовых пустэчай добра выглядалі б на лугі, дзе растуць адуванчыкі і васількі. Таксама прыгожа.
Але ў цэлым кніга парадвала. Хочацца яшчэ пачытаць штосьці такое. Толькі, спадарыня Маргарыта, калі ласка, пішыце ад першай асобы! Не прагадаеце! Хто-небудзь, калі ласка, данясіце да пісьменніцы гэты водгук)
Вёлунд.

